- Пра арышт намесьніка старшыні Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. 1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
- Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.
- Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ. На пачатку сьнежня 2019 КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня. Стала вядома, што Ўцюрына вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў; акрамя яго, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек.
Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны
- Судовы працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску і, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачаных, праходзіць у адкрытым рэжыме.
- На лаве падсудных 8 прадстаўнікоў дзяржаўных структур і 8 бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
- Агульная сума атрыманага чыноўнікамі хабару складае 1 мільён 650 тысяч даляраў.
- У чым вінавацяць. «Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам“, набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».