У Беларусі паводле стану на раніцу 7 сакавіка новыя выпадкі заражэньня каранавірусам ня выяўленыя. Пра гэта парталу TUT. BY паведаміў першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.
Шэсьць пацыентаў, у якіх былі станоўчыя тэсты на каранавірус, знаходзяцца ў інфэкцыйнай лякарні ў здавальняючым стане.
На 5 сакавіка пад мэдычным наглядам знаходзіліся 1322 чалавекі, якія прыбылі з эпідэміялягічна неспрыяльных краінаў. У гэты ж пэрыяд 1135 чалавек былі зьняты з назіраньня ў сувязі з тым, што ў іх няма клінічных прыкмет хваробы, а інкубацыйны пэрыяд ужо прайшоў.
На цяперашні час у Беларусі тых, хто прыбывае з Кітаю, Паўднёвай Карэі, Ірану ці Італіі, бяруць пад мэдычны нагляд цягам 14 дзён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ