Цэнтрабанк Паўднёвай Карэі абвясьціў аб дадатковых мерах барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруса, паведамляе Reuters. У прыватнасьці, банкноты будуць вынятыя з абароту на два тыдні, а ў некаторых выпадках — спальвацца.
«Усе наяўныя грошы, якія паступаюць у Цэнтрабанк, будуць зьмяшчацца ў сэйф на два тыдні, паколькі вірус, як правіла, памірае за дзевяць дзён», — заявіў прадстаўнік Банка Карэі. У якіх выпадках купюры будуць спальваць, прадстаўнік ЦБ не ўдакладніў.
Акрамя таго, канфіскаваныя з абароту купюры будуць падвяргаць высокатэмпэратурнай апрацоўцы (Reuters называе гэтую працэдуру «адмываньнем»). У Цэнтрабанку адзначаюць, што рабілі так і да ўспышкі каранавіруса. У ходзе гэтай працэдуры банкноты награваюць да 150 градусаў па Цэльсіі на тры сэкунды, а затым захоўваюць пры тэмпэратуры 42 градуса, такім чынам дэзынфікуючы іх.
Паводле дадзеных на 6 сакавіка, у Паўднёвай Карэі было зафіксавана больш за 6200 выпадкаў захворваньня COVID-19. У сьвеце колькасьць хворых каранавіруснай інфэкцыяй наблізілася да 98 тысячаў чалавек.