Купал на ўязную браму горадзенскага Старога замку паднялі 4 сакавіка.
У вышыню ён сягае 8 мэтраў. Драўляны каркас купалу абшыты медзьдзю і пакрыты слоем волава. З часам мэтал мусіць пацямнець. Пазьней на яго ўсталююць сьпічак. Форма купалу цягам працэсу рэканструкцыі выклікала спрэчкі і абмеркаваньні. Разгляданыя варыянты былі падобныя да «гарбуза», «цыбуліны», «мячыка»; нейкі — круглейшы, іншы больш пляскаты. Такія азначэньні гучалі падчас дыскусіяў.
Цяперашнюю форму стварылі ў выніку абʼяднаньня варыянту навуковага кіраўніка Старога замку Ўладзімера Бачкова і польскага навукоўца з Уроцлава Зыгмунта Луневіча, які займаецца купаламі і пісаў доктарскую працу пра іх.
Цяпер заканчваецца першая чарга рэканструкцыі Старога замку ў Горадні. Неўзабаве пачнецца другая — аднаўленьне каралеўскага палацу.