Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бараніць сябе буду сам». За што судзяць экс-старшыню Менскага раённага суду Хаванскага


Аляксандар Хаванскі ў судзе
Аляксандар Хаванскі ў судзе

У Вярхоўным судзе пачаўся працэс над былым старшынём Менскага раённага суду Аляксандрам Хаванскім. Гісторыя цягнецца яшчэ з 2016 году. Справу камэнтаваў Аляксандар Лукашэнка.

Фіктыўны супрацоўнік суду?

Аляксандра Хаванскага вінавацяць у крадзяжы з выкарыстаньнем службовага становішча (гэта 4-я частка 210-га артыкулу КК) і ў злоўжываньні ўладай (3-я частка 424-га артыкулу). Былому старшыні Менскага раённага суду пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. На сёньняшнім паседжаньні суд выслухаў хадайніцтвы падсуднага і вынес аб іх рашэньні, але да зачытваньня абвінавачаньня справа гэтак і не дайшла. Выступаць з абвінавачаньнем пракурор Юрый Шарсьнёў пачне 10 сакавіка.

Пракурор у судзе
Пракурор у судзе

Што вядома пра справу з хадайніцтваў самога Хаванскага

У жніўні 2016 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызваліў Хаванскага ад пасады ў сувязі з учынкам, «не сумяшчальным са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе». Але затрымалі Хаванскага толькі праз год, у чэрвені 2017 году, і да сакавіка 2019-га трымалі пад вартай.

25 лютага 2019 году на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам кіраўнік дзяржавы паведаміў, што мае інфармацыю пра павялічэньне фактаў супрацьпраўнай дзейнасьці з боку судзьдзяў.

«Я разумею, што ў сям’і не без урода, розныя людзі бываюць. Але калі атрымліваеш інфармацыю аб супрацьпраўнай дзейнасьці саміх судзьдзяў, гэта нікуды ня варта», — заявіў Лукашэнка.

У лютым сёлета намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч паведаміў журналістам, што справа Хаванскага знаходзіцца ў Вярхоўным судзе і неўзабаве пачнецца працэс.

Аляксандар Хаванскі ў судзе хаваўся ад журналістаў
Аляксандар Хаванскі ў судзе хаваўся ад журналістаў

Ці прызнае Хаванскі віну?

Аляксандар Хаванскі быў затрыманы ў чэрвені 2017 году і прабыў пад вартай да сакавіка 2019 году. Паводле яго, амаль 3 гады ішлі праверка і расьсьледаваньне ягонай справы. Цяпер ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Паводле зьвестак, якія прагучалі ад Хаванскага, яго вінавацяць у тым, што як старшыня суду ён нібыта аформіў на працу фіктыўнага супрацоўніка і гэтым нанёс страты дзяржаве. На якую суму, пакуль не абнародавана.

Як ставіцца Хаванскі да абвінавачаньня, ці прызнае віну цалкам, часткова або ўвогуле не прызнае, таксама невядома. Але на першым паседжаньні падсудны заявіў, што яго нібыта агаварылі і назваў прозьвішча гэтага чалавека. Зь ягоных словаў зразумела, што гэта жанчына, якая праходзіць ў справе сьведкай.

«На вочнай стаўцы Д. прызнала, што агаварыла мяне», — згадаў Хаванскі. Шмат прэтэнзій падсудны выказаў у адрас сьледчых. Хаванскі лічыць, што яны не накіравалі на дасьледаваньне экспэртаў подпісы, якія нібыта падрабіла сьведка Д., ды нарабілі іншых памылак і парушэньняў.

«Сьледчы „замінаў“ адны доказы і выпінаў іншыя», — заявіў суду Аляксандар Хаванскі.

Таксама падсудны запрасіў суд вывучыць ягоную аналітычную запіску, складзеную яшчэ ў 2015 годзе. У гэтай запісцы старшыня Менскага раённага суду, па яго словах, даводзіў, што на падначаленых яму судзьдзяў выпадае завялікая нагрузка.

Частку хадайніцтваў Хаванскага суд задаволіў.

«Буду бараніць сябе сам»

Карэспандэнту Свабоды Аляксандр Хаванскі адмовіўся сказаць, як ставіцца да абвінавачаньня. Але падчас ягонага выступу ў судзе было зразумела, што ён рашуча намераны абараняцца, прычым будзе гэта рабіць сам. Паводле агучанай ім жа інфармацыі, гэта не звязана зь нястачай грошай. Хаванскі паведаміў суду, што зьбіраўся ўзяць за адваката жонку, але сьледчыя нібыта зрабілі ўсё, каб гэтага не дапусьціць.

«Таму мне нічога не застаецца, як бараніць сябе самому», — сказаў Аляксандар Хаванскі.

У судзе абвешчаны перапынак да 10 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG