«Калі б вы цяпер трапілі ў Кітай, вы б селі на падлогу і заплакалі». Беларус апавядае пра свой карантын у Пэкіне
Берасьцеец Павал ужо два гады жыве ў Кітаі. Некалькі дзён таму ён прыляцеў у Пэкін з падарожжа, каб вярнуцца да працы. Яго адразу ж зьмясьцілі ў 14-дзённы карантын. І ён кажа, што рады гэтаму, і хваліць кітайцаў за хуткасьць і арганізаванасьць.
Пра ўсё, што адбываецца вакол, Павал апавядае і здымае відэа ў сваім інстаграме. Ён падзяліўся ўражаньнямі з Радыё Свабода.
На Магілёўшчыне 53-гадовы мужчына памёр ад пнэўманіі. Упраўленьне здароўя: каранавірус ні пры чым
18 сакавіка зь Нямеччыны пасьля 10-дзённага побыту там прыехаў жыхар абласнога цэнтру, які праз 3 дні памёр у інфэцыйнай лякарні. У Магілёўскім аблвыканкаме запэўніваюць, што прычына сьмерці — не каранавірус, 53-гадовага мужчыну даставілі ў лякарню 20 сакавіка з арытміяй і прыкметамі ўскладненага дыханьня. Двойчы бралі мазкі на COVID-19, якія далі адмоўны вынік. Цалкам чытайце тут >>
«Вы не адны». Зьявілася онлайн-мапа беларусаў, якія добрааахвотна самаізаляваліся падчас пандэміі
Магілёўцы Сяргей Пехцераў і Антон Турко зрабілі онлайн-мапу ў падтрымку беларусаў, якія самаізаляваліся падчас пандэміі каранавірусу. Каб паказаць людзям, якія сьвядома застаюцца дома, што яны не адны, а тым, «у каго ёсьць магчымасьць пайсьці на карантын, але яны не сьпяшаюцца, бо ня бачаць пагрозы», — штосамаізаляцыя магчымая.
Адзначыцца на мапе ядома.бел можна праз телеграм-бот.
«На карантын патрэбны грошы, а іх на людзей шкада». Што гавораць бацькі, калі вядуць малых у школу
Вырашылі праверыць, ці ахвотна бацькі адпраўляюць дзяцей у школы, дзе так і не ўвялі карантын.
Рэпартаж з уваходу ў менскую СШ № 199 у мікрараёне Сухарава, якая знаходзіцца на адлегласьці 300 мэтраў ад школы, дзе днямі з падазрэньнем на каранавірус быў шпіталізаваны вучань 6-й клясы, чытайце па спасылцы >>
Горадзенца злавілі на спробе незаконна перапрадаць сотні мэдычных масак
29-гадовы жыхар Горадні спрабаваў «наладзіць бізнэс» на перапродажы мэдычных масак, пальчатак і дэзынфэкцыйных сродкаў, піша БелТА. Мужчына купляў іх у аптэках, пасьля знаходзіў пакупнікоў у інтэрнэце, выставіўшы значна завышаныя цэны.
Мужчыну затрымалі пра спробе прадаць 200 масак і некалькі каробак пальчатак і дэзынфэкцыйных сродакаў. Агулам у яго канфіскавалі тавару на больш як 800 рублёў (паводле легальных цэнаў): 830 масак, 1500 параў пальчатак, а таксама дызынфэкцыйныя сродкі. За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць яму пагражае штраф да 100 базавых велічыняў — 2700 рублёў.
У Аўстраліі пасьля вяртаньня круізнага карабля моцна вырасла колькасьць заражэньняў каранавірусам
Аўстралія зарэгістравала скачок выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, зьвязаны з пасажырамі, якія высадзіліся з круізнага карабля ў Сіднэі на мінулым тыдні.
Агенцтва Reuters паведамляе, што круізны карабель Ruby Princess стаў найбуйнейшай у краіне крыніцай каранавіруснай інфэкцыі. Адзін зь яго пасажыраў стаў восьмай сьмяротнай ахвярай COVID-19.
У Расеі за дзень зафіксавалі 57 новых выпадкаў COVID-19
Як перадае РИА Новости, за мінулы дзень у Расеі зафіксавалі на 14 выпадкаў менш, чым два дні таму — 57 новых выпадкаў COVID-19. Агулам цяпер у Расеі вядома пра 495 выпадкаў. Выпісалі здаровымі 22 пацыентаў, зь іх 5 за мінулы дзень.
З новых выпадкаў 28 зафіксавалі ў Маскве, 5 у Санкт-Пецярбурзе, па 4 у Варонескай і Сьвярдлоўскай абласьцях. Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў на нарадзе з Уладзімірам Пуціным, што «рэальнай карціны распаўсюду каранавірусу па рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі няма». Але Сабянін спадзяецца, што «пік каранавірусу атрымаецца згладзіць».
У Расеі па-ранейшаму зафіксавана каля 3 выпадкаў COVID-19 на 1 млн чалавек. У Беларусі ж каля 9 выпадкаў на мільён (зьвесткі за 23 сакавіка).
Алімпіяду ў Токіё перанясуць на наступны год
Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ абвясьціў, што зробіць такую прапанову ў размове з прэзыдэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту Томасам Бахам, паведамляе The Guardian.
Паводле японскага прэм'ера, перанос Алмпіяды непазьбежны, бо яе немагчыма паўнавартасна правесьці ў часе пандэмі каранавірусу. Афіцыйнае рашэньне пра перанос мае быць прынятае цягам наступных чатырох тыдняў.
Лукашэнку рыхтуюць прапановы ў падтрымцы бізнэсу і прадпрыемстваў у сувязі з каранавірусам
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас расказаў, што 24 сакавіка ўрад зьбіраецца на першую нараду, дзе будуць абмяркоўваць захады ў падтрымцы прадпрыемстваў і бізнэсу, каб ім «дапамагчы лепей прайсьці гэты складаны пэрыяд», піша БелТА.
31 сакавіка плянуюць сфармаваць канчатковыя прапановы, якія перададуць Аляксандру Лукашэнку. У ліку прапановаў, якія цяпер абмяркоўваюць, «падатковыя вакацыі» і падтрымка індывідуальных прадпрымальнікаў. Канчатковыя прапановы маюць сфармаваць.
Гішпанія паведаміла пра 6584 новыя выпадкі каранавірусу за ноч, больш за 500 чалавек памерлі
Колькасьць новых выпадкаў каранавірусу ў Гішпаніі вырасла 24 сакавіка да 39 673 з 33 089 выпадкаў, зарэгістраваных на дзень раней, паведамляе Reuters, спасылаючыся на міністра аховы здароўя краіны.
Колькасць памерлых ад інфэкцыі ў Гішпаніі за ноч вырасла да 2696 з 2182.
Газэта El Pais напісала 24 сакавіка, што каранавірус у Гішпаніі распаўсюджваецца хутчэй і шырэй, чым у Італіі. Яна адзначыла, што ў адрозьненьне ад Італіі, дзе 80 адсоткаў сьмерцяў зарэгістравана ў трох рэгіёнах, у Гішпаніі інфэкцыя COVID-19 актыўна распаўсюджваецца па рэгіёнах, у якіх яна раней ня фіксавалася.
Кінатэатры Берасьця зьмянілі графік працы
Два берасьцейскія кінатэатры часова зьмянілі графік працы, піша БелТА са спасылкай на генэральнага дырэктара КУП «Брэстаблкінавідэапракат» Дзьмітрыя Селюка.
Прычына: прандэмія каранавірусу, зьявязаны з гэтым перанос сусьветных прэмʼераў фільмаў і зьмяншэньне глядацкага попыту.
Кінатэатар «Мір» у працоўныя дні часова ня будзе прымаць наведвальнікаў. У выходныя ён будзе працаваць у звычайным рэжыме ад 10:00 да 24:00. У працоўныя дні гледачоў запрашаюць у большы па плошчы кінатэатар «Беларусь». У працўныя дні там скарацілі колькасьць вечаровых сеансаў з трох да шасьці.
Паводле Селюка, у памяканьнях кінатэатру увесь час праводзяць дэзінфекцыю, залі паміж сеансамі праветрываюцца. Касіры раюць гледачам сядаць на адлгласьці ня менш 1,5 мэтра адзін ад аднаго.
Польшча ўвяла жорсткі карантын. Штраф за парушэньне — $1200
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і міністар аховы здароўя Лукаш Шумоўскі заявілі, што ў краіне ўводзяцца жорсткія абмежаваньні на перамяшчэньне па-за домам, паведамляе партал onet.pl.
Ад сёньняшняга дня пакідаць дом дазваляецца толькі ў абсалютна неабходных
сытуацыях. Зьяўляцца на вуліцах у групах больш чым дзьве асобы — забараняецца. Выключэньне зробленае толькі для сем’яў.
Масавыя імпрэзы і мерапрыемствы забараняюцца. На імшы ў касьцёле ня можа знаходзіцца больш за 5 чалавек.
За неабгрунтаванае парушэньне гэтых правілаў пагражае штраф у пмеры 5000 злотых (амаль 1200 даляраў). Новыя меры ўводзяцца да 11 красавіка.
Паводле прэм’ера Маравецкага, урад імкнецца да таго, каб пасьля Вялікадня грамадзяне маглі вярнуцца на працу. Ён дадаў, што прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы, якія заплянаваныя на 10 траўня, адбудуцца бязь зьменаў.
Літва ўводзіць абавязковы двухтыднёвы карантын пры ўезьдзе ў краіну
Ад 24 сакавіка ўведзены абавязковы двухтыднёвы карантын пры ўезьдзе у Літву, піша Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца дадому па транзытнаму калідору праз Літву просяць максымальна апэратыўна зьвязацца з амбасадай Беларусі ў Літве па кругласуткавым тэлефонам +37052662211; +37060016244.
Паводле беларускіх дыпляматаў, замежнікам можна заставацца ў Літве да сканчэньня карантыну, калі ў яго час скончыўся тэрмін законнага знаходжаньня ў Літве. У дачыненьні такіх грамадзян ня будзе прымацца рашэньне аб вяртаньні і меры адміністрацыйнай адказнасьці.
Індыя ўвяла агульнанацыянальны «локдаўн»
Прэм'ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі абвясьціў «локдаўн» на усёй тэрыторыі краіны. Ён уступае ў сілу сёньня апоўначы і мае працягнуцца тры тыдні. Людзям абмяжуць выхад з жытла і забароняць пераезды паміж населенымі пунктамі.
Дасьледчыкі кажуць, што калі не прымаць жорсткіх захадаў, да сярэдзіны траўня ў Індыі на COVID-19 могуць захварэць больш за мільён чалавек. Раней Індыя спыніла міжнародныя авіяпералёты, а сёньня ўначы маюць спыніцца і авіярэйсы ўнутры краіны.
Ілан Маск падарыў Каліфорніі больш за 1200 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх
Заснавальнік кампаній SpaceX і Tesla купіў і бясплатна перадаў Каліфорніі 1255 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пра гэта Маск паведаміў у твітары. Па словах Маска, апараты набытыя ў Кітаі. Губэрнатар штату Гэвін Ньюс назваў дзеяньні прадпрымальніка гераічнымі.
Раней Маск пісаў, што паніка праз каранавірус — «дурная», і некалькі дзён не падпарадкоўваўся патрабаваньням уладаў прыпыніць працу фабрыкі Tesla, але ў выніку пагадзіўся.
ЗША займае трэцяе месца па колькасьці заражаных COVID-19 — у краіне больш за 46 тысяч хворых на каранавірусную інфэкцыю.
«Ён не ўспрымае адэкватна сытуацыю ў краіне». Псыхіятар, які ставіў дыягназ Лукашэнку, зьвярнуўся да ўрадоўцаў Беларусі
Псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, які ў 2001 годзе паводле сваіх нефармальных назіраньняў паставіў дыягназ «мазаічная псыхапатыя» Аляксандру Лукашэнку, зьвярнуўся да беларускіх урадоўцаў у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Паводле Шчыгельскага, кіраўнік Беларусі не ацэньвае адэкватна сытуацыю ў Беларусі і небясьпеку, зьвязаную з пашырэньнем вірусу.
Расейскія авіякампаніі адправяць чартэрныя рэйсы па беларусаў у Гоа і Дэлі
Яшчэ каля тысячы беларусаў мусяць вярнуцца на радзіму з больш чым 70 краін, піша Міністэрства замежных спраў Беларусі. Расея заверыла беларускіх дыпляматаў, што расейскія авіякампаніі 24 і 25 сакавіка адправяць чартэрныя рэйсы па беларусаў у Гоа і Дэлі, каб даставіць іх у Маскву.
Праз адмену шэрагам краін міжнароднага авіязлучэньня павялічылася колькасьць зваротаў беларусаў, якія знаходзяцца ў Інданэзіі, Гішпаніі, Новай Зэляндыі, ЗША і на Сэйшэльскіх выспах.
COVID-19: гішпанскія салдаты знаходзяць мёртвых у дамах састарэлых
- Ужо больш за 2500 чалавек у Гішпаніі сталі ахвярамі каранавірусу. Вайскоўцы Брыгады надзвычайных сытуацый гішпанскага войска, накіраваныя на барацьбу з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі, выявілі ў дамах састарэлых у розных правінцыях краіны, куды яны прыйшлі праводзіць дэзынфэкцыю, сотні пажылых пацыентаў, цалкам кінутых, а часам ужо і мёртвых.
- Пэрсанал установаў, які павінен даглядаць за пажылымі людзьмі, нярэдка ўцякае, кінуўшы іх паміраць без догляду. Часам целы памерлых пакідалі наўпрост у ложках, калі санітары лічылі, што гэтыя людзі маглі памерці ад COVID-19, і баяліся перанесьці іх хоць бы ў морг. Генэральная пракуратура Гішпаніі ўжо распачала ў сувязі з гэтымі фактамі крымінальную справу. У Гішпаніі амаль 19 адсоткаў насельніцтва — людзі старэйшыя за 65 гадоў.
Міністэрства здароўя адкрыла рахункі для дапамогі барацьбе з каранавірусам
Міністэрства здароўя 24 сакавіка адкрыла дабрачынныя рахункі для дапамогі выяўленьню і лячэньню каранавірусу ў краіне.
Дабрачынны рахунак у беларускіх рублях: BY29AKBB36429000000800000000.
Дабрачынны рахунак у эўра: BY93AKBB36429000003150000000.
«Вялікая сямёрка» абяцае дапамагчы сусьветнай эканоміцы ва ўмовах пандэміі
Міністры фінансаў і кіраўнікі Цэнтральных банкаў краінаў «Вялікай сямёркі» паабяцалі пашырыць падатковыя і фінансавыя захады падтрымкі эканомікі, саслабленай праз пандэмію каранавірусу. Гаворка ідзе пра дапамогу з працаўладкаваньнем, з працай у хатніх умовах, падтрымцы так званых уразьлівых групаў насельніцтва, а таксама аб пашырэньні доступу да дапамогі па догляду за дзецьмі і па беспрацоўі.
Сярод іншых пазначаных G7 захадаў — адтэрміноўкі падатковых плацяжоў, перанос тэрмінаў пагашэньня пазык, гранты для пацярпелых кампаній, перш за ўсё, з сфэры малога і сярэдняга бізнэсу.