Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:26 23.3.2020

«Альбо распушчу пэрсанал, альбо закрыюся». Як выжывае прыдарожная кавярня пад Браславам пасьля закрыцьця межаў

Юлія Абразей тры гады трымае прыдарожную кавярню ў памежнай зоне пад Браславам. Летам прыбытак забясьпечваюць турысты, зімой — грамадзяне суседніх краін, якія прыяжджаюць у Браслаў на закупы. Ад закрыцьця межаў жанчына страціла большую частку кліентаў у міжсэзоньне. Яе бізнэс пад пагрозай.

Што адбываецца ў «Кавярні» на скрыжаваньні дарог Р27 і Р3 за 11 кілямэтраў ад беларуска-латвійскай мяжы і што яе ўладальніца плянуе рабіць далей, чытайце тут.

14:38 23.3.2020

Протаіерэй Расейскай праваслаўнай царквы прыйшоў на пропаведзь у процігазе

Протаіерэй Расейскай праваслаўнай царквы Андрэй Ткачоў прыйшоў на пропаведзь у процігазе, парадзіруючы тых, хто ходзіць у масках праз эпідэмію каранавірусу. Нягледзячы на сьмех сярод прыхаджанаў, сьвятар перахрысьціўся і пачаў чытаць малітву.

Пазьней ён зьняў процігаз і назваў «паскудзтвам» тэлебачаньне і СМІ, якія распаўсюджваюць інфармацыю аб каранавірусе. «Каб вы так ржалі над гэтымі д’ябальскімі гадасьцямі ўсё жыцьцё», — сказаў Ткачоў.

14:49 23.3.2020

Часопіс «Имена» стварыў тэлеграм-канал для дапамогі падчас каранавірусу

Часопіс «Имена» стварыў тэлеграм-канал @Covid19.imena, празь які беларусы могуць спытаць ці аказаць дапамогу падчас пандэміі каранавірусу.

Паводле заснавальніцы часопісу Кацярыны Сінюк тэлеграм-канал стварылі, каб спалучыць тых, каму трэба дапамога (некамэрцыйныя фонды, лекары, сацыяльныя службы) і тых, хто хоча дапамагаць.

«Яны пакідаюць свае кантакты, вы — можаце зьвязацца і прапанаваць сваю дапамогу», — пазначана ў апісаньні праекту.

15:16 23.3.2020

У райцэнтры на Гомельшчыне выявілі каранавірус. Хворая не была за мяжой

У 16-тысячным раённым цэнтры Жыткавічы Гомельскай вобласьці выявілі жанчыну, у якой пацьвердзілася захворваньне COVID-19. Пра гэта на брыфінгу ў Менску паведаміла намесьнік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Чыноўніца сказала, што каранавірус у пацыенткі з Гомельскай вобласьці выявілі 22 сакавіка. Яна ня мае патрэбы ў інтэнсыўнай мэдычнай дапамозе, «была дастаўлена на абласны узровень», «у раёне праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы».

Як стала вядома Свабодзе, жанчыне 58 гадоў, яна жыве ў Жыткавічах, працуе на адным з прадпрыемстваў начальнікам аддзелу кадраў.

На прадпрыемстве Свабодзе паведамілі, што на вытворчасьці ўжо тры дні праводзіцца санітарная апрацоўка, з панядзелка лекары вымяраюць тэмпэратуру супрацоўнікам.

Жанчына ўжо тыдзень была на бальнічным, у яе дыягнаставалі запаленьне лёгкіх, затым 22 сакавіка выявілі каранавірусную інфэкцыю і тады ўжо перавялі ў Гомельскі абласны сухотны шпіталь.

Па словах працадаўцы, жанчына не выязджала за мяжу апошнім часам.

15:31 23.3.2020

Больш за мільярд чалавек па ўсім сьвеце атрымалі ўказаньні заставацца дома

Больш за мільярд чалавек у 50 зь лішнім краінах і тэрыторыях атрымалі просьбу заставацца дома, у той час як улады розных краін спрабуюць справіцца з глябальнай пандэміяй каранавіруса. Такія вынікі падліку, праведзенага AFP.

Каб спыніць распаўсюд вірусу, некаторыя краіны ўвялі абавязковую для выкананьня забарону на выхад з хаты, у той час як іншыя абмежаваліся рэкамэндацыямі.

Сярод іх Францыя, Італія, Аргентына, амэрыканскі штат Каліфорнія, Ірак і Руанда. Апошняй краінай, якая ўстанавіла абавязковыя патрабаваньні знаходзіцца дома, стала Грэцыя. Новыя правілы ўступілі ў сілу ў панядзелак раніцай.

Чытаць падрабязна >>

15:36 23.3.2020

Перанесьлі агульнанацыянальныя алімпіяды школьнікаў

Заключны этап алімпіядаў для школьнікаў у розных навучальных дысцыплінах перанесьлі «на пазьнейшы час», піша тэлеграм-канал Міністэрства адукацыі Беларусі. Калі менавіта пройдуць алімпіяды, не ўдакладняецца.

Чаму алімпіяды перанесьлі?

Алімпіяды — даволі масавае мерапрыемства, у якім па кожнаму прадмету удзельнічаюць дзясяткі вучняў 9-11 клясаў. Таму алімпіяды вырашылі пакуль не праводзіць, удакладнілі Tut.by у прэс-службе Мінадукацыі.

Раней Міністэрства раіла адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў і заяўляла аб ым, што абмяжуюць правядзеньня навуковых і культурна-масавых мерапрыемстваў.

16:16 23.3.2020

Беларус пра Іркуцк: У крамах — хапун, масак няма, тэст здаць немагчыма

На ўмовах ананімнасьці беларус, які стала жыве ў Іркуцку, распавёў Радыё Свабода пра сытуацыю ў гэтым расейскім горадзе.

«У Іркуцку і вобласьці на вуліцу выходзіць можна, але зачыненыя тэатры і кінатэатры. Школьнікі адпраўленыя на доўгатэрміновыя канікулы. У ВНУ лекцыі праходзяць па відэасувязі. Афіцыйна пра наяўнасьць хворых на каранавірус не абвешчана, але мы


думаем, што ён у нас ёсьць, толькі ўлады замоўчваюць.

Тэст на вірус здаць немагчыма, нават за грошы, бо дадзена каманда браць толькі ў цяжкахворых. А калі ты кашляеш ды пры гэтым ходзіш на нагах, дык і хадзі сабе.

Ад дактароў вядома, што ў рэгіёне праблема з апаратамі вэнтыляцыі лёгкіх. Тыя, якія ёсьць, старыя, і існуе небясьпека, што ў выпадку рэзкага павелічэньня хворых яны ня вытрымаюць і іх увогуле можа не хапіць.

Людзі ходзяць бяз масак, бо іх няма ў прынцыпе. У крамах хапун, людзі скупляюць усё. Паліцы пустыя».

16:18 23.3.2020

Міжнародны фэстываль тэатраў лялек у Менску перанесьлі на 2021 год

Міжнародны фэстываль тэатраў лялек, які мусіў прйсьці ў Менску у траўні 2020 году, перанесьлі на 2021 год у сувязі з увядзеньнем у Эўропе мераў па недапушчэньні распаўсюджваньня каранавірусу, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

На фэстываль у Менск павінны былі прыехаць калектывы з Італіі, Ізраіля, Нямеччыны, Грэцыі, Літвы, Украіны, Расеі, а таксама ўсіх дзяржаўных тэатраў лялек Беларусі. Ён праводзіцца з 1990 году, пачынаючы з 2008 году — раз у два гады.

16:29 23.3.2020

Грузавікі да 3,5 тоны і без тахографа змогуць уехаць у Польшчу толькі пасьля 14-дзённага карантыну

Кіроўцы малатанажнага транспарту зь беларускімі нумарамі змогуць уехаць у Польшчу толькі пры ўмове знаходжаньня ў 14-дзённым карантыне, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.

У выпадку адмовы аўтамабілі будуць вяртацца на сумежную тэрыторыю.

Паводле Мытнага камітэту Беларусі, цягам начной змены 22–23 сакавіка з сумежных польскіх пунктаў пропуску «Кузьніца» («Брузгі») і «Баброўнікі» («Бераставіца») на тэрыторыю Беларусі вярнуліся 10 такіх транспартных сродкаў.

16:59 23.3.2020

Алімпіяда ў Японіі можа адбыцца ў іншы тэрмін

Прэм’ер-міністар Японіі Сіндза Абэ заявіў, што летнія Алімпійскія гульні 2020 года Токіё, магчыма, давядзецца адкласьці, калі спаборніцтвы ня змогуць адбыцца «ў поўным аб’ёме» праз пандэмію каранавірусу.

Абэ дапусьціў такое разьвіцьцё падзей у сваім выступе ў парлямэнце ў панядзелак, але выключыў магчымасьць поўнай адмены Гульняў, якія заплянаваныя на 24 ліпеня — 9 жніўня гэтага года.

Заява Абэ прагучала праз дзень пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў, што будзе вывучаць сытуацыю бліжэйшыя некалькі тыдняў і абмяркуе неабходныя далейшыя крокі, уключаючы магчымы перанос Алімпіяды на некалькі тыдняў ці нават на год. МАК таксама адмаўляецца разглядаць магчымасьць поўнай адмены Гульняў.

17:05 23.3.2020

«Я такі ж грамадзянін, як і прэзыдэнт». Горадзенскі студэнт сабраў подпісы за карантын, але дэканат гэта не ўхваліў

Подпісы за карантын на факультэце — і «на дыван» у дэканат. Так сьцісла можна апісаць гісторыю першакурсьніка філялягічнага факультэту Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Андрэя Рабкаўца. Свабода паразмаўляла з хлопцам пра тое, што цяпер адбываецца на факультэце. Чытайце па спасылцы >>

18:06 23.3.2020

​Аляксандар Глеб: «На шчасьце, не бярэ нас каранавірус»

Былы футбаліст зборнай Беларусі Аляксандар Глеб, які нядаўна завяршыў кар’еру гульца, пракамэнтаваў Свабодзе сваё выказваньне ў брытанскай прэсе пра каранавірус у Беларусі.

Глеб, які выступаў за нямецкі «Штутгарт», за ангельскі «Арсэнал», за «Барсэлёну», пракамэнтаваў брытанскаму выданьню The Sun сваё стаўленьне да каранавірусу.

«У Беларусі гэта як быццам нікога не хвалюе. Гэта неймаверна. Можа, наш прэзыдэнт проста чакае, што будзе зь вірусам. Усе ў нас ведаюць, што здарылася з Італіяй і Гішпаніяй. Але людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што гэта ня так экстрэмальна, як гаворыцца ў навінах. Вельмі складана растлумачыць, чаму ў нас так. Усе лігі спыненыя, але мы ня думаем, што гэта праблема», — вынікае з словаў беларускага футбаліста, якія цытуе газэта.

18:07 23.3.2020

«Пэрспэктыва»: Без падтрымкі ўраду больш за 85% прадпрымальнікаў могуць закрыцца праз 1-2 месяцы

Без падтрымкі ўраду больш за 85% індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі могуць спыніць дзейнасьць празь недахоп грошай на фоне эканамічных наступстваў эпідэміі каранавірусу, сьведчыць дасьледаваньне, якое правяло рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

18:07 23.3.2020

Ці пасьля пандэміі палепшае экалягічная сытуацыя? Разьбіраемся з экспэртамі

Многія заводы ў сьвеце стаяць, людзі ня езьдзяць на працу праз карантын, не лятаюць самалёты і ня ходзіць грамадзкі транспарт — усё гэта скарачае шкодныя выкіды ў атмасфэру. Але ня ўсё так проста. Разьбіраемся з экспэртам, як пандэмія каранавірусу ўплывае на экалягічнае становішча.

18:09 23.3.2020

42 чалавекі ў ізаляцыі праз каранавірус у жыхаркі Жыткавічаў

Гомельскі абласны Цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя праводзіць мерапрыемствы эпідэміялягічнага расьсьледаваньня ў Жыткавічах. 22 сакавіка ў 58-гадовай жыхаркі райцэнтру дыягнаставалі каранавірус.

Цяпер мэдыкі высьвятляюць, як у жанчыны мог зьявіцца новы вірус. Пакуль дадзеных аб тым, што яна была недзе за мяжой — няма.

18:12 23.3.2020

«Пэрспэктыва»: Без падтрымкі ўраду больш за 85% прадпрымальнікаў могуць закрыцца праз 1-2 месяцы

Вынікі дасьледаваньня з удзелам больш чым 1,1 тысячы прадпрымальнікаў 23 сакавіка прадставіў журналістам кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

На пытаньне «На які пэрыяд хопіць рэсурсаў без падтрымкі дзяржавы ў сытуацыі зь віруснай эпідэміяй?»

  • 63,6% прадпрымальнікаў адказалі — на адзін месяц,
  • 23,8% — на два месяцы,
  • менш за 10% — на тры месяцы,
  • 1,7% — больш за год,
  • астатнія адказы — ад чатырох месяцаў да году.
18:14 23.3.2020

Карантын ад каранавірусу — як гэта? Расказваем на прыкладзе Ўкраіны

Ва Ўкраіне такі карантын дзейнічае з 12 сакавіка, калі закрылі ўсе адукацыйныя ўстановы і дзіцячыя садкі, а таксама гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры.

Цяпер улады Ўкраіны ўводзяць больш жорсткія карантынныя ўмовы. Карэспадэнтка Свабоды ў Кіеве вывучыла, што найперш абмежавалі і як дзейнічае карантын. Чытайце па спасылцы >>

18:16 23.3.2020

«На лекцыях няма паловы патоку, але на практычных сядзяць амаль усе». Як праходзіць студэнцкі страйк за карантын

23 сакавіка беларускія студэнты праводзяць агульнастудэнцкі байкот. Абвестка пра яго зьявілася ў буйным студэнцкім тэлеграм-канале «Адлічана». Студэнты незадаволеныя тым, як у Беларусі змагаюцца з эпідэміяй каранавірусу, і патрабуюць закрыць на карантын усе адукацыйныя ўстановы Беларусі.

Свабода паразмаўляла са студэнтамі, якія далучыліся да байкоту. Чытайце тут >>

18:18 23.3.2020

«Мы баімся назваць рэчы сваімі імёнамі». Настаўнік зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі з просьбай увесьці карантын

Грамадзкасьць патрабуе перавесьці школы і ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне, а Міністэрства адукацыі баіцца панікі — перакананы бацька, настаўнік і сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры міністэрстве Андрэй Грыгор’еў, які зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Аднак міністэрства надалей настойвае, што падставаў няма. Чытайце па спасылцы>>

18:19 23.3.2020

У Беларусі штодня выпускаюць 300 тысяч шматразовых мэдычных масак

Шматразовыя мэдычныя маскі шыюць на 15 прадпрыемствах ува ўсёй Беларусі. Дзяржаўныя прадпрыемствы цяпер выпускаюць каля 300 тысяч масак у дзень. Апроч таго, маскі вырабляюць і на прыватных прадпрыемствах.

У канцэрне лёгкай прамысловасьці «Беллегпрам» Свабодзе патлумачылі, чаму Беларусь не экспартуе масак і чаму яны цяпер такія дарагія. Чытайце тут>>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG