У супрацоўніка віцэ-прэзыдэнта ЗША выяўленая інфэкцыя COVID-19
Сярод супрацоўнікаў апарату віцэ-прэзыдэнта ЗША Майка Пэнса выяўлены выпадак інфікаваньня каранавірусам. Гэтае паведамленьне Reuters цытуе «Голас Амэрыкі». У публікацыі гаворыцца, што ні Пэнс, ні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня мелі шчыльных кантактаў з інфыкаваным, імя якога не называецца.
Вынікі тэставаньня супрацоўніка апарату віцэ-прэзыдэнта Пэнса сталі вядомыя ў пятніцу. Майк Пэнс кіруе штабам, які каардынуе барацьбу з эпідэміяй каранавірусу ў ЗША.
У Кіеве спыняць грамадзкі транспарт праз каранавірус
Кіеве з 23 сакавіка грамадзкім транспартам змогуць карыстацца толькі асобныя катэгорыі грамадзянаў: мэдработнікі, выратавальнікі, камунальнікі, праваахоўнікі, работнікі аптэкаў, прадуктовых крамаў і стратэгічных прадпрыемстваў. Яны змогуць рабіць гэта па прапусках, заявіў мэр сталіцы Віталь Клічко ў відэазвароце да кіяўлянаў. Асабісты транспарт абмежаваньні не закранаюць.
Зараз ва Ўкраіне пацьверджаны 41 выпадак захворваньня, памерлі тры чалавекі, адзін паправіўся.
САЗ: у сьвеце распрацоўваюць каля 20 вакцын ад новага каранавірусу
У сьвеце распрацоўвюць ня менш за 20 вакцын ад каранавірусу новага тыпу, які выклікае хваробу COVID-19. Пошукам рашэння займаюцца некалькі краін. Першыя клінічныя выпрабаванні ўжо пачынаюцца, аднак да паўсюднай вакцынацыі пакуль далёка. Пра гэта заявіла Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ).
Вядучыя спэцыялісты паведамляюць, што клінічныя выпрабаваньні і пацьверджаньне бясьпекі, неабходныя для выпуску працаздольнай вакцыны на рынак, могуць заняць да 18 месяцаў.
За апошнія 24 гадзіны ў Італіі амаль 800 загінулых ад COVID-19
- Сьмяротнасьць ад каранавіруснай інфэкцыі ў Італіі працягвае расьці. Афіцыйныя дадзеныя паказваюць, што за апошнія 24 гадзіны 793 чалавекі загінулі ад Covid-19, паведамляе BBC. Усяго ў краіне памерла ад COVID-19 4825 чалавек. У Італіі было дыягнаставана больш за 53 500 заражэньня на каранавірусную інфэкцыю, што больш за 6500 у параўнаньні з учорашнім днём.
- Гішпанія — трэцяя па колькасьці заражаных каранавірусам у сьвеце і другая ў Эўропе: пры 21 570 выпадках заражэньня там памерлі 1093 чалавека, выздаравелі 1588 інфіцыраваных. У Вялікабрытаніі колькасьць памерлых склала 178 чалавек — пры больш чым 21 тысячы пацьверджаных выпадкаў захворваньня.
- Тым часам у Кітаі другі дзень запар няма выпадкаў мясцовага заражэньня каранавірусам, а ўсё новыя 39 выпадкаў завезеныя з іншых краінаў, паведамляе Reuters са спасылкай на Дзяржаўны камітэт аховы здароўя КНР.
Расея дазволіла транзыт беларусам, якія вяртаюцца з трэціх краін
Расейскі амбасадар Дзьмітрый Мезенцаў паведаміў сёньня журналістам, што беларусам, якія маюць квіткі на самалёты расейскіх авіякампаній, перашкаджаць у пасадцы на борт ня будуць.
Акрамя таго, пасьля тэлефоннай размовы беларускага і расейскага прэм'ераў паведамлялася, што беларусы змогуць вярнуцца ў Беларусь праз Расею, выкарыстоўваючы ня толькі паветраныя, але і іншыя пункты пропуску.
Грузія ўвяла надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусам
Грузія ад сёньняшняга дня ўвяла на месяц надзвычайнае становішча ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Сярод іншага, будуць забароненыя зборы людзей больш, чым па 10 чалавек. Грузінскі прэмʼер-міністар Гіоргі Гахарыя заявіў, што пры гэтым ніякія правы і свабоды грузінскіх грамадзян ня будуць абмяжоўвацца.
Раней Грузія закрыла свае межы для замежных грамадзян і спыніла авіяпералёты зь іншых краін. У Грузіі закрыліся ўсе курорты, рэстараны і крамы, акрамя прадуктовых.
Пры гэтым у Грузіі на гэты час зарэгістравана 49 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам — гэта менш, чым афіцыйная лічба ў Беларусі. Адзін пацыент выздаравеў, сьмерцяў ад COVID-19 у Грузіі не зафіксавана.
ЗША выдаткуюць 1 трыльён даляраў на барацьбу з каранавірусам
Тэсты на каранавірус прайшлі ўжо 195 тысяч амэрыканцаў. Дональд Трамп падчас прэс-канфэрэнцыі распавёў, як у ЗША змагаюцца з пандэміяй.
На брыфінгу прысьвечаным барацьбе з каранавірусам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп распавёў, што рыхтуецца пакет эканамічных захадаў для змаганьня з пандэміяй, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У амэрыканскую эканоміку паступіць каля 1 трыльёну даляраў у выглядзе дапамогі ад дзяржавы, адзначае Дональд Трамп.
Гэтыя захады робяцца для стымуляваньня эканомікі і жыхароў ЗША, якія пацярпелі ад новага вірусу.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс паведаміў, што ўжо 195 тысяч амэрыканцаў здалі тэст на каранавірус, 19 343 тэсты паказалі станоўчы вынік.
Па дадзеных сайту worldometers. info, які зьбірае ўсе дадзеныя пра каранавірус у сьвеце, у ЗША на каранавірус захварэлі 26 892 чалавекі, 348 чалавек памерлі. Па гэтых дадзеных, ЗША сталі трэцьцімі ў сьвеце па агульнай колькасьці захварэўшых пасьля Італіі.
22 сакавіка колькасьць зарэгістраваных выпадкаў захворваньня каранавірусам у сьвеце дасягнула 308 тысяч чалавек
Такім чынам за апошнія суткі дадалося 32 тысячы новых выпадкаў. Памерла за апошнія 24 гадзіны амаль 2 тысячы чалавек.
Найбольш выпадкаў заражэньня каранавірусам на раніцу 22 сакавіка выяўлена ў Кітаі — 81 054. За апошнія суткі там зарэгістравана 46 новых выпадкаў. У Італіі вядома пра 53 578 хворых. Там захоўваецца дынаміка заражэньняў — 6557 новых выпадкаў за апошнія 24 гадзіны.. На трэцім месцы ў сьвеце ЗША — 26 888 выпадкаў захворваньня (6695 за апошнія суткі).
З суседзяў самая складаная сытуацыя з каранавірусам пакуль у Польшчы. Там вядома пра 536 выпадкаў заражэньня і 5 загінулых. На другім месцы Расея — 306 выпадкаў заражэньня, 1 сьмерць.
У Беларусі, паводле афіцыйнай інфармацыі, на 21 сакавіка было зафіксавана 76 выпадкаў захворваньня.
У Італіі зачыняюцца ўсе прадпрыемствы апроч неабходных для жыцьця
Улады Італіі пашыраюць меры барацьбы з каранавірусам. Да 3 красавіка мусяць зачыніцца ўсе прадпрыемствы, дзейнасьць якіх не зьяўляецца жыцьцёва неабходнай. Адпаведнае распараджэньне даў прэм’ер краіны Джузэпэ Кондэ, паведамляе «Нямецкая хваля».
Пра чарговую меру ў барацьбе супраць пандэміі абвясьціў 21 сакавіка старшыня Савета міністраў Італіі Джузэпэ Кондэ. Супэрмаркеты, аптэкі, пошта і грамадзкі транспарт працягнуць працаваць.
Італія ўжо выйшла на першае месца ў сьвеце па колькасьці памерлых ад каранавірусу. Гэты вірус выявілі ў 53 тысяч чалавек, памерла — 4800 чалавек, 6000 чалавек выздаравелі.
З 10 сакавіка ў Італіі абмежавалі перасоўваньне людзей, школы і ўнівэрсытэты зачыненыя да 3 красавіка, адмененыя любыя дэманстрацыі. Абмежавальныя меры закранаюць каля 60 мільёнаў чалавек.
Мінздароўя: У многіх краінах карантын — псыхалягічная мера
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімір Каранік у эфіры тэлеканалу «АНТ» распавёў пра меры, якія прымае Беларусь дзеля спыненьня распаўсюду каранавіруса. Па словах Уладзіміра Караніка, Мінздароўя «намагаецца не прагназаваць час пік распаўсюду вірусу».
«Пэрыядычна ўзьнікаюць панічныя чуткі, калі бачаць нашы загады па перапрафілізацыі ложкавага фонду, пачынаюць сумаваць ложкі, якія вылучаюцца, кажуць, што гэтых ложкаў недастаткова. Усяго ў краіне 70 тысяч ложкаў — у выпадку неабходнасьці іх можна разгарнуць яшчэ 30 тысяч. Але мы робім усё для таго, каб гэтыя ложкі не спатрэбіліся і каб мы засталіся на пляне „А“, на якім мы цяпер знаходзімся», — паведаміў Уладзімір Каранік.
Паводле яго ўвядзеньне карантыну ў многіх краінах «гэта псыхалягічная мера».
Па апошніх дадзеных у Беларусі зафіксавалі 76 выпадкаў каранавіруса. Паводле Міністэрства аховы здароўя, 15 пацыентаў выпісаныя, 61 пацыента знаходзіцца ў шпіталях на лячэньні, і частка зь іх ужо атрымалі адмоўныя тэсты і рыхтуюцца да выпіскі.
У Гішпаніі за суткі — амаль 350 ахвяр каранавірусу
Улады Гішпаніі яшчэ на 15 дзён працягнулі надзвычайнае становішча, уведзенае ў краіне праз эпідэмію каранавіруснай інфэкцыі. Яно павінна было завяршыцца 29 сакавіка, аднак прэм’ер Пэдра Санчэс ужо цяпер даручыў яго падоўжыць.
Некалькі дзён таму ў краіне — як і ў шэрагу іншых дзяржаў Эўропы, у прыватнасьці
Італіі і Чэхіі — быў уведзены агульнанацыянальны карантын, людзі могуць пакідаць дамы толькі па ўважлівай прычыне.
Гішпанія другая пасьля Італіі краіна Эўропы па колькасьці інфікаваных і памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі. За апошнія суткі памерлі 348 чалавек, а ўсяго з пачатку эпідэміі — 1725. Колькасьць інфікаваных набліжаецца да 30 тысячаў, Гішпанія па гэтым паказьніку дзеліць трэцяе-чацьвёртае месца ў сьвеце з ЗША. Больш за 2500 чалавек паправіліся.
Сярод ахвяр каранавірусу — былы прэзыдэнт футбольнага клюбу «Рэал» (Мадрыд) Ларэнца Сайнс, які памёр у суботу. Яму было 76 гадоў.
«Сытуацыя сурʼёзная, яе фінал адкрыты». Гучная прамова Ангелы Мэркэль пра змаганьне з каранавірусам
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль зьвярнулася да немцаў у сувязі з пандэміяй каранавіруса ў сьвеце. Прамова нямецкай лідаркі здабыла вялікую папулярнасьць ва ўсім сьвеце. Яе цытуюць вядучыя інфармацыйныя агенцтвы і і карыстальнікі сацыяльных сетак.
Свабода публікуе прамову цалкам.
«Трэба самаарганізоўвацца і самім клапаціцца пра бясьпеку сваіх сем’яў», — айцец Сергій Лепін
Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь,
сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы протаярэя Сергія Лепіна — старшыні cынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату.
Сьцісла:
- Або мы выйграем велізарную колькасьць сродкаў, адмовіўшыся ад глябальнай ізаляцыі ды іншых нятанных мер, або... здорава прайграем, разьлічваючыся чалавечымі жыцьцямі
- Гэта час для ўзмоцненых малітваў і пакаяньня, якія павінны прывесьці чалавека да абнаўленьня яго надзеі на Бога
- Трэба маліцца за ўладу — яна прымае рашэньні, вынікі якіх датычацца ўсіх
- Улада Прэзыдэнта — вельмі вялікая, але яе ўсе роўна недастаткова, каб загадваць стыхіямі прыроды і духамі хваробаў
- Я б засьцярог ад прамых атаясамленьняў хваравітасьці і грэшнасьці, праведнікі таксама паміраюць, а часам — і ад лютых хвароб
- Для ўладаў ў такой сытуацыі няма бяспройгрышных варыянтаў
- Трэба неяк самаарганізоўвацца і самім клапаціцца аб бясьпецы сваіх сем’яў і працоўных калектываў
- Як мне здаецца, для нашай краіны локдаўн эканамічна сьмяротны
- У Эўропе свой карантын, у РФ — свой, а мы і без тытуню, і безь сяброў — самі па сабе
9 патрабаваньняў. Беларускія лекары з Эўропы і ЗША зьвярнуліся да ўладаў
Беларускія лекары, якія працуюць у ЗША і Заходняй Эўропе, зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй віруса COVID-19.
У лісьце лекары патрабуюць ад органаў улады ўсіх узроўняў:
- Зачыніць усе навучальныя і дашкольныя ўстановы для наведваньня на чатыры тыдні, з наступным прадаўжэньнем.
- Забараніць любыя масавыя мерапрыемствы і сходы, якія не дазваляюць удзельнікам знаходзіцца на адлегласьці двух і больш мэтраў адзін ад аднаго.
- Зачыніць спартыўныя і забаўляльныя ўстановы і прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня, за выключэньнем дастаўкі на дом.
- Рэкамэндаваць аддаленыя спосабы працы, гнуткія графікі і ініцыяваць закрыцьцё на карантын прадпрыемстваў і арганізацый, якія непасрэдна ня ўдзельнічаюць у жыцьцезабесьпячэньні насельніцтва.
- Адразу ж забясьпечыць апавяшчэньне ўсіх слаёў насельніцтва аб спосабах абароны ад інфікаваньня і абмежаваньні распаўсюджваньня інфэкцыі, уключаючы правілы паводзін пры ўсеагульным карантыне
- Забясьпечыць своечасовае інфармаваньне грамадзкасьці аб бягучай статыстыцы захворваньня і мерах барацьбы з эпідэміяй.
- Забясьпечыць работнікаў мэдычных установаў і іншых службаў жыцьцезабесьпячэньня ахоўнымі сродкамі, харчаваньнем і, пры неабходнасьці, дапамогай па догляду за дзецьмі.
- Адмяніць асабістую адказнасьць мэдычных работнікаў за абнародаваньне інфармацыі аб бягучым стане ў мэдычных установах.
- Актыўна садзейнічаць узаемадзеяньню дзяржаўных устаноў з грамадзкімі і валянтэрскімі арганізацый для вышэйпералічаных задач, а таксама для бясьпечнага забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня і мэдыкамэнтамі людзей з высокай рызыкай сур’ёзных ускладненьняў (людзі старэйшыя за 60 гадоў, з хранічнымі захворваньнямі або паніжаным імунітэтам.)
Менск акрапілі сьвятой вадой з гелікоптэра. Каб не хварэлі
Сёньня ў праваслаўным храме-помніку ў гонар Усіх Сьвятых адбыўся малебен з малым чынам асьвячэньня вады. Пра гэта паведамляе агенцтва «Менск-Навіны». Абрад быў выкананы ў тым ліку і з прычыны пандэміі.
У пропаведзі малебну мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павал сказаў:
«Заклікаю ўсіх паразважаць пра тое, як мы ставімся да падзеяў, якія адбываюцца. Паніка, выкліканая распаўсюдам каранавірусу, прытупляе розум. Вірус прынёс зьбянтэжанасьць у сэрцы людзей, але для сапраўдных вернікаў ён ня страшны. Хочацца пажадаць, каб Гасподзь умацаваў у нас веру, і дапамог годна пераадолець выпрабаваньне».
Пасьля заканчэньня службы настаяцель храму протаярэй Фёдар Поўны, зьвяртаючыся да вернікаў, сказаў, што здаўна абраз Божай Маці Дзяржаўны і крыж-машчавік абаранялі беларускую зямлю ад выпрабаваньняў.
З гэтымі праваслаўнымі сьвятынямі мітрапаліт Павал і іншыя сьвятары абляцелі горад на гелікоптэры. Зь яго яны акрапілі горад сьвятой вадой.
У Нямеччыне забаранілі зьбірацца больш чым дваім
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль і прэм’ер-міністры фэдэральных земляў у рамках тэлефоннай канфэрэнцыі, якая прайшла ў нядзелю, 22 сакавіка, дамовіліся зрабіць яшчэ больш жорсткімі карантынныя меры з прычыны эпідэміі каранавірусу ў
Нямеччыне, паведамляе DW.
Асноўны пункт: больш за два чалавекі не зьбірацца. Выключэньне зроблена для чальцоў сямʼі, а таксама людзей, якія жывуць адзінай хатняй гаспадаркай.
Парушэньні абмежаваньняў па кантактах будуць кантралявацца адміністрацыйнымі органамі і паліцыяй. Парушэньні будуць карацца штрафамі — да 25 тысяч эўра.
Алексіевіч: Тое, што мы напрацавалі за апошнія паўстагодзьдзя, зьляцела, і мы зноў сядзім па сваіх пячорах
Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.
Сьцісла:
- Тыя меры, якія прынялі ў большасьці краінаў, яны ж немагчымыя да канца году ці на некалькі гадоў
- Амэрыканцы бачаць злых духаў у расейцах, расейцы — у амэрыканцах
- Гэтая пандэмія — касьмічная зьява
- Прырода мала з намі лічыцца. І мы зь ёй, але і яна з намі. І яна жыве па сваіх законах
- Калі гэтая эпідэмія будзе разьвівацца, людзі будуць паміраць і там, дзе ўсё зачынена
- Я ня думаю, што тут варта зводзіць усё да таго, што Лукашэнка нечага ня робіць. Ніхто ня ведае, што трэба рабіць
- Зьмена паводзінаў патрэбная, але я лічу, што паніка яшчэ жахлівей, яшчэ горш
- Навукоўцы павінны раіць уладзе, а ўлада не павінная думаць, што яна самая разумная
- Гэта вышэй сілаў — ведаць, што за сьценкай памірае твой родны чалавек, а цябе да яго не пускаюць
- Я мяркую, што чалавек лепшы, чым мы думаем пра яго
Лічбы на раніцу 23 сакавіка
- На раніцу 23 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі амаль 339 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81,1 тысячы ў Кітаі, 59 тысяч ў Італіі, 34,7 тысячы ў ЗША, 28,7 тысячы у Гішпаніі, 24,9 тысячы ў Нямеччыне, 21,6 тысячы ў Іране, 16 тысяч у Францыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі амаль 15 тысяч чалавек. Зь іх 5476 у Італіі, 3274 у Кітаі, 1772 у Гішпаніі, 1685 у Іране.
- Выпісалі 99 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 225 тысяч, зь іх 10,5 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі на 21 сакавіка пацьвердзілі 76 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам. Паводле Міністэрства аховы здароўя, 15 пацыентаў выпісалі, 61 пацыент знаходзіцца ў шпіталях на лячэньні, і частка зь іх ужо атрымалі адмоўныя тэсты і рыхтуюцца да выпіскі.
Ангела Мэркель перайшла на карантын і працуе дома
Фэдэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель перайшла ў нядзелю, 22 сакавіка ў рэжым карантыну, застаўшыся дома.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка ўраду Нямеччыны Штэфэна Зайбэрта, канцлерка прыняла такое рашэньне, даведаўшыся, што лекар, які рабіў ёй прышчэпку ад пнэўмакокавай інфэкцыі, станоўча пратэставаны на каранавірус. Мэркель была ў лекара два дні таму.
На працягу некалькіх наступных дзён Ангела Мэркель будзе рэгулярна праходзіць тэсты на каранавірус. Застаючыся на карантыне, яна будзе выконваць свае службовыя абавязкі. Пра нейкія сымптомы хваробы ў 65-гадовай канцлеркі не паведамляецца.
МЗС Беларусі і «Белавія» дапамаглі вярнуцца дамоў 3400 беларусам
Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла на афіцыйнай старонцы на Facebook, што разам з нацыянальнай авіякампаніяй «Белавія» дапамагла больш як 3400 беларусам.
У іх ліку дзеці і суправаджэньне з санаторыя «Беларусь» у Юрмале (Латвія), спартовая дэлегацыя Малдовы, чатыры чалавекі з круізнага ляйнэра Costa Pacifica (21 сакавіка пасажыраў высадзілі ў італьянскай Генуі).
Паводле ацэнак МЗС, яшчэ некалькі тысяч беларусаў могуць у найбліжэйшы час мець патрэбу ў дапамозе.
«Працэс ідзе, — піша МЗС. — Большасьць вострых пытаньняў ужо ўдалося вырашыць. Наладжана сыстэмная адпраўка нашых грамадзянаў з Эгіпту, супольна з расейскім бокам дастаўляюцца грамадзяне з Тайлянду, прапрацоўваецца эвакуацыя з Марока, вяртаюцца грамадзяне з Чарнагорыі, у транзытную схему вяртаньня праз Расею уключаны аэрапорт „Пулкава“. Канструктыўна вырашаюцца сытуацыі ў Літве, Польшчы і Ўкраіне».