Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

20:56 21.7.2020

Нобэлеўскі банкет — 2020 адмянілі з прычыны каранавірусу

Каранавірусная пандэмія стала прычынай рашэньня скасаваць банкет з нагоды ўручэньня Нобэлеўскіх прэмій 2020 году, паведамляе швэдзкая газэта Dagens Nyheter, спасылаючыся на старшыню Нобэлеўскага фонду Лярса Гэйкенстэна.

«Ёсьць дзьве праблемы. Нельга сабраць так шмат людзей побач адзін з адным. І няма ўпэўненасьці, ці змогуць людзі ехаць у Швэцыю ў такой колькасьці, у якой хочуць», — сказаў Лярс Гэйкенстэн.

20:55 21.7.2020

Доктара звольнілі пасьля інтэрвію пра COVID-19. Галоўурач шпіталя: «Гэта з інтэрвію не зьвязана»

Як стала вядома Свабодзе, месяц таму кіраўніцтва Рэспубліканскага клінічнага шпіталя мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне звольніла загадчыка аддзелу анэстэзіялёгіі і рэанімацыі, кандыдата мэдычных навук, дацэнта Алега Паўлава. Са спэцыялістам не працягнулі кантракт. Выканаўца абавязкаў галоўнага ўрача бальніцы кажа, што звальненьне не зьвязанае з інтэрвію лекара ў СМІ.

Паўлаў працаваў з пацыентамі, хворымі на каранавірус, ад самага пачатку эпідэміі. Лячыў іх амаль месяц, пакуль не захварэў сам. Пасьля гэтага Алег Паўлаў трапіў у 3-ці менскі шпіталь з дыягназам «двухбаковая пнэўманія». Некалькі тыдняў раней дыягназ COVID-19 пацьвердзіўся ў жонкі Паўлава, якая працуе мэдсястрой. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

20:52 21.7.2020

У Туркмэністане закрываюць публічныя прасторы на карантын. Каранавірусу ў краіне афіцыйна няма

У Туркмэністане прыпынілі працу на 10 дзён буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі, тэатры, паркі і прадпрыемствы сфэры паслуг. У месцах масавага збору людзей цяпер неабходна выконваць двухмэтровую дыстанцыю паміж людзьмі.

Шпіталі перапоўненыя пацыентамі з пнэўманіяй, у краіне спынена чыгуначны рух. Пры гэтым улады краіны сьцьвярджаюць, што ў краіне няма ні аднаго выпадку захворваньня каранавірусам, паведамляе туркмэнская рэдакцыя Радыё Свабода. Далей чытайце па спасылцы.

20:51 21.7.2020

Што супрацоўнікі могілак і рытуальных агенцтваў кажуць пра пахаваньні пасьля «перамогі» над COVID-19

Улады Беларусі ўжо абвясьцілі перамогу над каранавірусам. Афіцыйная статыстыка Мінздароўя паказвае пасьлядоўнае зьніжэньне новых выпадкаў заражэньня COVID-19. Аднак Сусьветная арганізацыя здароўя фіксуе новыя суткавыя рэкорды колькасьці выпадкаў захворваньня па ўсім сьвеце.

Свабода даведалася, як бачаць сытуацыю работнікі могілак і пахавальных бюро ў розных гарадах Беларусі. Чытайце артыкул па спасылцы.

20:50 21.7.2020

«Турыстаў няма, заробкі ня тыя». Як беларускія рамесьнікі выжываюць падчас пандэміі каранавірусу

У Віцебску, нягледзячы на каранавірус, 29-ы раз адгрымеў «Славянскі базар». На фэст прыяжджае шмат беларускіх і замежных майстроў, для якіх гэта прывабная пляцоўка для гандлю. Сёлета рамесьнікаў на вуліцах гораду было ў некалькі разоў менш.

Мы пацікавіліся, як ім удаецца выжываць ва ўмовах пандэміі каранавірусу, калі Беларусь засталася без турыстаў. Чытайце рэпартаж па спасылцы.

20:48 21.7.2020

Яшчэ 135 выпадкаў і 4 прызнаныя сьмерці. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 21 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 21 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 66 348 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 507 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 58 592 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 135 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці (такую колькасьць сьмерцяў называюць чацьвёрты дзень запар), выпісалі 302 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 7249; «актыўных выпадкаў» стала менш на 171;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 202​ 214 ​тэстаў, 2897 за дзень, зь якіх станоўчы вынік далі 4,66% (на мінулым тыдні паведамлялі пра 10 тысяч тэстаў на дзень, 20 ліпеня паведамілі пра 6155, 21 ліпеня гомельскі мэдык расказаў, што перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі загадалі зрабіць дадатковую тысячу экспрэс-тэстаў для «актыву вобласьці», зь якім сустракаўся Лукашэнка).
12:02 21.7.2020

Каранавірус: спатканьні зь беларускімі вязьнямі аднаўляюцца з 1 жніўня

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі анансавала 21 ліпеня вяртаньне ад 1 жніўня кароткіх спатканьняў ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы — у турмах і ізалятарах, а таксама «лячэбна-працоўных прафілякторыях».

Рашэньне аб аднаўленьні спатканьняў прынялі, «зыходзячы з санітарна-эпідэміялягічай сытуацыі». Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў запэўнівае, што такія «радыкальныя захады», як забарона спатканьняў, «дазволілі своечасова мінімізаваць пагрозу распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі».

Пры тым пасьля 1 жніўня захаваюцца пэўныя прафіляктычныя захады: нашэньне масак будзе абавязковым на спатканьнях, людзей з падвышанай тэмпэратурай (а таксама тых, хто адмовіцца яе мераць) і з сымптомамі рэсьпіраторных захворваньняў на спатканьні ня пусьцяць.

Нібыта з прычыны каранавірусу ў беларускіх турмах таксама адмаўляліся прымаць перадачы, але ў сярэдзіне чэрвеня прыём перадачаў аднавілі.

10:36 21.7.2020

Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на маскі і антысэптыкі ў Беларусі падоўжылі да 4 кастрычніка

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі падоўжыла да 4 кастрычніка 2020 году дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на ахоўныя маскі і дэзынфэкцыйныя сродкі.

Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на маскі і антысэптыкі было ўведзенае 7 красавіка на фоне павышанага попыту з прычыны пандэміі каранавірусу.

З мэтай дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на маскі і сродкі дэзынфэкцыі для вытворцаў Міністэрства гандлю ўвяло гранічны нарматыў рэнтабэльнасьці (ня большы за 10%), для імпартэраў уведзена лімітавая максымальная надбаўка (ня большая за 10%). Гранічную максымальную гандлёвую надбаўку (з улікам аптовай надбаўкі) да адпускной цаны вытворцы (імпартэра) на гэтыя тавары вызначылі ў памеры 15%.

23:21 20.7.2020

Колькасьць хворых на COVID-19 у Гішпаніі вырасла ўтрая, калі аслабілі абмежаваньні

Заражэньне каранавірусам у Гішпаніі вырасла з васьмі выпадкаў на 100 000 жыхароў пад канец чэрвеня, калі скончылася надзвычайнае становішча ў краіне, да 27 на 100 000.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на афіцыйную інфармацыю Міністэрства здароўя Гішпаніі 20 ліпеня.

14:27 20.7.2020

Прызналі паўтысячы сьмерцяў з пачатку эпідэміі. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 20 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 20 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 66 213 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 503 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 58 290 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 118 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 86 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 7420; «актыўных выпадкаў» стала больш на 28 (цягам мінулага тыдня «актыўных выпадкаў» станавілася менш на некалькі сотняў на дзень, за выключэньнем панядзелка);
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 199​ 317 тэстаў, 6155 за дзень, зь якіх станоўчы вынік далі 1,92%;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.

Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.

16:15 19.7.2020

Больш за 66 тысяч выпадкаў, 499 памерлых. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 19 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 19 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 66 095 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 499 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 58 204 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 142 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці,
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 7392;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 193 162 тэстаў, 10 155 — за апошнія суткі;
11:46 19.7.2020

САЗ зафіксавала рэкордны рост COVID-19 за дзень

Сусьветная арганізацыя здароўя паведамляе пра рэкордны рост колькасьці новых выпадкаў каранавірусу за дзень — 259,8 тысяч выпадкаў за 18 ліпеня. Мінулы максымум быў 17 ліпеня — 237,7 тысяч чалавек.

Больш за ўсё выпадкаў COVID-19 выявілі ў ЗША — 71,4 тысячы чалавек за содні. За ЗША ідуць Бразылія (45,4 тысяч) і Індыя (34,8 тысяч). Апроч гэтага, рост выпадкаў каранавірусу зафіксаваны ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Кіргізіі, Калюмбіі і Мэксыцы.

За мінулыя суткі COVID-19 стаў прычынай сьмерці больш за 7 тысяч хворых.

14:03 18.7.2020

Вытворцы мяса ў ЗША пачалі чысьціць паветра на заводах, каб перамагчы каранавірус

Дзьве найбуйнейшыя мясаперапрацоўчыя кампаніі ў ЗША паведамілі, што ўсталявалі абсталяваньне ачысткі паветра на некаторых сваіх прадпрыемствах для абароны супрацоўнікаў ад каранавірусу, паведамляе Reuters.

Кампанія JBS USA, якая ўваходзіць у чацьвёрку найбуйнейшых вытворцаў ялавічыны ў ЗША, паведаміла, што пачала выкарыстаньне ўльтрафіялетавага выпраменьваньня для абеззаражаньня паветра. Кампанія Tyson Foods — вытворца ялавічыны, сьвініны і мяса птушкі — заявіла, што праводзіць інтэнсіўныя дасьледаваньні адносна ўльтрафіялетавага выпраменьваньня на некаторых сваіх заводах.

Пакуль невядома, ці дазваляюць гэтыя тэхналёгіі зьнішчаць каранавірус.

За час пандэміі COVID-19 у ЗША захварэлі больш за 16 тысяч супрацоўнікаў мясаперапрацоўчай галіны, 86 з іх памерлі.

14:03 18.7.2020

У Менску людзі сталі менш карыстацца транспартам

У беларускай сталіцы шосты месяц скарачаецца аб’ём пасажырскіх перавозак. Перавозкі аўтобусным транспартам скараціліся на 17%, электрычным транспартам і мэтрапалітэнам — на 20%. Гэта можа быць зьвязана з пандэміяй каранавірусу і пераходам людзей на дыстанцыйную працу.

Увесь мінулы год аб’ём пасажырскіх перавозак увесь час рос: плюс 4,4% у параўнаньні з 2018 годам. Але са студзеня перавозкі пачалі зьмяншацца, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Белстат.

Такім чынам, за паўгода аб’ём перавозак аўтобусамі скараціўся на 17% у параўнаньні з такім жа пэрыядам у мінулым годзе, перавозкі тралейбусамі і мэтрапалітэнам скараціліся на 20%, авіяперавозкі — на 45,8%.

14:00 18.7.2020

Што дае Беларусі сяброўства ў Сусьветнай арганізацыі здароўя. Разьбіраемся

Беларусь — сябра Сусьветнай арганізацыі здароўя з 1994 году. САЗ ухваляла ня ўсе дзеяньні Беларусі, напрыклад, выказвалася супраць правядзеньня параду ў Менску 9 траўня сёлета. Свабода паглядзела, чым карыснае сяброўства ў САЗ.

Паводле экс-міністра аховы здароўя Беларусі (1997–2001) Ігара Зелянкевіча, «сяброўства ў САЗ адпавядае інтарэсам у міжнародным супрацоўніцтве для Беларусі», але трэба падзяляць удалыя і няўдалыя праекты САЗ.

«Апошнім часам прафэсіяналізм з боку САЗ падае, бо да кіраўніцтва прыйшлі мэнэджары, і мы бачым менш выказваньняў прафэсіяналаў. Чаму б САЗ не зрабіць пазачарговую асамблею з нагоды каранавірусу, выпрацаваць рэкамэндацыі? Гэта б была дапамога для кіраўнікоў дзяржаў», — кажа Ігар Зелянкевіч.

І пералічвае ўдалыя праекты САЗ у Беларусі.

«Мы бачым, што САЗ абвясьціла барацьбу з гульнявой залежнасьцю, а ў нас ёсьць гэтыя гульнявыя аўтаматы, значыць, трэба задумацца, зразумець, што гэта хвароба. Ці САЗ зрабіў рэзалюцыю аб шкодзе алькаголю, а ў нас прадаюць алькаголь на запраўках. Ёсьць каштоўныя і лягічныя рэчы, а ёсьць праколы», — падсумоўвае Ігар Зелянкевіч.

Чытаць далей.

13:58 18.7.2020

Афіцыйная статыстыка: 171 новы выпадак каранавірусу ў Беларусі, чатыры сьмерці

Міністэрства аховы здароўя паведамляе пра 65 953 выпадкі каранавіруса ў Беларусі з пачатку эпідэміі.

За суткі каранавірусам захварэлі 171 чалавек, чатыры чалавекі загінулі. З пачатку эпідэміі зарэгістравана 65 053 выпадкі каранавіруса ў Беларусі.

На 18 ліпеня паправіліся і выпісаныя 57 856 чалавек.
Правялі 1 183 007 тэстаў.

З пачатку ліпеня Міністэрства аховы здароўя агучвае прыкладна аднолькавую колькасьць новых выпадкаў каранавіруса ў суткі: у межах 150-190 выпадкаў.

10:41 18.7.2020

Новыя дасьледаваньні паказваюць, што рызыка не залежыць ад групы крыві

Вынікі новых дасьледаваньняў сьведчаць, што людзі з крывёй тыпу А (другая група) ня схільныя да большай рызыкі захварэць, як меркавалася раней, піша The New York Times.

У пачатку пандэміі COVID-19 дасьледчыкі знайшлі папярэднія доказы, што другая група крыві можа быць важным фактарам рызыкі — як для заражэньня вірусам, так і для цяжкага працяканьня хваробы.

Але за апошнія некалькі месяцаў, вывучыўшы тысячы дадатковых пацыентаў з COVID-19, навукоўцы паведамляюць пра значна слабейшую сувязь з групай крыві.

Два дасьледаваньні — адно ў Масачусэцкім шпіталі агульнага профілю, а другое ў прэсьвітэрыянскай лякарні Калюмбіі ў Нью-Ёрку — не знайшлі, што кроў тыпу А павялічвае верагоднасьць заражэньня людзей COVID-19.

У новых справаздачах ёсьць доказы таго, што носьбіты крыві тыпу О (першая група) могуць быць троху менш схільныя да заражэньня. Але эфэкт настолькі малы, што людзі не павінны на гэта разьлічваць. «Ніхто не павінен думаць, што ён абаронены», — сказаў Нікалас Татанэты, навуковец з Калюмбійскага ўнівэрсытэту.

Чытаць далей

10:39 18.7.2020

У сьвеце выявілі рэкордны сутачны прырост заражэньня COVID-19

У сьвеце за суткі выявілі рэкордную колькасьць тых, хто заразіўся на каранавірус — 237,7 тысяч чалавек, паведаміла Сусьветная арганізацыя здароўя.

Папярэдні максымум быў зарэгістраваны крыху менш за тыдзень таму: 12 ліпеня прырост новых выпадкаў склаў 230,3 тысячы.

Больш за ўсё колькасьць новых выпадкаў зарэгістравалі ў ЗША — 67,1 тысячы. Сьледам за імі ідуць Бразылія і Індыя з 39,9 тысячы і 34,9 тысячы выпадкаў адпаведна.

Памерлі ад каранавірусу ў сьвеце за дзень 5682 чалавека. Паводле дадзеных САЗ, колькасьць заражаных каранавіруснай інфэкцыяй у сьвеце перавысіла 13,61 млн, больш за 585,7 тысяч чалавек памерлі.

Згодна з апошнімі дадзенымі ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза, усяго заразіліся звыш 14,1 млн чалавек, з іх больш за 602,6 тысячы памерлі.

15:40 17.7.2020

159 новых выпадкаў і 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 17 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 17 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 65 782 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 491 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 57 370 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 159 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 455 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 7921; «актыўных выпадкаў» стала менш на 302;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 172 880​ ​тэстаў, 10 600 за дзень, зь якіх станоўчы вынік далі 1,5% — амаль рэкордна малы адсотак (11 ліпеня было 1,41%).
15:38 17.7.2020

Каранавірус яшчэ тут. Як цяпер моляцца ў беларускіх храмах

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня раз абвяшчаў перамогу над каранавірусам. Афіцыйная статыстыка Мінздароўя паказвае пасьлядоўнае зьніжэньне новых выпадкаў заражэньня COVID-19. Аднак шмат у якіх краінах сьвету заяўляюць пра новыя ўспышкі захворваньня.

Свабода паглядзела, як жывуць найбуйнейшыя храмы абласных цэнтраў Беларусі. Чытайце і глядзіце фота па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG