Агулам у сьвеце на раніцу 28 лютага было зафіксавана каля 83,4 тысячы выпадкаў заражэньня COVID-19. Зь іх 78,9 тысячы ў Кітаі, 2 тысячы ў Паўднёвай Карэі, больш за 650 у Італіі, звыш дзьвюх соцень у Іране і Японіі.
Таксама сем соцень выпадкаў зафіксавалі на круізным ляйнэры Diamond Princess, што працяглы час стаяў ля берагоў Японіі.
Ад хваробаў, выкліканых вірусам, памерлі 2858 чалавек (2788 у Кітаі, 26 у Іране, 13 у Паўднёвай Карэі).
Былі выпісаныя здаровымі звыш 36,5 тысячы чалавек, у якіх фіксавалі вірус. Каля 8,1 тысячы яшчэ знаходзяцца ў крытычным стане.
За апошні дзень зафіксавалі 335 новых выпадкаў у Кітаі, 256 — у Паўднёвай Карэі, па адным у Літве, Нігерыі і Новай Зэляндыі. За дзень памерлі 44 чалавекі — усе ў Кітаі.
Першы заражаны новым каранавірусам зьявіўся і ў Беларусі, гэта студэнт з Ірану, ён ізаляваны.
Тым часам інфармацыя пра выпадак заражэньня новым каранавірусам у Польшчы не пацьвердзіўся. У Іране каранавірусам заразілася віцэ-прэзыдэнт краіны Масумэ Эбтэкар.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ