Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падтрымаў ўнясеньне ў Канстытуцыю папраўкі аб магчымасьці непрызнаньня ў Расеі рашэньняў замежных судоў і арбітражаў.
З абгрунтаваньнем гэтай папраўкі выступіў на пасяджэньні працоўнай групы для падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю член Савета Фэдэрацыі Канстанцін Касачоў.
Папраўка прадугледжвае, што Канстытуцыйны суд павінен атрымаць права вырашаць, прызнаваць тыя ці іншыя рашэньні замежных судовых органаў, якія закранаюць Расею, ці не.
Пры гэтым Касачоў спаслаўся на нядаўна прынятае рашэньне Апэляцыйнага суду ў Гаазе, згодна зь якім Расея мае выплаціць былым акцыянэрам ЮКАСу больш за 50 мільярдаў даляраў. Паводле словаў Касачова, папраўка павінна перашкодзіць выкананьню гэтага рашэньня. Пуцін пагадзіўся зь неабходнасьцю гэтай папраўкі.
Працоўная група прапануе Пуціну і іншыя ўзгодненыя ёю папраўкі, зь якімі прэзыдэнт, як правіла, згаджаецца. У прыватнасьці, у Канстытуцыю прапануецца ўнесьці паняцьце «рускага сьвету».