Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Белага Дому.
У прыватнасьці, новыя правілы дазволяць уладам вызначаць, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе дзяржавы, а каму можна адмовіць у выдачы грын-кард, зыходзячы з узроўню даходу альбо з таго, як часта чалавек карыстаецца праграмамі сацыяльнай дапамогі. Маюцца на ўвазе сацыяльнае забесьпячэньне, талёны на харчаваньне, дзяржаўнае жытло або бясплатная мэдычная страхоўка паводле праграмы Medicaid.
Правілы пачнуць дзейнічаць ад 24 лютага. У Белым доме лічаць, што новыя меры адновяць прынцып, паводле якога новыя члены амэрыканскага грамадзтва павінны быць фінансава самастойныя і не залежаць «ад шчодрасьці падаткаплатнікаў».
У канцы студзеня ўлады абвясьцілі пра новыя правілы атрыманьня віз у ЗША цяжарнымі. Правілы накіраваныя на выкараненьне «турызму парадзіх» — практыкі, калі жанчыны наўмысна прыяжджаюць нараджаць у Злучаныя Штаты, каб іх дзіця аўтаматычна атрымала амэрыканскае грамадзянства.
Абмежаваньне патоку мігрантаў у краіну было адным зь перадвыбарчых лёзунгаў цяперашняга прэзыдэнта Дональда Трампа.