Што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы «экспэрымэнтальнага шматфункцыянальнага комплексу Minsk World у Менску?
У 2014 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўхваліў рэалізацыю гэтага інвэстпраекту. Сэрбскі забудоўшчык «Дана Астра» (уваходзіць у склад кампаніі Dana Holdings) атрымаў шырокі спэктар ільготаў і прэфэрэнцыяў.
Dana Holdings належыць сэрбскім мільянэрам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч — узначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю ў сэрбскім парлямэнце — рэгулярна наведвае Беларусь падчас выбараў у якасьці назіральніка, хваліць дэмакратычнасьць выбарчага працэсу.
Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гаагскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве.
Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных Аляксандрам Лукашэнкам.
Будуюць Minsk World на месцы былога лётнішча «Менск-1», у межах вуліцы Аэрадромнай — паласы адводу чыгункі ўчастка Менск — Гомель — 3-га Гарадзкога кальца — вуліц Кіжаватава — Брылеўскай.
Апроч жыльля, шматпавярховікаў і катэджаў, тут плянуецца ўзьвесьці міжнародны фінансавы цэнтар, буйны гандлёва-забаўляльны цэнтар.
Інвэстарам праекта выступае кіпрская кампанія «Трайворст Лімітэд».
Будаўніцтва комплекса вядзецца паэтапна на плошчы амаль 340 га. Кватэры ў збудаваных дамах ужо выстаўленыя на продаж.
Цяпер узводзіцца квартал «Эміратс».
За знос будынкаў, адсяленьне людзей з вялікага прыватнага сэктару і зачыстку тэрыторыі пад будоўлю адказвае Менгарвыканкам.
Мясцовыя жыхары зьвярталіся да ўладаў з просьбай захаваць іх дамы альбо прадставіць тут зямельныя ўчасткі пад будоўлю новых.
Нягледзячы на пратэсты будоўлю пачалі.
Раней на пляцоўцы пад Minsk World зьнесьлі будынкі Камітэта авіяцыі, авіяцыйнага каледжа, авіярамонтнага завода, інтэрната.
Будынак аэравакзалу (трохпавярховы асабняк з калёнамі), пабудаваны ў 1957 годзе, зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і не падлягае зносу. Dana Holdings прыстасавала яго пад свой фінансавы цэнтар, уваход туды цяпер пад аховай. Яго прадалі кампаніі ўсяго за дзьве базавыя велічыні.
Раней авіятары прасілі пакінуць гэты будынак гораду і зрабіць там музэй авіяцыі.
Карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве культуры паведамілі, што гэты будынак павінны адрэстаўраваць, але пакуль праектную дакумэнтацыю па рэстаўрацыі ў міністэрства кампанія не прадставіла. Бралі толькі дазвол у 2018 годзе на рамонт ганку. Што далей будзе ў будынку, пакуль невядома.
Забудоўшчык называе Minsk World «горадам 21 стагодзьдзя».
Увесь комплекс плянуюць здаць у 2027 годзе.