Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Андрэй Заяц паведаміў, што на борт украінскага самалёту ў аэрапорце кітайскага гораду Ўхань зарэгістраваліся 48 грамадзян Украіны і 29 замежнікаў, сярод якіх няма грамадзян Беларусі.
«Мы ўжо маем інфармацыю пра замежнікаў. Сярод іх — 8 грамадзян Аргентыны, 5 — Дамініканскай Рэспублікі, 5 — Эквадору, 4 — Сальвадору, 2 — Казахстану (яны выйдуць у часе тэхнічнай пасадкі самалёту ў Алматы), 2 — Каста-Рыкі, і па адным — грамадзяне Ізраілю, Чарнагорыі і Панамы», — сказаў Андрэй Заяц сёньня на брыфінгу ў Кіеве.
Як дадаў намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны Дзьмітро Коваль, усе пасажыры прайшлі тры этапы санітарнага кантролю, у часе якога ня выявілі сымптомаў небясьпечнага вірусу. Нягледзячы на гэта, усе пасажыры будуць разьмешчаныя ў карантын ў чатырох месцах. Дакладнага маршруту эвакуаваных прадстаўнікі ўлады Ўкраіны не называюць.
Раней міністар міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў паведамляў, што украінскім самалётам плянуюць эвакуаваць 25 замежных грамадзян, у тым ліку аднаго грамадзяніна Беларусі: «Да нас зьвярнуліся некалькі дзяржаў, каб мы дапамаглі вывезьці іх грамадзян, паколькі ў іх няма рэйсу. Міністар замежных спраў вёў зь імі перамовы, і мы бачым такую магчымасьць, паколькі ў нас у самалёце будуць некаторыя вольныя месцы».
Аднак прэс-сакратарка Міністэрства здароўя Беларусі Юлія Барадун заявіла агенцтву БелТА, што «паводле інфармацыі амбасады Беларусі ў Кітаі, эвакуацыя грамадзянаў нашай краіны ўкраінскім самалётам не плянуецца».
Ні беларускі, ні ўкраінскі бок пакуль не ўдакладняюць прычынаў, чаму было вырашана не вывозіць беларуса.
На пачатку лютага 10 грамадзян Беларусі былі эвакуаваныя з Кітаю расейскім самалётам. Два тыдні яны знаходзіліся на карантыне ў адмысловым санаторыі пад Цюменьню. Сёньня яны накіруюцца дадому — вынікі паўторных дасьледаваньняў засьведчылі ў іх адсутнасьць небясьпечнага вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ