Пра тое, якога разьвіцьця падзей можна чакаць ад спрэчкі паміж Менскам і Масквой, у эксклюзіўным інтэрвію для «Голасу Амэрыкі» расказаў палітоляг, дырэктар праграм Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Германскага фонду Маршала Ёрг Форбрыг.
«Ня думаю, што ў Расеі ёсьць нейкі «плян Б» што да наступніка Лукашэнкі»
— На ваш погляд, як будзе разьвівацца працэс інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй? Што з «саюзнай дзяржавай»? Ці ўзмоцніцца ціск Масквы?
— Калі гаворка ідзе пра «саюзную дзяржаву», а таксама пра шырэйшую інтэграцыю ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, гэта грунтуецца на зусім розных спадзяваньнях і намерах бакоў. Для Масквы гэтая інтэграцыя мае перш за ўсё палітычнае значэньне, для Менску галоўнае чаканьне — эканамічнае, гэта доступ да расейскага рынку, энэргетычных рэсурсаў ці крэдытаў. Расея намякае на тое, што яна можа даць дадатковыя эканамічныя выгады Беларусі толькі пры ўмове далейшай інтэграцыі, чаго ня хоча Менск. Урэшце, зь вялікай верагоднасьцю, гэта азначае канец кіроўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Тое, што мы бачым у дадзены момант, — гэта адкрытае сутыкненьне паміж гэтымі вельмі рознымі матывамі для ўступленьня ў больш шчыльны саюз, і я думаю, што абодва бакі зайшлі ў тупік. Я не чакаю, што за гэтым адразу пачнецца эскаляцыя, і думаю, што абодва бакі нейкі час будуць узважваць варыянты далейшых дзеяньняў. Беларускі бок гатовы нейкі час пратрымацца зь меншай падтрымкай з боку Расеі і пастараецца адкласьці пытаньне палітычнай інтэграцыі хаця б на год з прычыны прэзыдэнцкіх выбараў. Мы ўсе разумеем, што гэтыя выбары нельга назваць рэальнымі, але, тым ня менш, калі грунтавацца на мінулым, — гэта момант слабасьці для Лукашэнкі. Яму давядзецца лічыцца з магчымым умяшаньнем Расеі ў выбарчую кампанію і ўлічваць узровень мабілізацыі палітычнай апазыцыі ў краіне. У гэтай сытуацыі Лукашэнку не патрэбен адкрыты канфлікт з Масквой, і ён прыняў тое, што мае на дадзены момант: пагадненьне аб пастаўках газу і цане, прынамсі на гэты год, якое нядаўна было дасягнутае.
Што тычыцца расейскага боку, то, я думаю, яны зразумелі, што на дадзеным этапе ў адносінах да інтэграцыі яны не атрымаюць ніякіх палітычных саступак ад Менску. Масква таксама ўсьведамляе, што калі на сёньняшні дзень яна будзе абвастраць сытуацыю і ўзмацняць ціск, то яна рызыкуе дэстабілізаваць рэжым Лукашэнкі. Ня ўпэўнены, што яны гатовыя да гэтага, і ня думаю, што ў іх ёсьць нейкі «плян Б» што да наступніка Лукашэнкі. Так што, хутчэй за ўсё, яны застануцца цяпер на сваёй пазыцыі — без далейшай эскаляцыі і ціску, каб пазьбегнуць дэстабілізацыі рэжыму Лукашэнкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні гэтага году.
«Ніякага развароту Лукашэнкі ў бок Захаду няма»
— Чаго вы чакаеце ад цяперашняга развароту Менску ў бок Захаду? І як вы бачыце разьвіцьцё адносін паміж Беларусьсю і ЗША, асабліва ў сьвятле нядаўняга візыту дзяржсакратара Майка Пампэо ў Менск?
— Ніякага развароту Лукашэнкі ў бок Захаду няма. Так, адбылася нармалізацыя дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам, і гэты працэс працягваецца ўжо з 2015 году. Гэта стала адказам на падзеі ва Ўкраіне. ЭЗ быў гатовы на збліжэньне, разумеючы, што на дадзеным этапе важна неяк падтрымаць сувэрэнітэт Беларусі і выйсьці з замарожаных адносін. І цяпер, праз гады, Злучаныя Штаты робяць тое ж самае. Пытаньне заключаецца ў тым, ці могуць гэтыя адносіны пайсьці далей? Для далейшага прагрэсу яны павінны быць падмацаваныя чымсьці больш істотным, наяўнасьцю пэўных кірункаў супрацоўніцтва. І тут, я б сказаў, пэрспэктывы невялікія.
Пасьля пяці гадоў нармалізацыі адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю супрацоўніцтва ў канкрэтных сфэрах дасягнута не было. Адносіны, па сутнасьці, засталіся на дыпляматычным і рытарычным узроўнях. Я чакаю, што падобнае адбудзецца і ў амэрыканска-беларускіх адносінах. Так, праз шмат гадоў мы ўбачым аднаўленьне дыпляматычнай прысутнасьці, але далей за гэта, я думаю, ня пойдзе. Перш за ўсё таму, што супрацоўніцтва сутыкнецца з палітычнымі перашкодамі. Урад у Менску не жадае праводзіць палітычныя ці эканамічныя рэформы, асабліва ў напрамку палітычнай лібэралізацыі — свабодных выбараў, пашырэньня прасторы для грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ. Аднак менавіта гэта — асноўнае чаканьне і патрабаваньне заходніх партнэраў.
«Без эканамічных рэформаў генэраваць дадатковыя рэсурсы знутры вельмі цяжка»
— Ці зацікаўлены Аляксандар Лукашэнка ў скарачэньні эканамічнага і энэргетычнага супрацоўніцтва з Расеяй?
— Відавочна, што Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб працягваць атрымліваць нейкія субсыдыі і льготы, якія ўжо даўно датуюць яго рэжым і дазваляюць яму існаваць. На працягу многіх гадоў падтрымка Беларусі з боку Расейскай Фэдэрацыі была досыць істотная, у прыватнасьці, у галіне танных энэрганосьбітаў яна складала каля 5–7 млрд даляраў у год. Гэта вельмі значная частка бюджэту, які мае Лукашэнка, і ў выпадку ідэальнага сцэнару ён, вядома, хацеў бы працягу гэтай падтрымкі, хоць бы частковага. У той жа самы час Менск прызнае, што Масква ўсё менш і менш жадае яе аказваць. Прынамсі на бягучы год Беларусь падрыхтавалася да існаваньня са скарочанай расейскай падтрымкай — у прыватнасьці, стварыўшы больш істотныя фінансавыя рэзэрвы. Гэта дасьць магчымасьць Менску сёлета пакрыць даўгавыя абавязаньні на суму каля 3,5 млрд даляраў.
Але ім трэба знайсьці дадатковыя рэсурсы, якія маглі б эфэктыўна кампэнсаваць страту расейскіх субсыдый. У канцы мінулага году яны здолелі атрымаць крэдыт ад Кітаю, што крыху паляпшае сытуацыю, але ім давядзецца шукаць спосабы атрыманьня даходаў і рэсурсаў зь іншых, нерасейскіх крыніц, у тым ліку і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. І гэта цяжкая задача, таму што, калі вы паглядзіце на беларускую эканоміку, у яе ёсьць патэнцыял росту, напрыклад, у ІТ-сэктары, але без эканамічных рэформаў генэраваць іншыя дадатковыя рэсурсы знутры вельмі цяжка. У выпадку ж з Захадам — Эўрапейскім Зьвязам, Злучанымі Штатамі ці такімі міжнароднымі арганізацыямі, як МВФ — мы вяртаемся да пытаньня наяўнасьці ўмоў для атрыманьня пазык, перш за ўсё правядзеньня эканамічных і палітычных рэформаў. Лукашэнку вельмі складана пагадзіцца з гэтымі ўмовамі, таму што ён баіцца, што нават эканамічныя рэформы паставяць пад пагрозу яго палітычную ўладу. Так што патэнцыял падтрымкі ў выглядзе крэдытаў і інвэстыцый з боку заходніх партнэраў абмежаваны.
«Сумняваюся, што Менск зможа замяніць расейскую нафту»
— Якія варыянты ёсьць у Лукашэнкі, каб зьнізіць энэргетычную залежнасьць ад Расеі?
— Ёсьць некалькі магчымых варыянтаў, і я думаю, што ўсе яны разглядаюцца Менскам. Адзін зь іх, вядома, — гэта паспрабаваць знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, у прыватнасьці нафты. Мы бачылі пастаўкі нафты з Нарвэгіі, ідуць перамовы з Азэрбайджанам і Казахстанам. Ад дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо падчас яго нядаўняга візыту ў Менск паступіла прапанова дапамагчы з пастаўкамі нафты Беларусі па канкурэнтных цэнах. Але ўсе гэтыя варыянты маюць недахопы. Альтэрнатыўныя расейскай нафце пастаўкі каштуюць даражэй, у дачыненьні да некаторых зь іх паўстае пытаньне транспартаваньня, узьнікаюць праблемы тэхнічнага характару. Да прыкладу, тып нафтавай сумесі можа моцна адрозьнівацца ад таго, што вырабляе Расея і што можа быць перапрацавана ў Беларусі. Мяркуючы па папярэдніх спробах Менску пастаўляць нафту ад іншых усясьветных вытворцаў, — напрыклад, больш за дзесяць гадоў таму яны спрабавалі даставіць нафту з Вэнэсуэлы для перапрацоўкі ў Беларусі — ніводная з гэтых мадэляў не аказалася ні ўстойлівай, ні прыбытковай. Таму я сумняваюся, што Менск зможа замяніць расейскую нафту, і гэтая залежнасьць, верагодна, застанецца ў агляднай будучыні.
Іншы варыянт — гэта, вядома, зьнізіць долю спажываньня нафты і іншых энэрганосьбітаў у эканоміцы Беларусі. Вельмі пасьпяховы сэктар — ужо згаданая мною ІТ-сфэра, якая, калі я не памыляюся, заняла першае месца ў экспарце Беларусі ў мінулым годзе. Іншы сэктар, прадукцыю якога Менск можа экспартаваць, — сельскагаспадарчы, магчыма таксама разьвіць і галіну турызму. Але гэта ўсё прынясе вынік толькі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, гэта ня можа хутка разьвязаць надзённыя эканамічныя праблемы Беларусі.
«Ня думаю, што рэжым Лукашэнкі гатовы рэфармавацца хоць трохі»
— Прэзыдэнт Лукашэнка мае даволі дрэнную рэпутацыю ў сфэры правоў чалавека. Ці ёсьць шанец, што сытуацыя тут можа палепшыцца, і ці можа Захад нешта зрабіць?
— Захад шмат разоў спрабаваў падштурхнуць беларускі рэжым у напрамку некаторай палітычнай лібэралізацыі, але мы ня бачылі, каб рабіліся нават малыя крокі насустрач. Напрыклад, нават у тым, што тычыцца ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне, што было цэнтральным патрабаваньнем эўрапейцаў на працягу многіх гадоў. Увядзеньне мараторыю паслала б сымбалічны сыгнал, што ўрад у Менску гатовы да рэфармаваньня і паляпшэньня ўмоў у краіне, хай сабе нават і ў пэўных межах. Але ў гэтым пытаньні мы ня ўбачылі ніякага прагрэсу, гэтаксама як і ў дачыненьні да асноўных дэмакратычных правоў і свабодаў. Мы назіралі пэрыяды невялікага аслабленьня ціску, за якімі зноў ішло ўзмацненьне рэпрэсій. Тое ж самае тычыцца і выбараў, якімі працягваюць маніпуляваць. Тут цалкам можна было б дапусьціць большую адкрытасьць і прастору для палітычнай апазыцыі пры правядзеньні выбарчай кампаніі і зносінах з грамадзянамі. На мой погляд, гэта цалкам выканальныя рэчы, якія не закранаюць стабільнасьць палітычнай сыстэмы ў цэлым. Але нічога з гэтага не было зроблена. Так што я ня думаю, што рэжым Лукашэнкі гатовы рэфармавацца хоць трохі.
Гэта тое, што мы на Захадзе, на жаль, павінны сёньня прызнаць. У нас няма рычагоў, каб паўплываць на правядзеньне якіх-небудзь пазытыўных зьменаў у Беларусі. Пасьля Крыму і Данбасу таксама ствараецца адчуваньне, што ў сваёй палітыцы ў адносінах да Менску мы ўсё меней схільныя настойваць на выкананьні фундамэнтальных каштоўнасьцяў — дэмакратыі, правоў чалавека, свабодных выбараў, свабоды СМІ і грамадзянскай супольнасьці, таму што мы бачым Беларусь праз прызму геапалітыкі, бясьпекі і наяўнасьці побач вельмі агрэсіўнай Расеі. Становіцца яшчэ складаней патрабаваць ад Лукашэнкі правядзеньня рэформаў. І рэжым Лукашэнкі, у сваю чаргу, выкарыстоўваючы менавіта гэты геапалітычны аргумэнт, сьцьвярджае, што ён забясьпечвае стабільнасьць, яму трэба адстойваць сваю незалежнасьць, і таму, калі Захад будзе чыніць на яго ціск дзеля правядзеньня якіх-небудзь дэмакратычных рэформаў, гэта будзе неразумна.