Парлямэнт Паўночнай Македоніі выказаўся за ратыфікацыю пратаколу аб далучэньні краіны да Паўночнаатлянтычнага альянсу.
Законапраект аб ратыфікацыі быў адзіным пунктам парадку дня. За дакумэнт прагаласавалі 114 дэпутатаў, з 116 прысутных галасоў супраць не было. Сёньня адбылася цырымонія пад’ёму сьцягу NATO перад парлямэнтам Паўночнай Македоніі.
Раней прэзыдэнт Паўночнай Македоніі Стэва Пандароўскі заявіў, што працэс ратыфікацыі сяброўства ў NATO павінен скончыцца ў сакавіку.
12 красавіка ў Паўночнай Македоніі пройдуць датэрміновыя парлямэнцкія выбары, таму было прынятае рашэньне прагаласаваць за ратыфікацыю да іх правядзеньня.
Варта адзначыць, што сярод краін NATO гэты пратакол яшчэ не ратыфікаваны Гішпаніяй, і таму Паўночная Македонія не змагла ўступіць у NATO летась.
12 лютага 2019 году ўрад Скопʼе афіцыйна абвясьціў аб зьмене назвы Македоніі на Рэспубліку Паўночная Македонія, каб спыніць працяглую спрэчку з Грэцыяй. Грэцыя шмат гадоў блякавала сяброўства Македоніі ў NATO, заявіўшы, што яе назва зьмяшчае тэрытарыяльныя прэтэнзіі.