Урад Судану пагадзіўся выканаць запыт Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) і выдаць яму асобаў, якіх расшуквае суд.
Рашэньне прынятае падчас перамоваў паміж урадам Судану і паўстанцкімі групоўкамі з Дарфуру. Як адзначае BBC, гэта рашэньне робіць магчымым адпраўку былога прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра ў Гаагу, дзе яму будуць прад’яўленыя абвінавачаньні.
Аль-Башыр кіраваў Суданам з кастрычніка 1993 году па красавік 2019-га, калі быў адхілены ад улады ў выніку вайсковага перавароту і арыштаваны.
Яго вінавацяць у генацыдзе і вайсковых злачынствах, учыненых падчас дарфурскага міжэтнічнага канфлікту на поўдні Судану, які ўспыхнуў у 2003 годзе. Ахвярамі вайны сталі каля 300 тысяч чалавек.
Прадстаўнік ураду Судану заявіў 11 лютага, што «справядлівасьць ня можа быць адноўленая, пакуль мы не залечым раны». Па словах Хасана Эльтаіша, урад вырашыў, што кожны, на чыё імя выданы ордэр на арышт, будзе дастаўлены ў Міжнародны крымінальны суд у Гаагу.
Аль-Башыр, які адмаўляўся прызнаць паўнамоцтвы суду, калі ў яго адрас у 2009 годзе былі вылучаныя абвінавачваньні ў злачынствах, учыненых у Дарфуры, быў адхілены вайскоўцамі ад улады ў красавіку мінулага году.