Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».
«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.
«Ніякай падтрымкі хунце!»
12 чэрвеня 1991 году Барыса Ельцына выбралі першым прэзыдэнтам РСФСР. Падзея была знакавай, рэвалюцыйнай. Бо ўмацоўвала абвешчаны роўна год назад дзяржаўны сувэрэнітэт Расеі, што было выклікам уладам СССР і асабіста Гарбачову.
Дэпутат Гермянчук, аднак, выступае ў Авальнай залі супраць ідэі заснаваць пасаду прэзыдэнта ў БССР. І тлумачыць сьцісла: прэзыдэнт у Беларусі — гэта просты шлях да дыктатуры...
У 2005 годзе, калі Ігара ўжо ня будзе, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назаве Беларусь «апошняй дыктатурай Эўропы». Сфармулюе, зрэшты, перш дзяржсакратар Кандаліза Райс. Думка пра небясьпеку дыктатуры была выказаная дэпутатам Герменчуком задоўга да зьяўленьня першага прэзыдэнта — як перасьцярога, як папярэджаньне: не рабеце гэтага, нельга.
Прыйдзе час — завараць браму ў рэзыдэнцыю амбасадара ЗША ў Драздах. Якая сымболіка! Гэта здарыцца ў 1998-м. А неўзабаве найлепшым «другам» афіцыйнага Менску стане Слабадан Мілошавіч, пазьней Уга Чавэс. І слоўная падтрымка будзе выказвацца — насуперак дэмакратычнаму сьвету — такім, як Садам Хусэйн альбо Муамар Кадафі.
І калі ў студзені 1994 году сталіцу Беларусі наведае прэзыдэнт ЗША, то ў студзені 2019-га — прэзыдэнт Зымбабвэ. Такая эвалюцыя будзе чакаць Беларусь. Аляксандар Лукашэнка паабяцае, што сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павядзе. І ён выканае сваё абяцаньне.
Скончыцца гэты этап у 2019-м, калі прэсавая сакратарка «бацькі» выкажацца пра «пазытыўнае адценьне» слова «дыктатура», дадаўшы, што попыт на дыктатуру можа паўстаць у сьвеце — ня сёньня, дык заўтра. Што да Беларусі, дык «мы ўжо так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура — гэта ўжо наш брэнд», — шчыра прызнаецца прэс-сакратарка.
Напэўна, ня мог ён, малады дэпутат-адраджэнец, так сягаць зрокам за далягляд, але прамоўлена было з трыбуны ўзважана, прадумана, цьвяроза: прэзыдэнт у Беларусі — гэта шлях наўпрост да дыктатуры.
Жнівень 1991-га. Газэта «Свабода» выйшла ў дні ГКЧП з задзірыстым заклікам на першай старонцы: «Ніякай падтрымкі хунце!» Выходзіла яна тады нерэгулярна. Чарговы раз магла зьявіцца празь месяц або нават праз два. Але так супала, што новы нумар у тыя дні 1991-га быў падрыхтаваны перад путчам у Маскве. Газэту вазілі друкаваць у Магілёў.
Баршчэўскі: «Было відаць, што Ігар чалавек кемны, абазнаны ў рэчах, у якіх мы, людзі з правінцыі (я тады жыў у Наваполацку), ня надта разьбіраліся. Валоданьне інфармацыяй заўсёды стварае аўтарытэт чалавеку ў цяперашнім сьвеце. Але імкненьня быць лідэрам вуліцы, як мне здаецца, ён не выяўляў. У першы дзень маскоўскага путчу ён папрасіў мяне з самай раніцы скласьці „рыбу“ для заявы апазыцыі БНФ з асуджэньнем путчу, бо, як ён патлумачыў, „гэта трэба вельмі тэрмінова: я павінен як найхутчэй здаць заўтрашні нумар у друк, пакуль друкарні не перакрылі кісларод“».
Культуроляг Сяргей Харэўскі быў мастацкім рэдактарам «Свабоды». Ён успамінае той дзень як самы яркі момант супольнай працы з Герменчуком:
«Мы працавалі дапозна, вярсталі, зрабілі макет, і я з гэтым макетам паехаў у друкарню ў Магілёў. Здаў макет, прыходжу да дырэктара, было 19-га, а ён пытаецца: а хіба ты ня ведаеш? Вось у Маскве такія справы. Я кажу: ну дык напэўна ж давядзецца мяняць першую старонку...»
Харэўскі патэлефанаваў з кабінэта дырэктара Герменчуку: «Ён падзякаваў, што я патэлефанаваў, сказаў: давай тады тэрмінова загаловак на першую. Я кажу: „Ніякай падтрымкі хунце!“ Ён: кляс! А што тады будзеш маляваць? Бог яго ведае, ну давай, з ходу, за лічаныя хвіліны, намалюю: генэрал спрабуе выпіць мора, нешта такое. Тут жа Гермянчук сеў надыктаваў перадавіцу, пачалі перавёрстваць, а Віктар Корзун прывёз потым у Магілёў зьмененую паласу. Вядома, гэта было баявое хрышчэньне», — кажа Харэўскі.
Храналёгія падзей ва ўспамінах Паўла Жука: «Былі некаторыя сувязі з намэнклятурнымі хлопцамі, „камсамольцамі-дабравольцамі“. Нас нідзе не друкавалі, газэту „Свабода“. Але быў знаёмы дырэктар магілёўскай друкарні». Вось як гэта было.
На рыбалку ў Карэлію
Жук працягвае: «Раніца, путч пачынаецца. Мы зьбіраемся на рыбалку ў Карэлію. Быў „рафік“, каб ехаць. Нумар зрабілі 18-га і адправілі ў друк. „Рафік“ я адправіў у гараж хуткай дапамогі падрамантаваць перад паездкай. Раніцай 19-га павінен быў забіраць.
Прачынаюся, жонка гаворыць: штосьці музыка ўсё гучыць, „Лебядзінае возера“. Званю Герменчуку, ён нічога... Потым аказваецца: путч у Маскве, танкі, жах. Я Герменчуку: мы ж газэту адправілі, трэба нешта рабіць. Вырашылі мяняць першую паласу. Я званю ў Магілёў, там не падымаюць. Я думаю: усё ясна, друкаваць ня будуць ні пры якіх умовах. Ужо ідзе інфармацыя, што рыхтуюць лягер у Крылаве».
Крылава — пансіянат і дачы для начальства, 30 км ад Менску.
Жук успамінае: «Я заскокваю ў хуткую дапамогу, браць машыну ехаць у Магілёў, але яна стаіць разваленая за варотамі. А там жа была суполка БНФ, і хлопцы рамантавалі машыны. Я да інжынэра, а ён — свая кашуля бліжэй да цела, няма ў мяне тваёй машыны, яна вунь — паказвае за вароты».
Але ехаць у Магілёў усё роўна трэба... Жук па прыезьдзе на месца: «Шукаю дырэктара друкарні, няма. Знайшоў на дачы ў лесе. Газэта ж прыйшла яшчэ да путчу, кажу. Дай паперку, што я магу са сваёй газэтай вырашыць. З друкарамі сам дамоўлюся. 20-га я друкую яе. А тут — і плошча, і ўсё. А ў нас газэта: путч ня пройдзе! Прывожу тыраж на плошчу. Ён увесь на плошчы і разьляцеўся, нават ня трапіў у саюздрук. Гэта было 21-га. Тысячы людзей былі на плошчы».
«Мы трапілі проста ў струмень. Гермянчук з нашай газэтай... Мы змаглі апэратыўна зьмяніць, паказаць — што гэта за газэта, выступіць супраць ГКЧП, за свабодную Беларусь. З таго і пачалося: Дземянцея прэч, партыю забараніць. Гермянчук Малафеева хапаў, праганяў з трыбуны», — падсумоўвае Павал Жук.
Пісьменьнік з Мастоў Лявон Вашко тады працаваў у Менску ў рэдакцыі «Нашага слова», выданьня ТБМ, часам самому даводзілася распаўсюджваць, балазе тады людзі зьбіраліся на плошчы Леніна перад Домам ураду, дзе быў Вярхоўны Савет, і праблем з гэтым не існавала. Ён успамінае:
«Поўная плошча людзей. Сутыкнуліся з Герменчуком, ён стаў жартаваць, быў у гуморы. Кажа: вось мой выдавец, прадае сам газэту... Лёгкі быў чалавек, не было дэпутацкай пыхі».
Апошняй справай тых дзён для Жука было адрамантаваць «рафік», каб не змарнаваць заплянаваную рыбалку: «Потым ужо прыяжджаю да начальніка гаража хуткай дапамогі, 22-га, той зрабіў поўнасьцю новую машыну. Хаця пакуль стаяла разабраная, павыцягвалі зь яе палову, таму што путч путчам, а народ народам... І маіх рыбакоў я завёз на Нешчарду вугра лавіць. Такія засталіся ўспаміны, зьвязаныя з путчам і з газэтай».
Для Герменчука і яго «Свабоды» 21 жніўня 1991 году быў дзень трыюмфу.
«П’яныя дэпутаты хацелі зьняць Шушкевіча»
У 1992 годзе ў Міры дзякуючы старшыні ўраду зьбяруцца творчыя працаўнікі. І сам Вячаслаў Кебіч выступіць. І станоўча будзе гаварыць пра ўсё беларускае. Амаль як адраджэнец. Нават Кебіч адчуў, што Мір — цэнтар беларускага сусьвету. Герменчука гэта магло нейкім чынам цешыць, але ён не давяраў Кебічу, свайму калегу ў дэпутацтве, які быў адначасова прэм’ер-міністрам. Кебіч меў больш рэальных рычагоў, але, мабыць, раўнаваў да Станіслава Шушкевіча. Яму хацелася быць першым. І ня проста так. Першым прэзыдэнтам, каб усе ведалі. І меў чалавек падставы: старшыня Дзяржпляну, прэм’ер-міністар. Кандыдат эканамічных навук таксама, між іншым. А што ў Шушкевіча было, калі не лічыць парлямэнту? Прарэктар унівэрсытэту, член-карэспандэнт Акадэміі навук.
Кебіч тады падаваўся найгоршым злом. Таму якраз, што ўсе ўсьведамлялі: мае козыры, багаты досьвед гаспадарніка. Аднак: намэнклятуршчык, на збліжэньне з Масквой разьлічвае (хаця ад яе Менск і не аддаляўся нікуды, таптаўся на месцы). Не, толькі ня ён, лічылі ў дэмакратычным лягеры, толькі ня Кебіч. Ніхто ня мог ведаць, што здарыцца пасьля яго.
Вярхоўны Савет быў для Ігара месцам збору інфармацыі. Ён хадзіў у парлямэнт як на дзьве працы. Ня столькі мець язык было важна, як — вочы і вушы. На сэсіі, у курылцы, кулюарах, сталоўцы. Назіраць, заўважаць, выяўляць. Выконваць карпатлівую працу газэтчыка.
«Свабода» была тым паліграфам, на якім выпрабоўваюць людзей на дзяржаўных пасадах. А сам рэдактар і дэпутат з адлегласьці часу пачынае выглядаць як чалавек-аркестар. Які быў адразу ўсім. Замоўца і выканаўца. Рэпартэр у парлямэнцкай залі, журналісцкі «сьледчы», а ў рэдакцыі — і пяро, і праўшчык стылю, і той, хто прымае ўсе рашэньні.
«П’яныя дэпутаты хацелі зьняць Шушкевіча». Вось так менавіта. Беспардонна, хвостка, быццам мокрай анучай. З падзагалоўкам: «Апазыцыя перамагла, але гэта мала хто заўважыў».
Сёмы нумар, першая палова ліпеня 1993-га. Хто п’яныя? Мы, народныя абраньнікі, паважныя людзі зь дзяржаўнымі паўнамоцтвамі? Ды хто ён такі? Ён? Такі ж самы абраньнік, з паўнамоцтвамі, паважны. Але ён яшчэ зацяты назіральнік. І больш за гэта — газэтны наглядчык за іхнімі паводзінамі, намерамі, таемнымі змовамі.
Пятро Панкратовіч пачынае безь піетэту: «Пра п’яных дэпутатаў скажу ніжэй. Спачатку ж пра тое, што адбылося».
«Першыя паведамленьні афіцыйнай прэсы пра камуністычны шабаш у Вярхоўным Савеце былі настолькі блытаныя, што многія людзі так і не зразумелі вынікаў галасаваньня».
Галасавалі супраць Шушкевіча, каб скінуць яго з пасады кіраўніка парлямэнту. Ён перашкаджаў намэнклятуры, што была гарой за Кебіча, урадавага старшыню. Аўтар разьбірае па костках лічбы. Калі верыць газэтам, за Шушкевіча было «ўсяго 27 галасоў», супраць — 166. І больш ні слова. А гэта ня ўся праўда.
Гермянчук тлумачыць: апазыцыя вырашыла ня браць удзелу ў галасаваньні. Як мог зразумець уніклівы чытач — каб не аддаваць галасы ні за, ні супраць. Гэта — каля сотні чалавек. А разам не галасавалі 142 дэпутаты. Таму немагчыма сказаць, колькі ў Авальнай залі падтрымліваюць Шушкевіча ў рэчаіснасьці. Магчыма, нават большасьць. Чаму? Таму што недавер яму выказала меншая частка парлямэнту.
«Намэнклятура чарговы раз ганебна прайграла Апазыцыі», — Гермянчук піша гэтае слова зь вялікай літары. Намэнклятуры не хапіла ўсяго васьмі галасоў, каб перамагчы Шушкевіча. Што праўда, для чытача было незразумела: чаму апазыцыя магла выйграць, выбраўшы тактыку — ні нашым, ні вашым? І чаму, выдатна разумеючы, чым пахне «камуністычны шабаш», пайшла на прынцып, калі ўсё магло скончыцца дрэнна: праціўніку не хапіла ўсяго васьмі галасоў...
Аўтар тлумачыў усю далейшую мэханіку: Шушкевічу паставілі б ультыматум — каб падаваў у адстаўку. Калі б адмовіўся, было б новае галасаваньне — але з завостранай фармулёўкай «аб адстаўцы». Аўтар піша, што апазыцыя насамрэч рашуча выступіла на баку Шушкевіча, хаця рэдка ўхваляла яго дзеяньні. Апазыцыі было патрэбна стварыць «адсутнасьць кворуму». Паколькі баранілі не самога Шушкевіча, а дэмакратыю і незалежнасьць. Такія тады былі стаўкі ў гульні.
І пад заслону — пра «п’яных дэпутатаў».
«На гэты момант некаторыя дэпутаты ўжо былі добра п’яныя, — кажа дэпутат Мікалай Аксаміт з Ваўкавыску. — Адзін зь іх (нам. старшыні аблвыканкаму) так набраўся, што ледзь трымаўся на нагах. Другі (старшыня райвыканкаму) прыкладна ў такім жа стане нават імкнуўся да мікрафону...»
«Такім чынам, у перапынку, пакуль друкаваліся бюлетэні, намэнклятура ўжо падымала чарку „за перамогу“».
Рэдакцыя ў рыштаваньнях
У рэдакцыі былі яшчэ два вялікія пакоі. Адзін для тэхнічнай службы, другі — проста вэстыбюль, дзе пілі каву. Усё было аднолькава незавершанае. Стан рэдакцыі мне нагадваў словы любімага выкладчыка эканомікі Юшкевіча. У яго лекцыях былі два героі: рабацяга Вася Пухавіцкі і малады журналіст, захоплены прафэсіяй, Міхась Цыбулька. «Уся краіна ў рыштаваньнях» — іранічна перадугадваў выкладчык, што напіша неспрактыкаваны супрацоўнік газэты, убачыўшы заводы і фабрыкі, стрэлы пад’ёмных кранаў на будоўлі.
Хто бываў у той рэдакцыі «ў рыштаваньнях», ніколі не забудзе працоўнай ліхаманкі. Хутчэй-хутчэй! І жвава перамяшчаецца час-часам высокі чалавек, рэдактар. У яго нібы рухавічок унутры. Не дае яму спыняцца. Скончыць нумар — ясна, палёгка, але рукам зноў карціць узяць асадку, далоні нібы сьвярбяць, каб пачаць наступны. Рэдакцыйная праца — гэта вечны бег на месцы, гонка — не выходзячы з памяшканьня. І ён быў у гэтым як рыба ў вадзе.
Валянціна Лецка працавала ў «Свабодзе» на Іванаўскай. Згадвае, што як толькі атрымалі там памяшканьне, адразу запрасілі ахову, хлопцаў з БЗВ, рэдакцыя некалькі гадоў плаціла ім заробак. Яны цэлымі днямі сядзелі на канапе ў першым пакоі, дзе ўсе пілі каву і дзе стаяў акварыюм. У яго запусьцілі і рыбак, і крэвэтак. Крэвэткі аднойчы скінулі панцыры, рыбкі іх абгрызьлі. Потым яны рыбкам адпомсьцілі, «цэлы фільм жахаў».
Аднойчы вярстаюць газэту, чуюць шум. Ахова не пускае дзядзьку з сабакам. Яму трэба бачыць Герменчука. Добра, Гермянчук выйшаў да яго. «Памры за Пазьняка!» — дзядзька загадвае сабаку, сабака — плясь, як мёртвы зваліўся. Выдрэсіраваны так. Ну, пасьмяяліся, і рэдактар пайшоў да сябе. Заўсёды з павагай ставілася да Герменчука, але як «шэфа» не ўспрымала, прызнаецца Валянціна. Рэдакцыя была як адна кампанія, сябры. Усе маглі есьці адзін батон, адразаць, намазваць. Адным відэльцам карыстацца, адною лыжкаю.
«А былі яшчэ дзьве дзеўкі, якія прыйшлі на працу, дзьве маладыя журналісткі, — згадвае Валянціна. — І Гермянчук іх ніколі ня мог злавіць. Яны нешта яму абяцалі напісаць, але нічога не прыносілі вечна. Урэшце Гермянчук пасварыўся, вырашыў іх звольніць. І вось я сяджу побач і чую: адна другой тэлефануе і кажа — прывяжы сябе да крэсла, нам яшчэ і ганарар далі! Злаваў, пазбыўся, але нешта яшчэ заплаціў, на што яны не разьлічвалі».
Бачыліся па-за працай. Сьвяткавалі Каляды і дні нараджэньня адзначалі. Гермянчук у госьці запрашаў, у яго ў Калодзішчах некалькі разоў сустракаліся.
Ігар шмат курыў. Кава і цыгарэты былі бясконцыя. Разам з тым у ім заставалася такое: вясковы хлопец... і трымаць дыстанцыю, гэта ў яго ня вельмі атрымлівалася. Спрабаваў, бывала, «выстраіць», але вельмі хутка адыходзіў. І панібрацкая атмасфэра ўвесь час была. Калі працавалі дапозна, адвозіў дахаты. Вельмі часта гэта рабіў. Поўная машына нас, супрацоўнікаў, сядала. Нават калі яму й не па дарозе было, згадвае Лецка.
Згадваючы Ігара, часта паўтараюць гэтую фразу: «Хвастаў чыноўнікаў».
Але разам з тым для Герменчука важныя былі справы чалавека. Меркаваў паводле ўчынкаў, даробку і нават намераў. Нямала сумленных чыноўнікаў у «Свабодзе» мелі адпаведны выгляд. Яна зусім не была крывым люстэркам, яна была люстэркам, якое рабіла рысы больш выразнымі, вастрэйшымі. «Свабода» не хлусіла.
Жыцьцё для яго не было чорна-белай кінахронікай. Нават у шэрагах палітычных праціўнікаў мог зьмеціць чалавечную асобу. Аднойчы Ігар распавёў, што мае пацьверджаныя зьвесткі пра нейкага камуніста зь Вярхоўнага Савету. Калі надрукаваць, той ня ўзрадуецца. Дык давай — стаў у нумар. І нечаканы адказ Герменчука: ну, будзем бачыць, ня будзем пароць гарачку. Так і не надрукаваў. Чаму? Магчыма, чалавек быў яму сымпатычны, не лічыў яго кончаным.
На каленях у Расею
Дэпутат Лукашэнка гатовы на каленях паўзьці ў Расею. Без Расеі нікуды!.. Яшчэ пра выбары прэзыдэнта не было гаворкі, яшчэ Канстытуцыі не існавала з такой пасадай.
Лукашэнка перайграў пазьней Кебіча на Кебічавай дошцы. На прэзыдэнцкіх выбарах. Мастак. Кебіч не дадумаўся сказаць, што гатовы паўзьці ў Расею на каленях. Лукашэнка сказаў. Загадзя. З разьлікам на бліжэйшую будучыню.
У сярэдзіне траўня ў «Свабодзе» выйшла дробная нататка: у Скарынаўскім унівэрсытэце ў Гомлі студэнтам паабяцалі па пяцьдзясят даляраў за тысячу подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі. Карэспандэнт выканаў нескладанае арытмэтычнае дзеяньне: атрымалася па пяць цэнтаў за подпіс.
Пра Кебіча ў тым жа нумары непараўнальна больш. На БТ пачынаюць зноў круціць кіно пра Штырліца. І каб вы ведалі: дзякуючы Кебічу! Які падпісаў дамову з Чарнамырдзіным. І той з панскага пляча падараваў «Сямнаццаць імгненьняў вясны» беларускаму народу!
А неўзабаве зьявіцца публікацыя «Дзікае паляваньне Кебіча». Газэта яго «любіла». Але Штырліц Штырліцам, а Лукашэнка ўжо на трыбуне ў Дзярждуме! «Свабода» неадкладна паведамляе пра нататку з «Московского комсомольца», што выйшла 20 траўня 1994 году:
«В Государственной Думе, судя по всему, открылся месячник дипломатической самодеятельности. Часть прошлого пленарного заседания коммуно-аграрии подарили какому-то человеку, который, взобравшись на трибуну, практически попросил Думу сделать его президентом Белоруссии, а уж он за это посадит 70 белорусских демократов-рыночников за решётку».
Кебіч, даведаўшыся пра такі выступ, сабраўся ў белакаменную сам. Канкурэнцыя!
«Лукашэнка любіць ВЧК, КГБ і КПБ» — у дробнай нататцы цытуе «Свабода» англамоўную Minsk Economic News. Чалавек заявіў газэце: Ф.Дзяржынскі, Ю.Андропаў і П.Машэраў — найбольшыя для яго аўтарытэты. На першым месцы — Жалезны Фэлікс.
Чалавек зь Дзяржынскім у галаве — гэта сымптаматычна. І нібы сама «Свабода» падказку зрабіла. Толькі-толькі нумар быў са здымкам: рамантуюць грозны бюст насупраць дому з бэльвэдэрам. Каб да выбараў Эдмундавіч выглядаў — «навяк, муха не сядзела».
Прэзыдэнцкая кампанія робіцца ўсё гарачэйшай. У пікетах зьбіраюць подпісы, ходзяць па кватэрах. «Падбіваюць бабкі»: дзе, як і колькі за каго. А газэта Герменчука робіць сваю справу: не спускае вока з ахвотных трапіць у прэзыдэнты. І з асаблівай учэпістасьцю сочыць за найбольш заўзятымі.
«СВАБОДУ забараніць немагчыма. Нават калі вельмі хочацца», — зухава абвяшчаецца ў новым нумары. Паступіў вусны загад: не друкаваць, не распаўсюджваць, ведайце, шаноўныя чытачы. Але мы выходзім!
Збор подпісаў скончаны. Рэгістрацыя кандыдатаў прэзыдэнцкай кампаніі. Сьціплая памерам, зьедлівая нататка на чацьвёртай старонцы. «Пазьняк не падаў рукі Кебічу. А Лукашэнка задаволіўся двума пальцамі Вячаслава Францавіча». На здымку: Лукашэнка нахіліўся да Кебіча, які сядзіць (побач зь ім Новікаў), на твары ўсьмешка, гэта ня той грозны Лукашэнка, якога будуць потым бясконца бачыць беларусы ў тэлевізары. Вячаслаў Францавіч як гаспадар адказвае па-панску. Нібы робячы ласку, левай рукой вымаючы ці засоўваючы ў нагрудную кішэню пінжака насоўку — горача!
31 траўня, Цэнтравыбаркам. Усе прэтэндэнты ў зборы, лічба не ўдакладняецца. Адзін кароткі абзац: «Старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч спрабаваў па-сяброўску павітацца з кіраўніком Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком, двойчы працягнуў яму руку. Аднак сп. Пазьняк дэманстратыўна праігнараваў т. Кебіча. На пакрыўджанае пытаньне Вячаслава Францавіча Зянон Станіслававіч адказаў: „Мы з вашымі рукамі яшчэ разьбярэмся“».
«Спадар Свабода». Кніга Сяргея Астраўцова пра Ігара Герменчука
1. «Час пісталетаў»
2. Як у Менску ў канцы 1970-х ладзілі падпольную друкарню
3. Як будучыя дэпутаты незалежнасьці сустрэліся па дарозе з Салаўкоў
4. Аўтаспынам на журфак
5. Такой мовай у парлямэнце яшчэ не прамаўлялі
6. Як Лукашэнка Кебічу паціснуў два пальцы, а Пазьняк не падаў рукі
7. Пацалунак Кебіча і Чарнамырдзіна
8. «Ноч доўгіх нажэй»
9. Думкі аб прэзыдэнцтве
10. Газэта зь пятлёй на шыі
11. Газэта зь пятлёй на шыі
12. «У нашым краі пануе чужак»