Пра тое, што беларускія спэцыялісты будуць вучыць жандараў у афрыканскай краіне, першым паведаміла выданьне africaintelligence.com.
«Беларускія інструктары трэнуюць івуарыйскіх жандараў GEB» — такія загалоўкі зьявіліся ў шэрагу афрыканскіх СМІ. Крыніцай інфармацыі стала выданьне Africa intellegence. Паводле паведамленьня, беларусы прыбылі ў Кот-д’Івуар 3 лютага.
GEB — гэта падразьдзяленьне івуарыйскай жандармэрыі, на ўзбраеньні якога знаходзіцца цяжкая бранятэхніка. Як паведамляе выданьне RFRM, у 2018 годзе на вайсковым парадзе ў Абіджане былі заўважаныя бронеаўтамабілі «Кайман» беларускай вытворчасьці. Ці знаходзяцца яны на ўзбраеньні GEB, невядома.
У Міністэрстве абароны ўдзел беларускіх спэцыялістаў у падрыхтоўцы івуарыйскіх жандараў зьняпраўдзілі.
«Вайсковае ведамства не накіроўвала сваіх прадстаўнікоў у Кот-д’Івуар», — паведаміла Свабодзе афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік.