Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Польшчы і ЗША ў Менску ўшанавалі Тадэвуша Касьцюшку

абноўлена

Імпрэза ў гонар 274-й гадавіны нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, на сцэне: міністры замежных спраў Белаурсі і Літвы Ўладзімер Макей і Лінас Лінкявічус, кіраўнікі амбасадаў Польшчы і ЗША Артур Міхальскі і Джэніфэр Мур.
Імпрэза ў гонар 274-й гадавіны нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, на сцэне: міністры замежных спраў Белаурсі і Літвы Ўладзімер Макей і Лінас Лінкявічус, кіраўнікі амбасадаў Польшчы і ЗША Артур Міхальскі і Джэніфэр Мур.

З нагоды 274-х угодкаў з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Менску 4 лютага адбыўся дыпляматычны прыём, арганізаваны амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім і часовай паверанай у справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур.

Тадэвуш Касьцюшка — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Кіраваў паўстаньнем 1794 году супраць падзелаў Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у Вайне за незалежнасьць ЗША 1775-1783 гадоў.

На ім прысутнічалі таксама міністры замежных спраў Беларусі і Літвы Ўладзімер Макей і Лінас Лінкявічус. Адкрываючы імпрэзу, прадстаўніца амэрыканскай амбасады Джэніфэр Мур заявіла:

«Мы верым, што Касьцюшка сёньня знаходзіцца тут з намі».

Тадэвуш Касьцюшка
Тадэвуш Касьцюшка

Амбасадар Польшчы Артур Міхальскі нагадаў, што Касьцюшка нарадзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Слонімскім павеце, які сёньня ёсьць тэрыторыяй сувэрэннае Беларусі. Міхальскі паведаміў, што 4 лютага ён разам з спадарыняй Мур усклаў кветкі ў Мерачоўшчыне да помніка герою ля сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Міхальскі назваў беларусаў, палякаў, літоўцаў суайчыньнікамі і братамі ў барацьбе за незалежнасьць:

«І ўсё мы лічым сябе ягонымі спадкаемцамі. Ён наш герой, ён змагаўся за нашу і вашу Свабоду», — сказаў Міхальскі.

Адкрыцьцё помніку Тадэвушу Касьцюшкі ва ўрочышчы Марачоўшчына ля Косава, травень 2018
Адкрыцьцё помніку Тадэвушу Касьцюшкі ва ўрочышчы Марачоўшчына ля Косава, травень 2018

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў з прамовай аб гістарычнай значнасьці постаці Тадэвуша Касьцюшкі, «чалавека, які належыць да Беларусі, Польшчы, Літвы і ЗША».

Макей заявіў пра неверагодны размах асобы Касьцюшкі. Макей нагадаў, што дзяржаўны сакратар Майк Пампэо, які быў 1 лютага зь візытам у Беларусі, вучыўся ў Вайсковай акадэміі ЗША Вэстпоінт, якую ў свой час заснаваў Тадэвуш Касьцюшка. Макей сказаў, што імпрэза ёсьць працягам візыту дзяржаўнага сакратара ЗША, калі падчас перамоваў бакі абмеркавалі магчымасьці далейшага разьвіцьця адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю.

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што 4 краіны, прадстаўленыя на імпрэзе, яднае менавіта асоба Тадэвуша Касьцюшкі. Ён згадаў вызначальную ролю Касьцюшкі ў кіраўніцтве антырасейскага паўстаньня 1794 году. Кіраўнік МЗС Літвы дадаў, што нашчадкі Касьцюшкі ў 1863 годзе зладзілі новае паўстаньне пад лёзунгам «За нашу і вашу Свабоду», герояў гэтага паўстаньня летась пахавалі ў Вільні. Лінкявічус заявіў, што свабода не даецца дарма, за яе трэба змагацца, гэта тычыцца і часоў Касьцюшкі, і сучаснасьці.

«Дабраславі Божа нашыя народы. За нашу і вашу Свабоду!», — скончыў прамову Лінкявічус.

Падчас імпрэзы паказалі відэазвароты з нагоды дня народзінаў Касьцюшкі ад дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампэо і міністра замежных справаў Польшчы Яцэка Чапутовіча.

Відэазварот Пампэо запісалі ў амбасадзе ЗША ў Менску каля помніку Тадэвушу Касьцюшку, аднаго з двух помнікаў кіраўніку паўстаньня 1794 году, якія стаяць у Беларусі. Пампэо згадаў сваю вучобу ў акадэміі Ўэстпойнт. Унёсак Касьцюшкі ў амэрыканскую свабоду, паводле Пампэо, ведае кожны кадэт гэтай акадэміі.

Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч, сказаў што імем Касьцюшкі ў Польшчы названыя тысячы плошчаў, вуліц і школ. Помнікі Касьцюшку стаяць па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Мерачоўшчыне, на радзіме ваяра. Касьцюшка быў сынам Рэчы Паспалітай, сказаў Чапутовіч, і горача верыў ва ўнівэрсальную ідэю свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG