Дзень Волі ў Горадні плянуюць адзначыць у Калоскім парку 21 сакавіка. Арганізатары хочуць зьмяніць звычайны фармат мерапрыемства.
Як расказаў Свабодзе адзін з арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі ў Горадні Вадзім Саранчукоў, папярэдне дамовіліся сьвяткаваць Дзень Волі ў Горадні ў суботу, 21 сакавіка, у Калоскім парку, дзе ладзіліся ўгодкі абвяшчэньня БНР у мінулыя гады.
Парк ля Каложы — паблізу ад цэнтру гораду, ён уваходзіць у сьпіс дазволеных месцаў, дзе можна ладзіць гарадзкія мерапрыемствы. Арганізатары ня мусяць прасіць у такім выпадку дазвол на імпрэзу, дастаткова даслаць гарадзкім уладам толькі апавяшчэньне. Дзень выбралі выходны, з такім разьлікам, каб усе ахвотныя маглі ўзяць удзел у абодвух сьвяткаваньнях: у Горадні і ў Менску 22 сакавіка.
Як і раней, плянуецца музычны канцэрт, выступы зь віншаваньнямі са сцэны. Але сёлета фармат сьвяткаваньня крыху зьменіцца.
«Мінулым разам мы акцэнтавалі ўвагу на сцэну, канцэрт. У гэтым годзе папярэдне абмяркоўваецца, што гэта будзе інтэрактыўны фэстываль, дзе асноўны націск будзе на тэматычныя пляцоўкі, на ўдзел людзей у працы пляцовак, на камунікацыю сярод удзельнікаў. Ня проста прыйсьці да сцэны, пастаяць, паслухаць, але і паўдзельнічаць у розных інтэракцыях», — кажа Вадзім Саранчукоў.
Як дадаў Саранчукоў, кожны ўдзельнік Дня Волі ў Горадні атрымае «пашпарт грамадзяніна БНР», асабліва актыўныя — «візу гарадзенца» ў гэты пашпарт, калі пройдуць пэўны квэст і выканаюць патрэбныя заданьні.
Склад музыкаў і тэматыка пляцовак яшчэ вызначаюцца.
Чарговая арганізацыйная сустрэча плянуецца 11 лютага ў 18:30 у Цэнтры гарадзкога жыцьця. На яе запрашаюць усіх ахвотных. У гарадзенцаў будзе магчымасьць прапанаваць свае ідэі, як правесьці сьвята, і стаць ягонымі суарганізатарамі.
На арганізацыю імпрэзы, у тым ліку на аплату працы міліцыі і мэдыкаў, спатрэбіцца каля 15 тысяч рублёў. Краўдфандынгавую кампанію запусьцяць на наступным тыдні.
Тым часам на менскі мітынг-канцэрт, які хочуць правесьці 22 сакавіка, пачалі ўжо зьбіраць грошы.