Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прадставіў плян урэгуляваньня блізкаўсходняга канфлікту


Прэс-канфэрэнцыя Дональда Трампа і Біньяміна Нэтаньягу ў Белым доме, 28 студзеня 2020
Прэс-канфэрэнцыя Дональда Трампа і Біньяміна Нэтаньягу ў Белым доме, 28 студзеня 2020

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 28 студзеня прадставіў мірны плян, распрацаваны яго адміністрацыяй з мэтай урэгуляваць канфлікт паміж Ізраілем і палестынцамі.

У Белым доме прайшла сумесная канфэрэнцыя прэзыдэнта Трампа і кіраўніка ізраільскага ўраду Біньяміна Нэтаньягу.

«Сёньня Ізраіль робіць вялікі крок на шляху да міру», — заявіў Трамп.

Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, плян дае палестынцам «апошнюю магчымасьць» стварыць незалежную дзяржаву.

«Апошнюю – таму што такой адзінай каманды, якая ў нас ёсьць цяпер, больш ня будзе», – сказаў Трамп.

Трамп падкрэсьліў, што згодна з плянам Ерусалім застаецца непадзельнай сталіцай Ізраіля. Адначасова ён прапанаваў прызнаньне Ўсходняга Ерусаліму сталіцай Палестыны. Пры гэтым, адзначыў Трамп, плян патрабуе, каб палестынцы адмовіліся ад мэтадаў ўзброенай барацьбы і ад падтрымкі Хамасу.

«Я паслаў сёньня ліст кіраўніку Палестынскай аўтаноміі Махмуду Абасу. Я сказаў яму, што тэрыторыя, прызначаная для Палестынскай дзяржавы, будзе на працягу чатырох гадоў заставацца ў цяперашнім стане, і гэты час можна будзе выкарыстоўваць для падрыхтоўкі стваральных пераменаў на гэтых тэрыторыях», – сказаў Трамп. І дадаў:

«Прыйшоў час ісламскаму сьвету выправіць памылку, зробленую ў 1948 годзе, і прызнаць Ізраіль. Час для гэтага прыйшоў».

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньягу падтрымаў прапанову Трампа і выказаў гатоўнасьць неадкладна пачаць мірныя перамовы з палестынцамі ў выпадку, калі тыя прызнаюць габрэйскую дзяржаву.

Нетаньягу таксама сказаў, што згодна з плянам Ізраіль неадкладна анэксуе Ярданскую даліну і ўсе габрэйскія паселішчы Юдэі і Самарыі.

Тысячы палестынцаў пратэставалі раней 28 студзеня супраць пляну Трампа. Ізраільскія вайскоўцы тым часам разьмясьцілі свае войскі на тэрыторыі акупаванага Заходняга берагу.

Палестынскі прэм’ер-міністар Мухамад Штае заявіў, што плян Трампа — ня больш чым спосаб «закрыць палестынскае пытаньне». Палестынскі бок адмаўляецца весьці дыялёг з адміністрацыяй Трампа, абвінавачваючы яе ў прадузятасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG