Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у новай рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму»
Гэты камэнтар Аляксандра Лукашука, які прагучаў на хвалях Свабоды 18 студзеня 2000-га, кантрастна дысанаваў з тым, што ў тыя дні казалі маскоўскія дэмакраты (ды і пэўная частка менскіх).
У гэты самы час расейскія дэмакраты (абсалютная большасьць іх) спадзяваліся на Пуціна і падтрымалі яго на прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку 2000 года.
Уласна, на саміх выбарах ад падтрымкі ці не падтрымкі Пуціна дэмакратамі ўжо няшмат што залежала (рэйтынг Пуціна за некалькі месяцаў прэм’ерства не пакідаў шанцаў іншым кандыдатам), але на стадыі выбару яшчэ прэзыдэнтам Ельцыным свайго пераемніка дэмакраты маглі паўплываць на рашэньне гаспадара Крамля. Але яны гэтага не зрабілі.
На выбарах 2000 г. Грыгоры Яўлінскі сам ішоў кандыдатам, але лідэры «Саюза правых сілаў» Ягор Гайдар, Барыс Нямцоў, Анатоль Чубайс ды іншыя агітавал менавіта за падпалкоўніка КГБ-ФСБ. Прыслухацца да галасоў Валерыі Навадворскай і Сяргея Кавалёва (апошні ў інтэрвію Свабодзе прапанаваў уявіць, што оберштурмбанфюрэр СС годзе ў 1946 ўзначальвае Нямеччыну) — грамадзтва не пажадала.
Камэнтар, з большага, прысьвечаны асобе Селязьнёва (сёньня ў Беларусі яго ўзгадаюць хіба што толькі палітолягі ды гісторыкі, якія аналізуюць дэталі падзеяў 1996 года, ацэнены на Захадзе як антыканстытуцыйны пераварот). Але Селязьнёў быў толькі выканаўцам таго, што камэнтатар назваў «ўсталяваньнем больш шчыльнага і бязьлітаснага кантролю над зонай расейскіх інтарэсаў — былымі савецкімі рэспублікамі».
Абдурваюць толькі тых, хто хоча быць абдураным
Сёньня Генадзь Селязьнёў ізноў абраны старшынём Дзяржаўнае Думы Расеі. Ён набраў неабходную большасьць галасоў пры безальтэрнатыўным галасаваньні.
Камэнтар Аляксандра Лукашука. Эфір 18 студзеня 2020.
Генадзь Селязьнёў узначальваў ніжнюю палату расейскае Дзярждумы папярэдняга скліканьня. Сёлета ён прэтэндаваў на пасаду губэрнатара маскоўскае вобласьці, але прайграў выбары. У абраньні Селязьнёва аб’ядналіся ня толькі камуністы ды іхныя саюзьнікі, але і прадстаўнікі партыі ўлады — так званы «Мядзьведзь». Расейскія выбаршчыкі, якія падтрымалі аморфны блёк Шойгу-Гурава-Карэліна, за якімі стаяла постаць Пуціна — атрымалі першы сюрпрыз: іхныя абраньнікі галасуюць разам з камуністамі.
Але абдурваюць толькі тых, хто хоча быць абдураным. Сюрпрыз насамрэч невялікі — Крамлю патрабуецца паслухмяны парлямэнт і, верагодна, у абмен на пасаду сьпікера ўдзельнікі пагадненьня атрымаюць пасады кіраўнікоў важных думскіх камітэтаў.
Абраньне Селязьнёва будзе вітаць афіцыйны Менск — і на гэта ёсьць прычыны. Сьпікер — удзельнік лістападаўскага 1996 году перавароту ў Беларусі, актыўны інтэгратар, заўсёдны саюзьнік прэзыдэнта Лукашэнкі, які страціў легітымнасьць, але ня страціў сяброў у Расеі.
Я меў магчымасьць назіраць паводзіны Селязьнёва на Парлямэнцкіх Асамблеях АБСЭ, калі разглядалася пытаньне Беларусі. Нягледзячы на пастанову АБСЭ, ён настойліва пратэставаў супраць удзелу ў сэсіях дэлегацыі Вярхоўнага Савету, агрэсіўна цягнуў у Парлямэнцкую Асамблею лукашэнкаўскага сьпікера Малафеева, а калі выступ беларускага дэлегата падаўся яму занадта крытычны, ён зьвяртаўся да прэзыдэнта Асамблеі з просьбай абараніць яго ад беларусаў.
Насамрэч абараняцца давядзецца беларусам ды ня толькі ім. Селязьнёў у якасьці сьпікера — знак працягу расейскай палітыкі інтэграцыі, падтрымкі існуючай беларускай улады, а таксама — марнасьці спадзяваньняў беларускай апазыцыі на ўзаемавыгадныя кантакты з расейскім палітычным алімпам. Патэнцыйныя саюзьнікі зь ліку фракцыі «Яблыка» і незалежных дэпутатаў занадта слабыя, каб абараніць нават свае інтарэсы, ня кажучы пра інтарэсы суседзяў. А так званыя прагматыкі-лібэралы, якія ў большасьці падтрымліваюць карную вайну ў Чачні, ужо не адрозьніваюцца ад Селязьнёва ў пытаньнях вайны і міру і вонкавай палітыкі.
Верагодна, мы прысутнічаем пры пачатку кансалідацыі дзяржаўнасьці Расеі паводле аўтарытарнага ўзору, якая будзе суправаджацца ўсталяваньнем больш шчыльнага і бязьлітаснага кантролю над зонай расейскіх інтарэсаў — былымі савецкімі рэспублікамі.