Візыт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію чакаецца 3 красавіка, паведаміў прэм’ер-міністр Латвіі Крышʼяніс Карыньш.
Ён сустракаецца ў Менску з кіраўніком Беларусі, перадае БелТА.
Лукашэнка прапанаваў прэмʼер-міністру Латвіі сурʼёзна пашырыць супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі. Лукашэнка сказаў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюзу эканамічныя сувязі дзьвюх краін былі вельмі моцнымі, аднак многае страчана цягам апошніх гадоў.
«Але важна ня столькі глядзець назад, колькі зьвяртаць сваю ўвагу і погляд наперад. І ў гэтым пляне намецілася шмат напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Латвіяй», — сказаў ён.
Паводле Лукашэнкі, «у адрозьненьне ад іншых балтыйскіх дзяржаў» фон супрацоўніцтва паміж Латвіяй і Беларусьсю добры. Ён сказаў, што «нам трэба скарыстацца гэтым момантам і сурʼёзна пашырыць наша супрацоўніцтва».
Паводле Лукашэнкі, ад гэтага будзе «вялікая выгада (калі казаць пра эканоміку) як для Латвіі, так і для Беларусі ».
«Трэба абмеркаваць усе пытаньні, каб мы дакладна, шчыра, адкрыта ішлі на супрацоўніцтва адзін з адным», — сказаў ён.
Аляксандра Лукашэнку ў 2018 і 2019 гадах запрашалі ў Латвію, але кіраўнік Беларусі там так і не пабываў за ўсю гісторыю. У Беларусь мінулым летам прыяжджаў міністар замежных справаў Латвіі, два гады таму — папярэдні прэм’ер Латвіі Марыс Кучынскіс.