Пасьля заканчэньня школы Вера разьбіла рукой вакно і выскачыла з трэцяга паверху. Дзяўчыне падавалася, што яе перасьледуе сваяк. Яна не адрозьніла галюцынацыі ад явы. Пашанцавала, што пад вокнамі была клюмба, перад гэтым прайшоў дождж — зямля была мяккая. Вера выжыла.
Пасьля некалькіх месяцаў рэанімацыі Веру адправілі ў Навінкі — Навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Менску. Наперадзе было доўгае лячэньне і знаёмства з новым жыцьцём, з дыягназам шызафрэнія.
Вера скончыла каледж, прайшла курсы кухараў і кандытараў. Аднавілася фізычна і ўжо амаль паверыла, што зноўку здаровая. Але пасьля таго, як перастала піць лекі, сутыкнулася з новым абвастрэньнем. Гэтым разам сярод начы яна ўдарыла да страсеньня мозгу самага блізкага чалавека — маці. І зноў апынулася ў Навінках.
Веры 22 гады. Яна перажыла два абвастрэньні і чатыры шпіталізацыі. У праекце “Партрэт” дзяўчына расказвае, як яна выжыла пасьля ўсяго гэтага, чым жыве і як бачыць сваю будучыню.
Праект «Партрэт» — гэта адкрытыя творчыя сэсіі, дзе мастакі (мастачкі) малююць партрэт галоўнага героя сустрэчы: чалавека, у якога ёсьць псыхічнае расстройства. Гэта першы псыхаактыўны праект у падтрымку людзей з псыхіятрычнымі дыягназамі, арганізаваны менскім клюбным домам «Адкрытая душа» пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода і падтрымцы пляцоўкі «Тэрыторыя правоў».