На 70-м годзе жыцьця памёр былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Ўладзімер Станкевіч.
Прафэсійная кар’ера Станкевіча-юрыста зрабіла імклівы рывок у 1990 годзе, калі ў сакавіку ён, старэйшы юрысконсульт калгасу «Беларусь» Мядзельскага раёну, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, а ў ліпені — намесьнікам старшыні галоўнай парлямэнцкай камісіі — камісіі па заканадаўстве; пасада прыраўноўвалася да міністарскай. Пры жаданьні «правільна» будаваць адносіны з найвышэйшым кіраўніцтвам — спачатку з Кебічам, потым з Лукашэнкам — Уладзімер, я ўпэўнены, мог бы зь цягам часу быць, да прыкладу, старшынём Вярхоўнага Суду.
Але ў яго быў іншы характар: ён не жадаў падыгрываць начальству і выконваць тое, што супярэчыла ягоным уласным перакананьням. У яго была высокая планка ўласнай годнасьці і ступені асабістай свабоды (што ўвогуле было нечакана для чалавека, зьвязанага з савецкай юрыспрудэнцыяй).
Старшынём парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве быў Дзьмітры Булахаў. Праз два гады працы ў камісіі Статкевіч сышоў з пасады ягонага намесьніка і прыняў прапанову Генадзя Карпенкі — стаў начальнікам маладэчанскай міліцыі. Карпенка працаваў мэрам Маладэчна, а намесьнікам яго быў Віктар Ганчар. Ня ўсе іх пляны рэалізаваліся, але шмат якія рэформы ажыцьцявіць удалося. На пэўны час Маладэчна зрабілася ці ня самым свабодным беларускім горадам, месцам з найбольш спрыяльным кліматам для бізнэсу (там рэгістраваліся нават фірмы з офісамі ў сталіцы). Цяпер гэтага няма, але вуліцы, перайменаваныя ў гонар нацыянальных дзеячоў, засталіся.
Зь пераходам на працу ў Маладэчна Уладзімер Станкевіч зьменшыў актыўнасьць у апазыцыі і ўрэшце зьвёў яе да нуля (гэта супала і з адмовай Вярхоўнага Савету прызначыць рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах; да ідэі БНФ правесьці такі рэфэрэндум Станкевіч паставіўся крытычна). Ён увогуле значна радзей выказваўся на сэсіях, магчыма, расчараваўшыся ў эфэктыўнасьці палітычнай дзейнасьці.
Але ў часы, калі Ўладзімер максымальна ўдзельнічаў у парлямэнцкай працы (1990-91 гг.), ягоны ўдзел у апазыцыі быў вельмі эфэктыўным.
Подпіс Уладзімера Станкевіча стаіць пад усімі асноўнымі дакумэнтамі Апазыцыі БНФ таго часу, пачынаючы ад заяваў пра стварэньне парлямэнцкай групы БНФ і Апазыцыі БНФ у ліпені 1990-га.
Сапраўдным шокам для пракамуністычных дэпутатаў на другой сэсіі Вярхоўнага Савету ўвосень 1990-га было прадстаўленьне пакета эканамічных законапраектаў, якія распрацавала Апазыцыя. Яны думалі, што «им бы только флажки да мова», а тут — канцэпцыя пераходу эканомікі да рынку, падмацаваная праектамі законаў.
Станкевіч удзельнічаў у распрацоўцы «зямельнага блёку», бо не ўяўляў свабоднага чалавека бяз права быць поўным гаспадаром на сваёй зямлі. І менавіта Станкевіч прадстаўляў на сэсіі альтэрнатыўны Кодэкс аб зямлі. Менавіта яму давялося адбіваць папрокі і зьедлівыя рэплікі праціўнікаў увядзеньня права прыватнай уласнасьці на зямлю — таго падмурку, безь якога чалавек ня можа адчуваць сябе сапраўдным гаспадаром на зямлі. Наш закон набраў толькі 76 галасоў, і коласаўскае «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут...» на дзесяцігодзьдзі застанецца толькі марай. Тады нашыя апанэнты прыводзілі ў прыклад Польшчу, якая перажывала натуральны для пэрыяду рынкавых рэформаў крызіс; што ж, сёньня можна параўнаць эфэктыўнасьць сельскай гаспадаркі ў Польшчы і ў Беларусі. Можна параўнаць і ступені свабоды — як гаспадарчай, эканамічнай, гэтак і грамадзкай, асабістай.
Вясной 1992-га Станкевіч разам зь іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ выступіў супраць парушэньняў пры даабраньні новых членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі (тады ў склад ЦВК упершыню ўвайшла і Лідзія Ярмошына).
А сапраўдным палітычным «зорным імгненьнем» для Ўладзімера Станкевіча, як і для іншых дэпутатаў БНФ, быў жнівень 1991-га. Уладзімер выходзіў на Плошчу і падпісваў заяву супраць ГКЧП у дні, калі ніхто ня ведаў, чым можа скончыцца такая актыўнасьць для яе ўдзельнікаў. Ягоны подпіс — і пад патрабаваньнем аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, якой было наканавана ўвайсьці ў гісторыю як Сэсія Незалежнасьці.
Ён запатрабаваў пайменнага галасаваньня па ўсіх пытаньнях, якія разглядаліся на сэсіі, і абнародаваньня вынікаў у прэсе, уносіў істотныя ўдакладненьні па працэдурных момантах (для недасьведчанага чалавека нібыта і неістотных, але вельмі важных для прыняцьця галоўных рашэньняў, якіх мы дамагаліся — спыненьня дзейнасьці КПБ і КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці).
Вось фрагмэнт выступу Ўладзімера Станкевіча 25 жніўня 1991 году, калі стала вядома, што ў Маскве Гарбачоў і Ельцын спынілі дзейнасьць КПСС на тэрыторыі Расеі:
«Сілаеў (кіраўнік ураду Расеі — С.Н.) адназначна сказаў, што Беларусь нам здрадзіла. Гэта чулі многія. Ім здрадзіла не Беларусь. Ня варта атаясамліваць Малафеева і Дземянцея зь Беларусьсю. Але калі сёньня мы ня зробім тое, што зрабіла Расея ў адносінах да камуністычнай партыі, мы пацьвердзім словы Сілаева і тым самым падставім беларускі народ, які ня здраджваў ні дэмакратыі, ні Расеі. Таму тут двух меркаваньняў быць ня можа. Бо адназначна павінна быць прыпыненая дзейнасьць гэтай партыі. І потым, нават калі суд дакажа яе невінаватасьць, павінна адбыцца не аднаўленьне яе дзейнасьці, а рэгістрацыя, як і ўсіх іншых партыяў, пры дапамозе свайго статуту і гэтак далей. Іншая справа, і вы цудоўна разумееце, — пасьля таго, што адбылося, пасьля прыпыненьня, які б суд ні даказваў правату гэтай партыі, у яе ня пойдзе народ. Ня пойдзе».
У момант, калі Дэклярацыі надаваўся статус канстытуцыйнай сілы (што юрыдычна і было абвяшчэньнем Незалежнасьці), Статкевіч прапанаваў выключыць з тэксту артыкул 12-ты, які прадугледжваў распрацоўку і падпісаньне новай Саюзнай дамовы (супраць гэтага артыкулу 27 ліпеня 1990 году выступаў Народны Фронт).
Паводле стэнаграмы, 25 жніўня 1991 году, Уладзімер Станкевіч галасаваў «за» на ўсіх этапах прыняцьця дакумэнтаў, якія дэ-юрэ рабілі Беларусь незалежнай краінай.
А празь некалькі дзён ён падпісаў зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ да ўсіх жыхароў Беларусі з заклікам уключыцца «ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай сувэрэннай Беларусі». «У нашай культурнай, памяркоўнай дэмакратычнай Бацькаўшчыне ніхто не павінен і ня будзе перасьледаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі ці камсамоле», — гаварылася ў звароце.
Гэты зварот быў пачуты далёка ня ўсімі — і, як паказалі наступныя падзеі, значная частка насельніцтва яшчэ доўга не ўсьведамляла (а некаторыя не асэнсавалі і сёньня) каштоўнасьць сувэрэннай дзяржавы для лёсу іх і нашчадкаў.
Але каб гэтая незалежнасьць адбылася, Уладзімер Станкевіч зрабіў усё, што магло ад яго залежаць.