ЗША вырашылі накіраваць на Блізкі Ўсход каля 3 тысяч салдат са складу 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Як паведамляе Reuters са спасылкай на Пэнтагон, рашэньне прынятае ў якасьці меры засьцярогі на фоне росту пагрозаў у адрас ЗША.
Войскі будуць дысьлякавацца ў Кувэйце, куды ў пачатку гэтага тыдня ўжо прыбылі 750 амэрыканскіх вайскоўцаў.
Іран паабяцаў адпомсьціць ЗША за забойства генэрала Касэма Сулеймані. Іранскі генэрал, які камандаваў элітнымі войскамі са складу Рэвалюцыйнай гвардыі, быў забіты ў раёне багдадзкага аэрапорта раніцай 3 студзеня ў выніку спэцапэрацыі ЗША, ухваленай прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
У Іране Сулеймані адказваў за спэцыяльныя апэрацыі на тэрыторыі замежных дзяржаваў. Паводле зьвестак Пэнтагону, ён плянаваў атаку на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў.
З траўня 2019 году па цяперашні час ЗША ўжо разьмясьцілі на Блізкім Усходзе каля 14 тысяч вайскоўцаў.