Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Чарнагорыі назваў «нецывілізаваным» напад футбольных заўзятараў на амбасаду ў Бялградзе


Пратэст у Бялградзе супраць прыняцьця закону аб свабодзе веравызнаньня ў Чарнагорыі; 27 сьнежня 2019
Пратэст у Бялградзе супраць прыняцьця закону аб свабодзе веравызнаньня ў Чарнагорыі; 27 сьнежня 2019

Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Душка Маркавіч назваў «нецывілізаваным» пратэст футбольных заўзятараў каля будынку чарнагорскай амбасады ў Бялградзе і спробу падпалу чарнагорскага сьцяга.

«Учора ўвечары ў Бялградзе [меў месца] яшчэ адзін нецывілізаваны напад на амбасаду Чарнагорыі і чарнагорскі сьцяг. Уражвае стаўленьне сэрбскай улады. Чарнагорыя зноў стаіць перад выклікам абароны незалежнасьці і свабоды. Захаваем нашу Чарнагорыю насуперак нянавісьці, якою яе напаўняюць тыя самыя дзеячы ўнутры яе і за яе межамі!», — напісаў Маркавіч у сваім твітэры 3 студзеня.

2 студзеня заўзятары бялградзкага футбольнага клюбу Crvena Zvezda перад амбасадай Чарнагорыі ў Бялградзе арганізавалі пратэст супраць прынятага нядаўна ў Чарнагорыі закону аб свабодзе веравызнаньня, падчас якога паспрабавалі падпаліць сьцяг на чарнагорскай амбасадзе пэтардамі.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам Міністэрства замежных справаў Чарнагорыі выклікала на размову сэрбскага амбасадара ў Подгарыцы.

Чарнагорскі закон аб свабодзе веравызнаньня прадугледжвае, сярод іншага, што ўсе рэлігійныя аб’екты на тэрыторыі Чарнагорыі, якія былі збудаваныя або набытыя з публічных даходаў дзяржавы або былі ў дзяржаўнай ўласнасьці да 1 сьнежня 1918 году, абвяшчаюцца ўласнасьцю дзяржавы і часткаю культурнай спадчыны Чарнагорыі — калі ня будзе пацьверджанае іншае права ўласнасьці. Як ацэньваецца, у выніку дзеяньня гэтага закону Сэрбская праваслаўная царква можа пазбавіцца ўласнасьці на 650 цэркваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG