Сьмерці 2-гадовай дзяўчынкі і 5-гадовага хлопчыка здарыліся ў Бабруйску з інтэрвалам у адзін дзень — 25 і 26 сьнежня. Пра трагічныя выпадкі паведаміла мясцовае выданьне «Камэрцыйны кур’ер».
Паводле мясцовых журналістаў, дзяўчынка, якая хадзіла ў адзін зь дзіцячых садкоў гораду, памерла ў лякарні. Гарадзкія ўлады зьбіралі адмысловую прэс-канферэнцыю з гэтай нагоды.
Пра сьмерць 5-гадовага хлопчыка, якая адбылася 25 сьнежня, стала вядома 30 сьнежня. Ён разам з маці і бабуляй жыў у вёсцы Каменка Бабруйскага раёну. Хлопчыку стала дрэнна пасьля наведваньня дзіцячага садка. Маці выклікала хуткую, аднак выратаваць дзіця не ўдалося.
Як паведаміла Свабодзе афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту ў Магілёўскай вобласьці Анастасія Лаўрыновіч, сьледчыя працуюць над высьвятленьнем прычын сьмерці дзяцей. Паводле папярэдняй вэрсіі, выпадкі не зьвязаныя паміж сабой.
«Што да сьмерці 5-гадовага хлопчыка ў вёсцы Каменка 25 сьнежня, Бабруйскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку, — паведаміла Анастасія Лаўрыновіч. — Сьмерць хлопчыка ня носіць крымінальнага характару. Прызначана судова-мэдычная экспэртыза, якая можа доўжыцца месяц. Тое самае тычыцца і сьмерці двухгадовай дзяўчынкі 26 сьнежня — таксама праводзіцца судова-мэдычная экспэртыза».