Прэзыдэнт Іраку Бархам Саліх 26 сьнежня падаў парлямэнту прашэньне аб адстаўцы, паведамляе тэлеканал «Аль-Арабія». Адстаўку таксама пацьвярджае іранскае агенцтва Mehr News. Зараз менавіта парлямэнт павінен пазбавіць Саліха яго пасады.
У краіне ад кастрычніка ідуць пратэсты на тле цяжкай эканамічнай сытуацыі. Паводле Reuters, перад адстаўкай Саліх заявіў, што «хутчэй пакіне сваю пасаду, чым прызначыць прэмʼерам палітыка, якога падтрымлівае Іран, і які будзе адрынуты пратэстоўцамі». У заяве Саліха таксама было сказана, што, паколькі Канстытуцыя краіны не дае яму права адхіляць кандыдатуру на пасаду прэмʼер-міністра, ён гатовы неадкладна падаць у парлямэнт прашэньне аб адстаўцы .
Саліх кажа пра Асада аль-Айдані, губэрнатара правінцыі Басра на поўдні Іраку. Яго вылучыў на пасаду прэмʼера прадстаўлены ў парлямэнце праіранскі блёк Binaa.
Масавыя пратэсты пачаліся ў кастрычніку ў шыіцкіх гарадах на поўдні краіны і ў ваколіцах Багдаду, а іх асноўнай прычынай стала масавае беспрацоўе, карупцыя ўладаў, пастаянныя перапынкі падачы вады і электрычнасьці ды іншыя эканамічныя праблемы. Большасьць пратэстоўцаў — маладыя людзі, якія гадамі ня могуць знайсьці працу пасьля заканчэньня ВНУ.
Але паступова пратэсты набылі антыіранскі характар, а пратэстоўцы пачалі патрабаваць перагляду ўсёй палітычнай сыстэмы Іраку. Паводле розных праваабарончых арганізацыяў, больш за 450 чалавек былі забітыя падчас задушэньня пратэстаў.
У канцы лістапада прэмʼер Іраку Адэль Абдэль Махдзі сышоў у адстаўку, прызнаўшы, што ўлады ня ў стане справіцца з сытуацыяй.