У кастрычніку 2019 году сярэдні заробак у Беларусі быў амаль на 23% ніжэйшы за сярэдні заробак у Расеі. Гэта вынікае з разьлікаў спэцыялістаў Нацбанку Беларусі, апублікаваных у аналітычным аглядзе асноўных тэндэнцый у эканоміцы і грашова-крэдытнай сфэры.
Сярэдні заробак у Беларусі на 22,8% ніжэйшы, чым у Расеі, але на 7,9 % і 26,4% вышэйшы, чым у Казахстане і Ўкраіне адпаведна, сьведчаць разьлікі спэцыялістаў Нацбанку.
Паводле іх, намінальны налічаны сярэднямесячны заробак у кастрычніку 2019 году склаў:
- у Беларусі — 1123,4 беларускага рубля,
- у Расеі — 1455 беларускіх рублёў,
- у Казахстане — 1041 беларускі рубель,
- ва Ўкраіне — 889 беларускіх рублёў (*паводле афіцыйнага курсу нацыянальных валют да беларускага рубля).
У лістападзе 2019 году прэм’ер-міністар Сяргей Румас заявіў, што ў 2020 годзе сярэдні заробак павялічыцца да 1162 рублёў. Сярэдні заробак бюджэтнікаў плянуюць давесьці да ўзроўню 80% ад сярэдняй зарплаты, пэнсіі — каля 40% ад сярэдняга заробку. Таксама, паводле Румаса, урад цяпер працуе над павышэньнем заробкаў нізкааплатных катэгорый грамадзян.