Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч і Паліенка зладзілі акцыю да гадавіны Плошчы-2010 у Менску. ФОТА


Мікалай Статкевіч падчас акцыі
Мікалай Статкевіч падчас акцыі

Актывіст Зьміцер Паліенка зь сябрамі-анархістамі паставілі зьнічы ля Чырвонага касьцёла ў Менску. У акцыі таксама ўзялі ўдзел былы кандыдат на прэзыдэнта палітык Мікалай Статкевіч і актывісты ягонай партыі «Народная Грамада».

Усяго каля Чырвонага касьцёла сабраліся да 20 актывістаў і журналісты. Міліцыянты ў цывільным сачылі за падзеямі, але ня ўмешваліся.

Мікалай Статкевіч заявіў, што Плошча-2010 паўторыцца ў 2020 годзе і будзе пераможнай. На думку Статкевіча, улады ў Маскве ўзялі курс на зьмену кіраўніка Беларусі на іншую, больш ляяльную Крамлю фігуру.

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Палітык кажа, што беларусы самі мусяць зьмяніць Лукашэнку, інакш ён здасьць незалежнасьць краіны. Сам Статкевіч спадзяецца дайсьці да Плошчы-2020 і ўпэўнены, што і акрамя яго знойдуцца маладыя лідэры.

Анархіст Зьміцер Паліенка з Настай Гусевай і іншымі актывістамі паклалі да скульптуры Сьвятога Юр’я каля Чырвонага касьцёла партрэты праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, асуджанага за бойку зь міліцыянтам Сьвятаслава Барановіча, асуджаных у «справе антыфашыстаў» Ільлі Валавіка і Вадзіма Бойкі і анархіста Мікіты Емяльянава, — усіх іх актывісты лічаць палітычнымі вязьнямі.

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

«Мікіту абвінавачваюць у тым, што запляміў чырвонай фарбай будынак Менскага гарадзкога суду на знак пратэсту. Яго трымаюць на Валадарцы ўжо некалькі месяцаў. Цяпер ён кінуты ў карцар і абвясьціў галадаваньне», — расказаў Зьміцер Паліенка.

Паводле актывіста, сёньня ён, акрамя салідарнасьці з палітвязьнямі, дэманструе павагу да людзей, якія 9 гадоў таму выйшлі на Плошчу на знак пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Праз 20 хвілін пасьля запальваньня зьнічоў актывісты разышліся. Пра затрыманьні пакуль невядома, на плошчы каля касьцёла затрыманьняў пэўна не было, але ці дабяруцца актывісты дамоў, невядома.

На адным з аркушаў паперы, які паклалі да скульптуры разам са зьнічамі, напісана:

«Лукашэнка — баста! Палітвязьням — свабоду!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG