У той самы момант, калі ў Палаце прадстаўнікоў пачалася падрыхтоўка да галасаваньня па абодвух артыкулах імпічмэнту ў дачыненьні да прэзыдэнта, Дональд Трамп прыбыў у Мічыган, каб правесьці сустрэчу з прыхільнікамі ў рамках выбарчай кампаніі, піша «Голас Амэрыкі». Прэс-сакратарка Трампа паведаміла аб прыбыцьці прэзыдэнта ў Батл-Крык каля 19.00 паводле мясцовага часу.
«Пакуль дэмакраты нясуць лухту пра імпічмэнт, прэзыдэнт Трамп знаходзіцца тут, каб наўпрост пагутарыць з амэрыканскім народам», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратаркі Белага дома Стэфані Грышэм, апублікаваным у «Твітэры».
Большую частку сёньняшняга дня прэзыдэнт прысьвяціў публікацыі і рэпосту паведамленьняў у «Твітэры», камэнтуючы дэбаты ў Палаце прадстаўнікоў напярэдадні галасаваньня аб імпічмэнце.
«Ці можна паверыць у тое, што сёньня леварадыкальныя дэмакраты, якія нічога ня робяць, абвесьцяць мне імпічмэнт, у той час як я не зрабіў нічога дрэннага!» — гаворыцца ў адным з 45 твітаў, апублікаваных Дональдам Трампам у дзень перад імпічмэнтам. Прэзыдэнт папрасіў сваіх прыхільнікаў маліцца за яго.
У вырашальны вечар галасаваньня аб імпічмэнце Трамп вырашыў сустрэцца са сваімі прыхільнікамі ў адным іх найважнейшых штатаў з «тых, што вагаюцца», Мічыгане, дзе ў 2016 годзе прэзыдэнт атрымаў перамогу над дэмакраткай Гілары Клінтан.