Якімі падарункамі абменьваліся кіраўнікі Беларусі і Расеі напярэдадні няпростых перамоваў аб інтэграцыі ды што яны маглі азначаць. Свабода сабрала зьвесткі пра падарункі і нагадала, пры якіх умовах адбываўся абмен прэзэнтамі.
«У кожнага свая гісторыя»
Сьнежань 2019 году. У Менску пратэстуюць супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Аляксандар Лукашэнка ў Сочы на перамовах з Уладзімірам Пуціным гэтую інтэграцыю абмяркоўвае. У Сочы ён прыяжджае не з пустымі рукамі: горадзенскія бастурма і паляндвіца, сыравэнджаная каўбаса «Ў кожнага свая гісторыя», сыр, цукеркі ад «Камунаркі», хрэн «Залатая кропля», гарчыца і бутэлька нейкай вадкасьці.
Пуцін наўзамен падарыў Лукашэнку самавар. Гэта ўжо другі самавар ад прэзыдэнта Расеі.
Што папярэднічала сустрэчы:
- Забарона ўвозіць у Расею шэраг беларускіх тавараў
- Рэзкія выказваньні Лукашэнкі — «на храна такі саюз»
- Нявырашаныя спрэчкі пра кампэнсацыю за брудную нафту і падатковы манэўр
- Спрэчкі вакол цаны на нафту і газ для Беларусі
Чатыры мяхі бульбы і сала
Сьнежань 2018 году. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаюцца амаль перад самым Новым годам, 29 сьнежня ў Маскве. Лукашэнка дорыць Пуціну чатыры мяхі бульбы да сьвяточнага стала, а таксама сала. Прычым, як пазьней казала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, кожны гатунак бульбы — пад спосаб яе прыгатаваньня. Нешта трэба смажыць, нешта для дранікаў. Што Пуцін падарыў Лукашэнку, засталося за кадрам.
Што папярэднічала сустрэчы:
- Нарастаньне праблемаў у гандлі паміж Расеяй і Беларусьсю
- Спрэчкі аб цане на расейскі газ для Беларусі
- Чарговыя забароны на пастаўкі беларускіх тавараў у Расею
«Анёл-ахоўнік» для Пуціна
Жнівень 2018 году. Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца ў Сочы і абменьваюцца падарункамі. Пуцін атрымоўвае ад кіраўніка Беларусі абраз «Анёл-ахоўнік». Як высьветлілі пазьней журналісты, ён мог быць зроблены ўкраінскімі майстрамі. Ад Пуціна Лукашэнка атрымаў карціну на тканіне ад уральскіх майстроў.
Пасьля перамоваў Лукашэнка не застаўся глядзець турнір самба разам з Пуціным, хоць раней такія пляны меў.
Што папярэднічала сустрэчы:
- Нявырашаныя пытаньні паставак беларускіх прадуктаў у Расею
- Лукашэнка абвінаваціў Расею ў «барбарскім падыходзе» да Беларусі
- Лукашэнка заявіў, што Расея ў Эўразійскім саюзе «парушае дамоўленасьці»
«Лютаўскае неба» Санкт-Пецярбургу ўлетку
Чэрвень 2018 году. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаюцца ў Менску. Лукашэнка дорыць расейскаму прэзыдэнту карціну з выявай Санкт-Пецярбургу. Гэта карціна беларускага мастака Васіля Пешкуна «Лютаўскае неба», каштуе да тысячы даляраў.
У адказ Лукашэнка атрымаў ад Пуціна самавар з эмблемай чэмпіянату сьвету ў футболе, які ў той год праходзіў у Расеі.
У мінулыя, не такія вострыя на інтэграцыю гады Лукашэнка і Пуцін таксама абменьваліся падарункамі, але ўвагу на гэтым дзяржаўныя каналы не акцэнтавалі. Напрыклад, вядома, што ў 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка падарыў Пуціну «супэрлёгкі хакейны шалом», калі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў гулялі разам у хакей.
Што папярэднічала сустрэчы:
- У разгары чарговая «малочная вайна» паміж Расеяй і Беларусьсю
- Расея цалкам можа забараніць увоз беларускага малака
- Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка заклікаў шукаць новыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі