Міністар унутраных спраў Расеі Ўладзімір Калакольцаў паведаміў, што з красавіка 2019 году расейскія пашпарты атрымалі каля 125 тысяч чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».
Паводле Калакольцава, агулам у пункты прыёму дакумэнтаў у Растоўскай вобласьці паступіла больш за 160 тысяч заяў на атрыманьне расейскага грамадзянства.
Указ аб спрошчаным парадку выдачы расейскага грамадзянства жыхарам тэрыторый, якія кантралююцца сэпаратыстамі «ДНР» і «ЛНР», падпісаў сёлета ў красавіку прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У ліпені ён распаўсюдзіў дзеяньне ўказу на ўсіх жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.
Урад Украіны прызнаў незаконнымі расейскія пашпарты, выдадзеныя паводле гэтай працэдуры. З аналягічнымі заявамі выступілі ўлады Канады і прадстаўнікі Эўразьвязу.
У адказ прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі спрасьціў працэдуру атрыманьня ўкраінскіх пашпартоў грамадзянамі Расеі, калі тыя падвяргаліся «перасьледу паводле палітычных перакананьняў» ці падтрымлівалі «нацыянальную бясьпеку і абарону Ўкраіны».