У цэнтры Кіева днём 7 сьнежня пачалася акцыя пратэсту «Беларусь — не Расея», якую ладзяць грамадзкія беларускія і ўкраінскія арганізацыі.
Ініцыятары акцыі за два дні паведамілі гарадзкім ўладам аб намеры правесьці акцыю пратэсту. Ва Ўкраіне калі суд не забараняе правядзеньне акцыі, яна лічыцца санкцыянаванай. Гарадзкія ўлады не выдаюць адмысловы дазвол на правядзеньне мітынгаў, у адрозьненьне ад Беларусі.
Да акцыі далучыліся ўкраінскія валянтэры і беларускія добраахвотнікі. У той жа час да іх падыходзілі іншыя грамадзяне Ўкраіны, абураныя беларускай акцыяй: «Якая нам справа да Беларусі? У нас сваіх праблемаў хапае».
«Няма больш блізкага народу, чым беларускі, — казаў Юрко Сірацюк, дэпутат Кіеўскай рады ад партыі «Свабода». — Але паглынаньне Расеяй Беларусі — гэта пагроза і Ўкраіне. І мы мусім ціснуць на нашу ўладу, каб дапамагаць беларускай нацыі. І дапамагаць ім у барацьбе за незалежнасьць, як яны дапамагалі нам, калі гінулі за нашу незалежнасьць на Майдане і Данбасе».
Пасьля невялікага мітынгу на Майдане Незалежнасьці, удзельнікі пайшлі шэсьцем да беларускай амбасады ў Кіеве.
Па шляху да амбасады Беларусі ва Ўкраіне ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць журналіста Паўла Шарамета на месцы ягонай гібелі. Шэсьце адбывалася пад лезунгі «жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!» і «Расея — гэта вайна».
Пад амбасадай, якая сёньня ахоўвалася ва ўзмоцненым рэжыме, актывісты спалілі расейскі дзяржаўны сьцяг і партрэт кіраўнікоў Расеі і Беларусі Пуціна і Лукашэнкі.
Тым часам у Менску ідзе несанкцыянаваная акцыя пратэсту. На наступныя дні заплянаваныя акцыі беларусаў у Вільні, Празе і Нью-Ёрку, гучаць заклікі паўтарыць і менскую акцыю.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»