Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны выклікала пасла Казахстану пасьля заявы Такаева пра Крым


Будынак Міністэрства замежных справаў Украіны ў Кіеве
Будынак Міністэрства замежных справаў Украіны ў Кіеве

5 сьнежня пасол Рэспублікі Казахстан ва Ўкраіне Самат Ардабаеў быў запрошаны ў Міністэрства замежных справаў Украіны.

«З украінскага боку была выказана занепакоенасьць у сувязі з тым, як ўспрымаецца пазыцыя Казахстану адносна спробы Расеі незаконна анэксаваць ўкраінскі Крым, апублікаваная на расейскамоўнай вэрсіі вэб-старонкі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Нямеччыны Deutsche Welle», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як зазначае МЗС Украіны, абодва бакі пацьвердзілі сваю цьвёрдую прыхільнасьць прынцыпам узаемнай павагі незалежнасьці, дзяржаўнага сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласьці і непарушнасьці межаў, зафіксаваных ў заключанай у 1994 Дамове аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Украінай і Рэспублікай Казахстан.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што не называе анэксіяй падзеі, якія адбыліся ў Крыме ў 2014 годзе, калі Расея заявіла пра «далучэньне» ўкраінскага паўвострава да сваёй тэрыторыі. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Deutsche Welle.

«Мы не называем тое, што адбылося ў Крыме, анэксіяй. Тое, што адбылося, тое адбылося. Анэксія — гэта занадта цяжкае слова адносна Крыму», — адзначыў прэзыдэнт Казахстану.

Пасьля анэксіі Крыму Расеяй ў 2014 годзе МЗС Казахстану ў сваёй заяве адзначыла, што «Казахстан зноў падкрэсьлівае сваю прыхільнасьць фундамэнтальным прынцыпам міжнароднага права ў адпаведнасьці са Статутам ААН» і, што ў Казахстане «з разуменьнем ставяцца да рашэньня Расейскай Фэдэрацыі ў тых умовах, што склаліся».

Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі эканамічныя санкцыі. Не прызнала далучэньне Крыму да Расеі і Беларусь. Расея адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку акупацыі Крыму і Севастопалю Расеяй 20 лютага 2014.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG