Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пайшлі грошы, сабраныя на перапахаваньне Каліноўскага


Шэсьце да могілак Росы, дзе перапахавалі паўстанцаў Каліноўскага, 22 лістапада
Шэсьце да могілак Росы, дзе перапахавалі паўстанцаў Каліноўскага, 22 лістапада

Выдаткі беларускага грамадзкага камітэту на перапахаваньне паўстанцаў 1863–1864 гадоў склалі 1757,61 эўра. Пра гэта сьведчыць справаздача, якую апублікаваў Эдуард Пальчыс у сваім фэйсбуку.

Колькі грошай сабралі? 2 672 эўра атрымаў Беларускі грамадзкі камітэт ушанаваньня памяці паўстанцаў з улікам камісій, канвэртацый і падаткаў. Грошы зьбіралі праз Facebook і PayPal.

Колькі грошай патрацілі? 1757,61​ эўра. Выдаткі пайшлі на:

  • 562,64 эўра — на вянкі, кветкі і лямпадкі;
  • 543 эўра — на вялікія і малыя бел-чырвона-белыя сьцягі, бел-чырвона-белую стужку і значкі;
  • 220 эўра — на арэнду залі і апаратуры для паэтычна-гістарычнай «Містэрыі»;
  • 90,75 эўра — на друк улётак і праграмаў;
  • 60 эўра пайшло ў якасьці ахвяраваньняў на набажэнствы;
  • 40 эўра — на падрыхтоўку відэа;
  • 32,42 эўра — на транспартныя паслугі па Вільні;
  • 60,50 эўра — на бухгалтарскія паслугі;
  • 148,72 эўра — на дапамогу ў арганізацыі канцэрта гурта «Dzieciuki».

Што будзе з грашыма, якія засталіся? У камітэта засталіся 913,97 эўра. Паводле Кірыла Атаманчыка, сябры камітэта вырашылі накіраваць іх на аднаўленьне некаторых беларускіх пахаваньняў на могілках Росы, а таксама на рэстаўрацыю памятных шыльдаў Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу і Рыгору Шырме ў Вільні.

Што за камітэт зьбіраў грошы? У камітэт уваходзілі грамадзкія дзеячы Беларусі, прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой, у тым ліку зь Вільні. Узначальваў камітэт доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

XS
SM
MD
LG