На адкрытых слуханьнях у Кангрэсе ЗША ў рамках расьсьледаваньня аб магчымасьці імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа ў аўторак маюць выступіць адразу чатыры сьведкі.
Палата прадстаўнікоў вывучае пытаньне аб тым, ці аказваў Трамп ціск на ўлады Ўкраіны з мэтай нашкодзіць свайму палітычнаму апанэнту, былому віцэ-прэзыдэнту і магчымаму кандыдату ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэну. У цэнтры расьсьледаваньня — пытаньне пра тое, ці была наўпрост зьвязана замарозка вайсковай дапамогі Кіеву з боку ЗША з патрабаваньнем да ўкраінскіх уладаў расьсьледаваць дзейнасьць сына Байдэна ва Украіне.
Удзень у аўторак перад камітэтам Палаты прадстаўнікоў па выведцы выступаюць падпалкоўнік Аляксандр Ўіндман, супрацоўнік Рады нацыянальнай бясьпекі, які быў сьведкам тэлефоннай размовы Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 25 ліпеня, а таксама Джэніфэр Ўільямс, памочніца віцэ-прэзыдэнта Майкла Пэнса.
Увечары ў аўторак камітэт заслухае яшчэ двух сьведак — былога спэцпрадстаўніка ЗША ва Ўкраіне Курта Волкера і супрацоўніка Белага дому Тыма Морысана.