Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што пагрозы забойствам і запалохваньні зьяўляюцца часткай «чачэнскай этыкі». Пераклад ягоных слоў апублікавала выданьне «Каўказскі вузел».
5 лістапада на чачэнскім тэлеканале «Грозны ТБ» паказалі запіс пасяджэньня ўраду Чачні, падчас якога Кадыраў абрынуўся на «тых, хто парушае згоду паміж людзьмі, пляткарыць, чыніць разлад». «Калі мы не спынім такіх людзей, не заб’ём іх, не пасадзім, не напалохаем, у нас нічога не атрымаецца», — папярэдзіў Кадыраў.
Пасьля гэтага ён заклікаў спэцслужбы, паліцыю, рэгіянальныя ўлады і грамадзкія арганізацыі выяўляць тых, хто «абражае гонар» у інтэрнэце, і перасьледаваць іх, «нават калі для гэтага будуць парушаныя ўсе законы»: «Няхай увесь сьвет гарыць сінім полымем, — таксама заявіў ён. — Мы не пакінем у спакоі тых, хто закранае гонар».
Цяпер кіраўнік Чачні сьцьвярджае, што ён казаў гэтыя фразы, раззлаваўшыся, а іх нібыта «паспрабавалі скрывіць».