Намесьнік старшыні Цэнтрвыбаркама, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў пракамэнтаваў журналістам сытуацыю з пазбаўленьнем акрэдытацыі 35 назіральнікаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) у Бабруйску напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, паведамляе БелаПАН.
На прэс-канфэрэнцыі 17 лістапада ён заявіў, што з самага пачатку выбарчай кампаніі Цэнтрывыбаркам «зьвяртаў увагу на неабходнасьць строгага выкананьня заканадаўства». Гэта датычылася «самых розных элемэнтаў выбарчай кампаніі — фармаваньня ініцыятыўных груп, рэгістрацыі ў якасьці кандыдата», сказаў Іпатаў.
«Часам такія, на першы погляд нязначныя, пытаньні вельмі сурʼёзна ўплываюць на рэалізацыю норм на практыцы», — падкрэсьліў ён.
«У дадзенай сытуацыі, наколькі я ў курсе, пытаньне пазбаўленьня акрэдытацыі зьвязанае перш за ўсё з тым, што не былі аформленыя дакумэнты, якія неабходна падаваць у выбарчую камісію ўстаноўленым чынам, — заявіў Іпатаў. — Што я маю на ўвазе: партыя накіроўвае сваіх назіральнікаў, на сваім сходзе яны дэлегуюць гэтых назіральнікаў. Складаецца пратакол, пратакол павінен падпісвацца старшынёй і сакратаром камісіі. У дадзенай сытуацыі ўсё рабілася сьпехам. Прозьвішча сакратара стаіць адно, а подпіс — іншага чалавека».
Усяго, паводле слоў Іпатава, ад палітычных партый у асноўны дзень галасаваньня на выбарах у парлямэнт працуе 3.073 назіральнікі, ад грамадзкіх абʼяднаньняў — 30.769, замежных міжнародных назіральнікаў — 1.030.
На сайце адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска разьмешчанае рашэньне акруговай выбарчай камісіі Бабруйскай-Ленінскай акругі № 78 аб пазбаўленьні акрэдытацыі 35 назіральнікаў ад АГП. У ім гаворыцца, што Бабруйскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз правёў аналіз дакумэнтаў аб накіраваньні згаданых назіральнікаў для работы ў акрузе. Як сьцьвярджаецца, у выніку аналізу было ўстаноўлена, што ў выпісках з пратакола пасяджэньня савета Бабруйскай арганізацыі АГП аб накіраваньні назіральнікаў на ўчасткі для галасаваньня ў акрузе № 78 подпісы ад імя кіраўніка арганізацыі Дзяніса Худаўца «выкананыя іншай асобай».
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».