Удзельнікі сходу свабодных людзей, які пачаўся а 18-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску, прыйшлі на плошчу Незалежнасьці да будынку Цэнтравыбаркаму.
Тут кандыдаты ў дэпутаты ад «Эўрапейскай Беларусі», а таксама Алена Талстая спалілі свае пасьведчаньні і такім чынам засьведчылі, што здымаюцца з выбараў.
Пад час шэсьця з фаерамі па праспэкце Незалежнасьці ўдзельнікі скандавалі «Фальшывым выбарам — баста», «Астравецкай АЭС — баста», «Лукашэнку — баста», «Расейскай акупацыі — баста».
Супрацоўнікі ў цывільным напалі на тых, хто ішоў у галаве калёны. Яны выхапілі фаеры з рук удзельнікаў, напалі на журналістаў, пашкодзілі відэаапаратуру, адабралі гукаўзмацняльную тэхніку ў арганізатараў.
Павал Севярынец сказаў, што супрацоўнікі міліцыі «справакавалі небясьпечную сытуацыю на праезнай частцы і такім чынам спрабуюць зрабіць карцінкі выгадныя Маскве». Паводле Севярынца, супрацоўнікі міліцыі «ледзь не зламалі руку чалавеку, які трымаў фаер».
Паводле Міколы Статкевіча, акцыя скончылася без затрыманьняў.
«У Беларусі няма выбараў, ёсьць рытуал»
«У Беларусі няма выбараў. Ёсьць рытуал пацьвярджэньня рэжымам паўнамоцтваў, юрыдычнай легітымнасьці сваіх інстытутаў. Калі палітычная апазыцыя пачынае браць удзел у гэтых рытуалах па іх правілах, то яна проста дапамагае ўладзе гэта зрабіць», – сказаў карэспандэнту Свабоды пасьля акцыі Мікола Статкевіч.
Паводле Статкевіча і ўлады, і апазыцыя рыхтуюцца да наступнай прэзыдэнцкай кампаніі, «падчас якой стаўленьне людзей зусім іншае».
«То бок там будзе ўсе па сур’ёзнаму і мы напрацавалі свае каманды, пэўныя тактыкі. Улада паспрабуе некаторыя зь іх заблякаваць. Тады мы будзем рыхтаваць на апярэджаньне новыя тактыкі», – сказаў палітык.