Асечка
Арнольда не засьпеў. Ноч прачакаўшы, пайшоў да Соні.
— Зьехаў… Гляджу — сьвятло ў настаўніцкай, Арнольд. Занэрваваўся… выйшаў… вярнуўся: «Ідзі дадому…» А потым прыбег: «еду ў Менск»… Слухай, схадзі ў настаўніцкую, там чамусьці стрэльба… нешта я зь ёй нарабіла…
У настаўніцкай дробнакалібэрка на канапе. Затвор зачынены. На падлозе паблісквае цэлы патрон.
…Праз гады Арнольд на добрым падпітку распавёў мне пра той выпадак: «…Бог уратаваў… Калі б не асечка…»
«Калі б не Соня, — захацелася ўдакладніць. — Выкінула патрон…»
А, можа, і Бог.
…Ажаніліся Арнольд і Соня ў траўні 1964-га. А здарылася «асечка» ў ноч на 23 лістапада 1963 году, калі быў забіты Джон Кенэдзі.
Сяргей Ваганаў
***
Пэрформэр
«Халтама!» — сказала цёшча, калі ў калгасным доміку зьявіўся новы сусед. «Абжываньне» пачаў, укапаўшы чатыры слупкі агароджы і прыхапіўшы мэтар чужой зямлі. Сярод двара выкапаў ямку (пад басэйн!) ды скідваў туды ламачча. «Пэрформэр-аматар» — падумаў я, калі аднойчы ў двары ён падпаліў газавы балён. Полымя шуганула мэтраў на дзесяць, нарабіўшы пярэпалаху. Аднойчы прывёз машыну гною, згрузіўшы на мяжы так, што большая частка апынулася на нашым гародзе. Засталося незразумела — акт агрэсіі ці п’яная дабрачыннасьць? Год вісеў на вуліцы чырвоны кілім — «мастацкая акцыя» ці непатрэбная рэч?
Гэтай восеньню «пэрформэр» зьнік, кажуць, выгналі з калгасу — «дальнябоіць» і дзівачыць недзе на нямецкіх дарогах…
Васіль Аўраменка
***
Настаўніца першая мая
Школьны альбомчык з гэтым надпісам я берагу ўсё жыцьцё і, бачыць Бог, ніколі не трымаў на сваю настаўніцу крыўды за тую двойку па беларускай дыктоўцы. Старонка ў маім сшытку чырванела мэнтарскім чарнілам, я чырванеў ад сораму, а прыйшоўшы са школы, заліўся сьлязьмі і нэрвозна выдзер са сшытка ненавісны лісток. За гэтым актам вандалізму застала мяне мая мама і расплакалася разам са мною…
Толькі на старэйшых курсах унівэрсытэту я ўцяміў, што зрабіў тады ўсяго адну памылку: у словах зь мяккім «ц» напісаў «т», як вынік рускамоўнага сямейнага выхаваньня.
Але ня мы судзьдзі нашым настаўнікам, якія атрымалі адукацыю ў дрымучы пасьляваенны час!
Лявон Лагута
***
Даліда
Француская сьпявачка італьянскага паходжаньня. Яна — адна зь «іх», для якіх апошняй канстатацыяй стала фраза «жыцьцё — невыноснае».
Дзяўчынкай жыла у вельмі беднай сям’і, а праз гады, сваім талентам і голасам заваявала сусьветную славу, узышла на вяршыню. Шмат хто марыць аб такой вядомасьці, прэстыжных прэміях, багацьці, захапленьні прыхільнікаў, сусьветных турнэ. Дасягаюць гэтага толькі адзінкі, абраныя.
І раптам… добраахвотны сыход у іншы сьвет.
Калісьці ў мяне спыталі: «У чым радасьць жыцьця?».
О, як доўга можна адказваць на гэта.
Вікторыя Грыніна
***
Мова нянавісьці?
Абмежаваных імкнуся любіць.
Абмежаванасьці не ўхваляю.
Балбатуноў і брахлівых імкнуся любіць.
Ды брэх, балбатаньне… — агідныя мне.
Вычварэнцаў хачу палюбіць
Ды яны мне не даспадобы.
Драматызуючых заклапочанасьць
сэксуальную і ня толькі
і зразумець і любіць імкнуся.
Ды драматызм той лічу залішнім.
Драпежнікаў, ведаю, варта любіць.
Ды пазьбягаю драпежнасьці.
Мацяршчыньнікаў прагну любіць.
Ды вароціць мяне ад мату.
Падлюкаў неяк імкнуся любіць.
Ды дзейнасьць лічу іх шкоднаю.
Хціўцаў ды хлусаў імкнуся любіць.
Ды хлусьня і хцівасьць — заганныя.
Шантажыстаў любіць імкнуся.
Ды шантаж палюбіць — не прымусіць.
Імкнуся ўсіх любіць.
Толькі любоў мая не безразьмерная…
Андрэй Мельнікаў
***
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org
«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.