Кіеўскі апэляцыйны суд 13 лістапада вызваліў з-пад варты Барыса Германа, меркаванага арганізатара замаху на расейскага блогера Аркадзя Бабчанку. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзілі ў прэс службе пракуратуры Кіеўскай вобласьці.
Суд ухваліў апэляцыйную скаргу адвакатаў Германа, якія патрабавалі вызваліць іх падабароннага з турмы па стане здароўя.
Увечары 29 траўня стала вядома, што ў Кіеве нібыта забілі расейскага апазыцыйнага журналіста Аркадзя Бабчанку. 30 траўня старшыня СБУ Васіль Грыцак паведаміў, што журналіст жывы. СБУ затрымала грамадзяніна Ўкраіны Барыса Германа, якога, па дадзеных СБУ, для арганізацыі забойства нанялі расейскія спэцслужбы.
Аркадзь Бабчанка пакінуў Расею ў лютым 2017 года. Ён тлумачыў рашэньне зьехаць з Расеі інфармацыяй пра магчымасьць адкрыцьця крымінальнай вытворчасьці ў дачыненьні да яго.
3 лістапада Бабчанка пакінуў тэрыторыю Ўкраіны.