Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь — хісткі дом на расейскіх падпорках». Чаму гомельскі вундэркінд зьехаў вучыцца ў Польшчу


Максім Мішчанка
Максім Мішчанка

У 9 год ён стварыў групу «Ўкантакце» пра дзейнасьць ЦРУ. У 13 — прамаўляў нароўні з дарослымі апазыцыянэрамі. У 14 завязаў перапіску з прэзыдэнтамі эўрапейскіх краін. У 15 самастойна зьехаў вучыцца ў Польшчу. «З маёй грамадзянскай пазыцыяй і ня ў межах БРСМ тут не прабіцца», — кажа Максім Мішчанка.

Свабода пагутарыла зь юнаком, які атрымлівае эўрапейскую адукацыю, каб стаць палітыкам, мытнікам ці пракурорам.

Максім Мішчанка скончыў 9 клясаў сярэдняй школы ў Гомлі. Яшчэ за год да гэтага вырашыў зьехаць вучыцца ў Польшчу. Самастойна вывучаў польскую мову. Для паступленьня і пераезду патрабавалася шмат дакумэнтаў — хлопец непаўналетні. Ён сам знайшоў у Польшчы законнага прадстаўніка — апекуна. Сабраў шматлікія паперкі, знайшоў перакладчыка афіцыйных дакумэнтаў — характарыстык, пасьведчаньняў, дазволу ад бацькоў, мэдычных даведак.

Максім Мішчанка
Максім Мішчанка

Цяпер Максім вучыцца ў ліцэі № 7 Любліна на гістарычна-прававым профілі. Самыя важныя прадметы — ангельская мова, гісторыя і грамадазнаўства. Ліцэй рыхтуе да паступленьня ва ўнівэрсытэты на мытную ці пракурорскую справу, паліталёгію.

Падлетак марыць вучыцца пасьля ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве ці Каталіцкім унівэрсытэце ў Любліне. Хацеў бы мець дзьве спэцыяльнасьці — гістарычна-прававую і зьвязаную з мытнай справай.

Прадзед — паляк, прабабуля — крымская татарка

Максім кажа, што не ідэнтыфікуе сябе «менавіта беларусам», бо ў ім «зьмяшаліся розныя нацыянальнасьці».

«Прадзед быў палякам, а прабабуля — крымскай татаркай. Прадзеда расстралялі немцы. Прабабуля трапіла пад сталінскую дэпартацыю, яе вывезьлі ва Ўзбэкістан. Яна жывая, шмат мне апавядала ўсяго. Бабуля нарадзілася ва Ўзбэкістане. Яна 30 гадоў выкладала гісторыю — ва Ўзбэкістане, Расеі, Украіне. Дзякуючы ёй і маёй школьнай настаўніцы я апантана люблю гісторыю. Як я маю польскія карані, то вырашыў — чаму б не вучыцца ў Польшчы?», — кажа хлопец.

Ён дадае, што сумуе па гомельскіх сябрах, касьцёле і настаўніках, «але па Гомлі — ня надта».

Кубачак Максіма з «Пагоняй»
Кубачак Максіма з «Пагоняй»

Знайшоў апекуна празь перапіску з польскай настаўніцай

Для паступленьня ў ліцэй Максім старанна падрыхтаваўся. Але была праблема — узрост. Без законнага прадстаўніка — ніяк. Бацькі і бабуля Максіма жывуць у Гомлі.

«Я перапісваўся праз Facebook з настаўніцай гісторыі, якая выкладае ў люблінскім ліцэі. Падзяліўся зь ёй маёй праблемай. Да гэтага я расказваў ёй гісторыю сваёй сям’і, мы разважалі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Яна была ўзрушана. І нечакана прапанавала, каб яе муж Міраслаў быў маім апекуном! Гэтыя людзі мяне абсалютна ня ведалі! Але далі шанец вучыцца. Яны жывуць па прынцыпе, што дабро вяртаецца. Я з бацькамі сабраў усе дакумэнты — і паехаў. Да гэтага ніколі ня быў у Польшчы. Было страшна», — сьмяецца падлетак.

Пасьведчаньне ліцэіста Максіма Мішчанкі
Пасьведчаньне ліцэіста Максіма Мішчанкі

Страшна было і маці з бабуляй.

«Першым часам бабуля ледзьве ня плакала. Але цяпер, калі я прыехаў на канікулы і яны ўбачылі, што са мной усё ў парадку, — ганарацца. Бабуля ўсім — ад сантэхніка да суседзяў — расказала, што я вучуся ў Польшчы», — кажа Максім.

«Розьніца ў сыстэме адукацыі вялікая, асабліва ў маральным пляне»

Аднаклясьнікі сустрэлі Максіма прыязна. У клясе адзін хлопчык з Замбіі, адзін украінец і адзін беларус.

«Былі выбары старасты, і за мяне прагаласавалі больш як 67%. Блага ніхто ня ставіўся. Мне надта пашанцавала як з апекуном, так і з аднаклясьнікамі, і з настаўнікамі».

Хлопец кажа, што пабачыў вялікую розьніцу ў сыстэме адукацыі ў Польшчы і ў Беларусі — «у маральным пляне асабліва».

Максім Мішчанка
Максім Мішчанка

«Калі быў першы тэст па фізыцы, баяўся, што не напішу. Але атмасфэра была вельмі прыязная, не было такога напружаньня, хваляваньня, як у нас. Настаўнік казаў, што кожную адзнаку можа выправіць, што гэта ня самае важнае, што важна супакоіцца, і ў выніку я напісаў на 5 з 6, — кажа Максім. — З настаўнікамі мы на „вы“, ёсьць дыстанцыя, але няма страху. Са многімі зь іх у нас прыяцельскія стасункі. У размовах не баісься, каб падбіраць кожнае слова. Яны стараюцца дапамагаць», — кажа ліцэіст.

Паводле яго, выкладчыкі ў Польшчы амаль не выкарыстоўваюць дыктоўку, на занятках па гісторыі ўсё глядзяць на відэа.

«Важна, што вучаць ня толькі прадметам, але і таму, што такое чалавек, як наладжваць стасункі, як весьці перамовы, што азначаюць жэсты — каб чалавек быў падрыхтаваны і да жыцьця.

Мае аўтографы 10 прэзыдэнтаў

Ліст з офіса прэзыдэнта Вугоршчыны
Ліст з офіса прэзыдэнта Вугоршчыны

У 14 гадоў Максім вырашыў калекцыянаваць аўтографы прэзыдэнтаў розных краін. Пісаў па звычайнай пошце — і атрымліваў адказы. У некаторых лістах проста прасіў аўтограф — напрыклад, у прэзыдэнта Вугоршчыны. У іншых, як у лісьце да Анджэя Дуды, выказваў падтрымку і разважаў пра гісторыю Польшчы. У адказ прэзыдэнт Польшчы прыслаў нават два аўтографы — свой і жонкі, ліст з выразам удзячнасьці, што за мяжой жывуць такія разумныя маладыя палякі, і кнігу «100 польскіх патрыётаў».

Амбасадар Польшчы даслаў Максіму скрынку розных падарункаў.

Хлопец кажа, што з палітыкаў яму падабаецца прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо. Яму таксама пісаў — і атрымаў адказ.

Аўтограф прэм’ер-міністра Канады Джастына Трудо
Аўтограф прэм’ер-міністра Канады Джастына Трудо

Цяпер ён мае дзесяць аўтографаў розных прэзыдэнтаў. Дыктатарам Максім пісаць ня хоча.

«Пішу эўрапейскім палітыкам, бо ўпэўнены, што мной ніхто не зацікавіцца і па мяне ня прыйдуць», — жартуе падлетак.

«Уявіце, да якой ступені атрафавалася беларуская ўлада, калі яна баіцца дзяцей»

Максім марыць трапіць у моладзевы парлямэнт пры польскім Міністэрстве адукацыі.

«Мой прыяцель трапіў туды — стаў дэпутатам, адзін з дваіх чалавек ад ваяводзтва. А было 350 кандыдатур! Тут можна ўдзельнічаць у валянтэрскіх, палітычных, грамадзкіх арганізацыях. І твая грамадзянская пазыцыя цэніцца. Я на апошніх выбарах выказаўся за „Права і Справядлівасьць“. Мае аднаклясьнікі некаторыя падтрымлівалі мяне, іншыя казалі, што „Фу“. Але тут кожны можа выказаць сваю думку і не баяцца, што яму за гэта перападзе».

Максім Мішчанка падчас працы валянтэрам у моладзевым крыле партыі «Права і Справядлівасьць»
Максім Мішчанка падчас працы валянтэрам у моладзевым крыле партыі «Права і Справядлівасьць»

Максім распавёў, што ў Гомлі «усіх заганяюць у БРСМ», але ён не захацеў уступаць.

«Я быў у кантакце з „Маладым Фронтам“, удзельнічаў у пахаваньні маці героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, выступаў там. Мне за гэта нічога не было. А вось мой сябра атрымаў у школе праблемы, калі „Ўкантакце“ настаўнікі заўважылі, што ён рабіў перапосты з суполак „Мая Краіна Беларусь“ і „Радыё Свабода“. Яго фактычна прымусілі выдаляць тыя пасты. Уявіце, да якой ступені атрафавалася беларуская ўлада, калі яна баіцца дзяцей, васьміклясьнікаў, баіцца іх пастоў у сацыяльных сетках? Гэта вялікая магутная ўлада, зь сілавікамі, КДБ — а выступае супраць школьнікаў», — дзівіцца падлетак.

Ён узгадвае, як летась чыноўнікі ад адукацыі праводзілі ў школах праект «ШАГ» (Школа актыўнага грамадзяніна).

«Прыходзілі камуністы, старыя, і расказвалі, як яно павінна быць. І ўсіх з 8 па 11 клясу заганялі слухаць. І думаеш — ці табе спаць, ці выступіць і сказаць: «Ну якую лухту ты кажаш!», — заўважыў ліцэіст.

Максім з плякатам партыі «Права і Справядлівасьць»
Максім з плякатам партыі «Права і Справядлівасьць»

На апошніх выбарах у Польшчы ён паспрабаваў сябе ў якасьці валянтэра.

«Там рух, плякаты, рэкляма, банэры, людзі спрачаюцца — за каго хто будзе галасаваць? У Беларусь прыехаў — а што тут, выбары? Нейкія цьмяныя ўлёткі дзе-нідзе, цішыня. Вельмі панылыя і нецікавыя выбары», — кажа Максім.

Ён падтрымлівае ў Польшчы «Права і Справядлівасьць».

«У моладзевым крыле партыі „ПіС“ я пазнаёміўся з многімі добрымі, цікавымі людзьмі, прафэсіяналамі. Для мяне гэта істотна — стасункі з такімі людзьмі. Ня будзе ідэальнага ўраду, ніхто не пабудуе рай на зямлі — гэта дакладна. Але пакуль ПіС для мяне — адэкватная партыя», — разважае ліцэіст.

«Беларусь — хісткі дом на падпорках з расейскіх грошай»

Максім лічыць, што праблемы беларускай апазыцыі — разьяднанасьць, непамерныя амбіцыі, няўменьне згуртавацца, працаваць з тым інструмэнтам, які ёсьць.

На словы, што падлетак надта адукаваны для сваіх гадоў, Максім сьмяецца.

«Я не лічу сябе разьвітым чалавекам. Бо думкі, якія выказваю, павінны быць у кожнага грамадзяніна. А тое, што нават дзеці разумеюць, што ў краіне робіцца нешта нядобрае, — гэта вінавата сытуацыя ў краіне», — зазначае ліцэіст.

Пра вяртаньне ў Беларусь ён ня думае. Марыць атрымаць добрую эўрапейскую адукацыю.

«Тут трэба ўсё нанава будаваць. Беларусь — нібыта такі хісткі дом, які пакуль пабудавалі абы-як, на нетрывалым падмурку. Ён стаіць і хістаецца на падпорках з расейскіх грошай. Каб было нармальна — трэба ўсё зьнесьці і будаваць на новым падмурку. Гэта будзе вельмі цяжка, гэта вельмі складаны працэс. Ня думаю, што беларусы цяпер гатовыя на гэта», — лічыць Максім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG