Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія кандыдаты ў дэпутаты далучыліся да пратэсту супраць акумулятарнага заводу  


Адзіз зь мітынгаў супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр»
Адзіз зь мітынгаў супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр»

10 лістапада ў Берасьці адбыўся тэматычны мітынг «Не сьвінцоваму заводу!»​ кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Ірыны Амельянчук. Яна балятуецца па Берасьцейскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №2.

Як паведамляе БелаПАН, акцыя ў рамках перадвыбарнай агітацыйнай кампаніі Ірыны Амельянчук прайшла на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мітынг пачаўся выкананьнем песьні «Жыць» на музыку кампазытара Ігара Мацьвіенкі з народным тэкстам супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем.

У мітынгу бралі ўдзел прыкладна 150 чалавек, у тым ліку старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Людзі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і жоўтыя балёнікі са словам «Жыць» як сымбаль барацьбы супраць шкоднай вытворчасьці.

Алена Макарэвіч, якую не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты па Берасьцейскай Усходняй выбарчай акрузе №3, давераная асоба Ірыны Амельянчук, распавяла на мітынгу пра шматлікія парушэньні пры праектаваньні і будаўніцтве заводу. Яна нагадала, што гараджане вось ужо амаль два гады стаяць на варце закону. Аднак 22 месяцы ліставаньняў і хаджэньняў па інстанцыях паказалі, што ніводная дзяржаўная структура не зацікаўленая вырашаць пытаньні па сутнасьці.

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі закрыцьця заводу. Яна будзе накіраваная ў Савет міністраў, берасьцейскія абласны, гарадзкі і раённы выканкамы.

У той ж час на плошчы Леніна чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва прадпрыемства. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю, пачынаючы з 25 лютага мінулага году. Паводле актывіста Дзьмітрыя Бекалюка, гэтым разам выйшлі блізу 70 чалавек.

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы у СЭЗ «Брэст». Там плянуецца наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Жыхары горада і ваколіцаў лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG