Італія стане першай краінай сьвету, якая ўвядзе абавязковыя ўрокі па пытаньнях зьмены клімату і ўстойлівага разьвіцьця ў школах, заявіў міністар адукацыі краіны Лярэнца Фіярамонці.
Фіярамонці, палітык руху «Пяць зорак», які ўваходзіць у кааліцыю, якая кіруе ў Італіі разам з Дэмакратычнай партыяй, у верасьні заклікаў вучняў прапускаць школу падчас кліматычную акцыі пратэсту. Цяпер Фіярамонці абвясьціў, што ў наступным годзе ўсе дзяржаўныя школы будуць прысьвячаць 33 гадзіны заняткаў — амаль адзін урок на тыдзень — тэмам, зьвязаных са зьмяненьнем клімату.
«Я хачу, каб італьянская мадэль адукацыі па экалягічных і сацыяльных пытаньнях была ў цэнтры ўсяго, што выкладаецца ў школе», — дадаў ён.
42-гадовы Фіярамонці зьяўляецца аўтарам некалькіх кніг, у якіх ён сьцьвярджае, што ВУП больш не павінен выкарыстоўвацца ў якасьці паказчыка эканамічнага посьпеху краін сьвету.
Рух «Пяць зорак» называюць экалягічнай, папулісцкай і эўраскептычнай партыяй.
Міністар прапануе ўвесьці падаткі на авіябілеты, плястык і ласункі — атрыманыя такім чынам сродкі будуць накіраваны на адукацыю. Бюджэт, прадстаўлены ўрадам на 2020 год, прадугледжвае ўвядзеньне падатку на плястмасы і падатак на салодкія напоі.