Карпарацыя Google (частка канглямэрату Alphabet) пацьвердзіла пакупку кампаніі Fitbit за 2,1 млрд даляраў, паведамляе Fitbit у прэс-рэлізе. Google таксама паведамляе пра куплю. Угода мае быць закрытая ў 2020 годзе.
Заснаваная ў 2007 годзе, Fitbit найбольш вядомая вытворчасьцю разумных фітнэс-гадзіньнікаў і фітнэс-напульсьнікаў. Кампанія таксама вырабляе разумныя вáгі і праграмы, зьвязаныя са здаровым ладам жыцьця. Google называе кампанію «сапраўдным піянэрам» у гэтай сфэры.
Google сама займаецца падобнымі справамі: выпускае апэрацыйную сыстэму для разумных гадзіньнікаў Wear OS і праграму-трэкер Google Fit. Цяпер — з пакупкай Fitbit — карпарацыя бачыць магчымасьць выпускаць на рынак прылады «Made by Google».
Штат Fitbit налічвае амаль паўтары тысячы чалавек, зь якіх большасьць працуе ў ЗША. Адзіны замежны офіс кампаніі знаходзіцца ў Менску, там працуе каля 70 чалавек.
Сузаснавальнік кампаніі расказваў Tut.by, як у 2012 годзе зьявіўся офіс у Менску. Адзін з галоўных распрацоўнікаў кампаніі ў Сан-Францыска — беларус паводле паходжаньня. Калі паўстала пытаньне пашырэньня штату, ён прапанаваў зьвярнуць увагу на Беларусь, а кіраўнікам кампаніі спадабаўся ўзровень падрыхтоўкі тэхнічных спэцыялістаў у краіне.
У 2015 годзе Fitbit выводзіў свае акцыі на біржу па цане 32,5 даляра. Празь месяц цана акцыі дасягнула амаль 50 даляраў, але ў наступным годзе ўпала ніжэй за 20, праз год стабілізавалася ў раёне 5–6. Сёлета акцыі Fitbit упалі да 3 даляраў, але пасьля чутак пра пакупку Google падскочылі да 7.
Гэта ня першая пакупка Google, зьвязаная зь Беларусьсю: два гады таму Google купіў беларускі ІТ-стартап AIMatter — аўтараў праграмаў Fabby і Fabby Look.