Нацбанк Беларусі і Цэнтрабанк Расеі ўзгаднілі інтэграцыйныя «дарожныя мапы», прынцыпова дамовіўшыся аб гарманізацыі грашова-крэдытных палітык у асобных пытаньнях, заявіў кіраўнік Нацбанку Беларусі Павал Калавур, паведамляе Tut.by.
«І ў Беларусі, і ў Расеі павінен быць адзін рэжым манэтарнай палітыкі. Гэта таргетаваньне інфляцыі. У Расеі гэты рэжым ужо ўкаранёны, у Беларусі трэба будзе яго рэалізаваць», — сказаў кіраўнік Нацбанку.
Калавур адзначыў, што калі заканадаўства будзе прыведзена ў адпаведнасьць гэтаму рэжыму, то ён можа запрацаваць з 1 студзеня 2021 году.
«Другое, пра што дамовіліся — курсы нацыянальных валют павінны плаваць. Мэты ў інфляцыі (а цэнавая стабільнасьць і для нас, і для Цэнтрабанку Расеі — ключавое пытаньне) павінны быць блізкія», — заявіў ён.
На пытаньне, як Нацбанку ўдалося стабілізаваць рубель, Калавур адказаў ляканічна: «Сумесная з урадам адказная палітыка, загадзя прадугледжаная пяцігадовым плянам».
Павал Калавур падкрэсьліў, што размовы аб пераходзе на расейскі рубель ці нейкую наднацыянальную валюту «ні на чым не грунтуюцца».
«Гэтыя размовы бударажаць грамадзкасьць, фармуюць павышаныя інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні. Для такога роду выказваньняў ніякіх падстаў няма».