Усе беларускія праваслаўныя фурманы, забітыя ў 1946 годзе на Беласточчыне атрадам Рамуальда Райса «Бурага», па імёнах далучаныя да групы пакутнікаў Хэлмскіх і Падляскіх земляў. Так вырашылі біскупы Польскай праваслаўнай царквы.
Іх ушанаваньне прызначанае на дзень Іконы Заляшанскай Божай Маці, то бок у апошнюю суботу ліпеня. 31 студзеня 1946 «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак на Гайнаўшчыне — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія, на загад улады, паехалі ў пушчу на нарыхтоўку дроваў для школы.
Фурманоў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і згаварыць пацер па-польску, «Буры» адпусьціў дадому. А праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў. Рамуальда Райса камуністы злавілі ў 1948 годзе, судзілі ў Беластоку і павесілі пад канец 1949 году. У судзе «Буры» сваёй віны не прызнаў, звальваючы адказнасьць за спаленыя вёскі і забітых беларускіх сялянаў на свайго намесьніка.
Хэлмскія і падляскія пакутнікі — гэта быў зборны тэрмін для праваслаўных сьвятых пакутнікаў, кананізаваных 7 і 8 чэрвеня 2003 года Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Усе яны загінулі падчас Другой сусьветнай вайны. Большасьць зь іх былі забітыя польскімі партызанскімі атрадамі.